З педагагічнай нівы — на хлебную

- 10:29В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"
Ужо дзясяты год настаўнік­-дэфектолаг Олтушскага дзіцячага сада Наталля Ківачук у час летняга адпачынку працуе памочнікам камбайнера. У Маларыцкім раёне яна такая адзіная.

Шырокае жытнёвае поле сярод лесу ва ўрочышчы Дуброва паблізу вёскі Збураж Маларыцкага раёна. Сонца паволі хіліцца на захад, дзённая гарачыня патроху спадае. Поўным ходам ідзе ўборка збожжа. Шчыруюць некалькі камбайнаў, якія, нібы ка­раблі, павольна плывуць па полі. За штурвалам аднаго з іх — вопытны сямейны экіпаж Наталлі і Аляксанд­ра Ківачук.

Сёлетняя ўборачная кампанія для Наталлі Юр’еўны — дзясятая па ліку, а для яе мужа Аляксандра Сяргеевіча — ужо сямнаццатая. Сямейны экіпаж разам працуе пяты сезон. Першыя пяць сезонаў Наталля Ківачук шчыравала на хлебнай ніве з бацькам Юрыем Парчэўскім. Цяпер гэта адзіная жанчына ў раёне, якая працуе летам памочнікам камбайнера.

Камбайн “Тукана-430” спыняецца, па лесвіцы на пожню з усмешкай спускаецца Наталля Юр’еўна, за ёй — Аляксандр Сяргее­віч. У руках жанчыны — валошкі.

— Вось назбірала, — гаворыць Наталля Ківачук, любуючыся палявымі кветкамі. — Калі ўбачыла ў спелым жыце валошкі, адразу папрасіла мужа спыніць камбайн. Любата! Стала шкада, што такая прыгажосць за імгненне можа знікнуць у жатцы камбайна. А букет радуе вока, стварае цудоўны настрой. 

Усміхаючыся, жанчына глядзіць у вочы мужу.

— Гэта сапраўды так, — пагаджаецца Аляксандр Ківачук, заўважаючы рамантычны стан жонкі. — Калі добры настрой, тады, здаецца, і справа ідзе хутчэй, і зрабіць можна больш. 

Сямейны тандэм абодвух стымулюе на працу і дае станоўчы вынік. Сакрэт поспеху — у вопыце, зладжанай рабоце, адказнасці за даручаную справу і прафесіяналізме, а яшчэ — у пастаянным адчуванні надзейнага пляча адно аднаго, у разуменні з паўслова. Падтрымка, узаемавыручка, усмешка любімага чалавека падштурхоўваюць працаваць лепш. За 5 гадоў сямейны экіпаж намалаціў больш за 1031 тону рапсу і больш за 6600 тон збожжа.

— Працуем, не задумваючыся пра рэкорды. Галоўнае — зжаць і абмалаціць, убраць вырашчаны ўраджай без страт і ў тэрмін. Вядома, год на год не прыходзіцца. На ўмалот уплывае шмат фактараў, у тым ліку тыя, якія ад нас не залежаць. Важна, каб не псаваўся камбайн і не было дажджу, — заўважае Аляксандр Ківачук.

Сёлетняе жніво для Наталлі Юр’еўны і Аляксандра Сяргеевіча пачалося 15 ліпеня. Спачатку ўбіралі рапс, а неўзабаве пераключыліся на збожжавыя культуры. Сямейны экіпаж толькі за 2 дні намалаціў амаль 116 тон зерня.

— Мяне заўсёды цягнула да тэхнікі, — прызнаецца Наталля Ківачук. — У дзяцінстве з лялькамі гуляла вельмі мала. За рулём з 12 гадоў. У старшых класах наведвала заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце пры школе. Здала экзамен і атрымала катэгорыю “А”, што дало права кіраваць колавымі трактарамі. Бацька падтрымліваў маё захапленне тэхнікай, маці таксама не была супраць.

Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла на філалагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе атрымала дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Потым набыла спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага ў БДПУ імя Максіма Танка. Сёння Наталля Юр’еўна працуе настаўнікам-дэфектолагам Олтуш­скага дзіцячага сада. 

Мара стаць камбайнерам даўно не давала спакою Наталлі Ківачук. Але для яе ажыццяўлення не хапала рашучасці. Дапамог выпадак. Неяк у пачатку лета 2012 года яе бацька рыхтаваў камбайн да ўборкі. Механізатараў не хапала, а аднаму праца­ваць цяжка. І ён, жартуючы, спытаў у Наталлі: “Можа, ты, дачушка, выручыш, пойдзеш да мяне ў памочнікі на камбайн?” Наталля Юр’еўна, не раздумваючы, пагадзілася. З гэтага і пачалася яе хлебаробская біяграфія. 

— Спачатку было цяжка, але затым увайшла ў рытм, адчула смак працы, — успамінае Наталля Ківачук. — Хлеб ніколі не даваўся проста: аграрыі ведаюць, колькі ён каштуе насамрэч. Сесці першы раз за штурвал камбайна не баялася. Сама гэтага хацела. Але ўсё ж такі крыху хвалявалася і перажывала, думала, што не спраўлюся з кіраваннем вялікай хлебаўборачнай машыны. Бацькава падтрымка надала веры ў сябе. Упэўнена, што змагу стаць сапраўдным камбайнерам. Бацька навучыў мяне ўсяму. Некалькі гадоў назад прайшла курсы перападрыхтоўкі і адкрыла катэгорыю “D”, якая дазваляе кіраваць самаходнымі машынамі сельскагаспадарчага прызначэння.

Цяпер Наталлю Ківачук ва ўсім падтрымлівае муж. Работа з ім, прафесіяналам, стала выдатнай школай станаўлення як хлебароба. Дзякуючы яму, Наталля Юр’еўна адчувае сябе за штурвалам камбайна ўпэўнена, выдатна ведае, як працуюць яго ­вузлы і механізмы. З даручанай справай спраўляецца не горш за мужа.

Аляксандр Ківачук пасля заканчэння школы вучыўся ў тагачасным Маларыцкім ПТВ-155. З будучай жонкай пазнаёміўся, калі з сябрам прыехаў у вёску да яе сяброўкі. Адразу спадабаліся адно аднаму. Неўзабаве згулялі вяселле. Аляксандр Сяргее­віч уладкаваўся трактарыстам у калгас “Перамога”. Сёлета іх дачка Настасся скончыла школу, паспяхова здала цэнтралізаванае тэсціраванне і стала студэнткай. Хто ведае, магчыма, і яна працягне справу бацькоў-хлебаробаў.

 

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий