“Восеньская казка”. Забава для выхаванцаў сярэдняй групы 4–5 гадоў  

- 11:27Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый забавы “Восеньская казка” уключае розныя віды дзейнасці для выхаванцаў, якія дазваляюць не толькі весела правесці час, але і пашырыць веды пра навакольны свет.

 

Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі
ДУА Яслі-сад № 14 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– развіваць цікавасць да аб’ектаў і з’яў прыроды;
– распазнаваць і называць грыбы;
– выкарыстоўваць спосабы імправізацый па выбраным ці прапанаваным гульнявым вобразе ў спевах, танцах, гульнях; выхоўваць павагу і беражлівыя адносіны да прыроды, жаданне пазнаваць яе.

Матэрыял і абсталяванне: “лясная паляна”, на якой елка, сасна, пень, грыбы; касцюмы Восені і Баравіка (на дарослых), музычны інструмент дудка; капялюшыкі грыбоў – мухамораў, лісічак, сыраежак, апенькаў, падбярозавікаў; для выканання танца – капялюшыкі з рабінкамі; для гульні – два кошыкі і пласкасныя грыбы мухаморы, лісічкі, баравікі, сыраежкі; цацка грыб для пачастункаў дзецям; музычнае электроннае афармленне.

Дзеючыя асобы: Восень, Баравік – ролі выконваюць дарослыя; мухаморы, лісічкі, сыраежкі, апенькі, падбярозавік, рабінкі – ролі выконваюць дзеці.

 

Ход забавы

Музычная зала прыбрана як лясная паляна. Дзеці пад беларускую музыку заходзяць у залу.

Выхавальнік:

Чарадзейны верасень
Заквітнеўся верасам.
Голле дуба-волата
Ён прыбраў у золата.
На рабінках – быццам кралі –
Гэта – ягады-каралі.
А кляновае адзенне –
Фарбаў рознае адценне.
Чарадзейны верасень
Заквітнеўся верасам

Такая прыгажосць бывае толькі восенню, людзі ўбіраюць ураджай, але часам ідзе дожджык.

 Дзіця:

Кроплі светлыя звіняць,
Скачуць па галінках
І павіслі на траве,
Срэбнай павуцінкай.

Дзіця:

Ліся, дожджык-грыбасей,
Ну яшчэ хоць трошкі
Дожджык, дожджык залаты,
Вадзяныя ножкі.

 

Песня “Залатая казка” (муз. і сл. Я.Жабко)

 

Выхавальнік:

Дождж прайшоў,
І ёсць надзея,
Што грыбоў ён шмат пасеяў.
Ну, а бор тут, за ракой,
Да грыбоў – падаць рукой.
А ці згодны вы, сябры,
У лес пайсці па грыбы

Дзеці: Так!

Музычны кіраўнік:

Тады бярыце кошыкі,
Пойдзем у лес на пошукі!

 

Гульня “ Хто больш назбірае добрых грыбоў”

Дзеці становяцца ў дзве каманды, па чарзе бягуць, бяруць добры грыб і кладуць у кошык.

 

Пакуль дзеці гуляюць, непрыметна на пянёк садзіцца Баравік.

 

Музычны кіраўнік: Дзеткі, паглядзіце, які пасля асенняга дажджу вырас вялікі прыгожы баравік!

Баравік:

Я цар грыбоў і ягад,
Я мудры баравік.
Кідаць на вецер словы
Я, дзеці, не прывык.
Лясная казка вам, сябры,
Заўжды адчыніць дзверы.
Вам спадабаецца яна
Я ў гэта шчыра веру.
Жадаеце бачыць казку?

Дзеці: Жадаем!

Баравік: А каб сяброў вам не спалохаць, вазьму чароўную дудку і ператвару вас у грыбную дружную сям’ю.

 

Грае на дудцы, дзеці надзяваюць капялюшыкі грыбоў.

 

Музычны кіраўнік:

Пачынаем мы, сябры,
Восеньскі канцэрт лясны.
На канцэрт прышлі лісічкі

(выходзяць па чарзе “грыбы” і кланяюцца)

У модных жоўценькіх спаднічках,
Падбярозавік з таўстухай
Паглядзець прыйшлі паслухаць.
Як на сцэне, пне старэнькім
Карагод вядуць апенькі.

 

“Танец апенькаў” (музыка – па выбары музычнага кіраўніка)

 

Музычны кіраўнік:

У бары, абапал сцежкі,
Разрасліся сыраежкі,
Белыя, чырвоныя,
Жоўтыя, зялёныя.

 

Выходзяць дзеці ў капялюшах сыраежак і выконваюць песню “Грыбны дожджык”.

Пасля пад грозную музыку заходзяць мухаморы.

 

Мухамор:

Мы вам гэта не даруем,
Што забыліся пра нас,
Але ўсё ж мы прапануем
Сёння нумар свой для вас.

 

“Танец мухамораў” (сл. і муз. К.Косціна)

 

Баравік: Зразумець я не магу, хто гаспадар грыбоў у лесе? Зараз на дудцы заіграю і вас у корч ператвараю.

Мухамор:

Баравік, прабач ты нас
Не заўважылі цябе,
Жартавалі – так сабе.

Баравік: Ладна, мухаморы-сябры, так і быць. Чутна мне, нехта крочыць сюды да нас.

 

Пад павольную музыку заходзіць Восень.

 

Восень: Добры дзень, мае даражэнькія дзеці! Вы, мабыць, вельмі чакалі мяне, вось я і прыйшла. Я сама сумавала па вас і старанна рыхтавалася да сустрэчы.

Незвычайнай прыгажосці
Вераснёвыя лясы,
Яркакронныя рабінкі
Запылалі ў гушчары.
Тані, Ані і Марынкі,
Вас ператвару ў рабінкі,
Музыка званчэй гучы,
У карагодзе пакруці.

 

Карагод “Завілі вяночкі”

 

Выхавальнік: Чараўніца Восень, дзеці таксама рыхтаваліся да сустрэчы з табой, і яны хочаць расказаць свае вершы.

Як хутка лета праляцела,
Дажджом абліўшы сіняву,
Лісток бярозы пажаўцелы,
Апаў спакойна на траву.

У верасні, у верасні
Зрабіўся дзень малы,
Развітваюцца ў верасні
З буслятамі буслы.

У верасні, у верасні
Стаў лес зусім рабы,
Вавёрачка ў верасні
Дасушвае грыбы

І вожык устрывожаны
А знаеце чаму?
Бо трэба ложак вожыку
Заслаць на ўсю зіму.

У верасні, у верасні
Турбот – паўнюткі рот
І мы зрабіліся ў верасні
Старэйшыя на год.

 

Восень: Так-так! Малайчынкі якія. Але мне пара з вамі развітвацца, у мяне шмат яшчэ працы.

Баравік: І мне таксама пара, а напаследак хочам вам падараваць вось гэты грыб (дае выхавальніку грыб, у якім знаходзяцца пачастункі для дзяцей).

Выхавальнік і дзеці: Дзякуем!

 

Восень і Баравік выходзяць.

 

Выхавальнік: Нам таксама трэба вяртацца ў групу. Пойдзем хутчэй, паглядзім, што нам падаравалі Восень з Баравіком.

 

Усе пакідаюць музычную залу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий