Беларусы, як і ўсе народы свету маюць, выдатных сыноў і дачок. Сваім існаваннем, прыкладам жыцця, геніяльным яго прадбачаннем яднаюць жывую повязь пакаленняў, вечнасць і неўміручасць нацыянальнага духу, несмяротнасць народа. Яны – духоўныя правадыры нацыі.
Мы ганарымся нашымі славутымі землякамі, якія ўсё жыццё маліліся аднаму богу – Беларусі, яе народу. Янка Купала, Якуб Колас – улюбёныя песняры роднага краю, тонкі і трагічны Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін – паэт з божым дарам, Яўгенія Янішчыц, якая паклала сваё сэрца на алтар любові і кахання, Янка Брыль – іскра святла і дабрыні. Гэта вялікае шчасце – жыць на адной зямлі з такімі выдатнымі майстрамі літаратурнай справы! Ёсць каму верыць, ёсць кім захапляцца!
Народны пісьменнік Беларусі, які нястомна і сумленна працаваў на карысць роднай літаратуры, культуры, носьбіт гістарычнай памяці, абаронца і захавальнік духоўных скарбаў, арыгінальны творца, сапраўдны рыцар малога жанру – Янка Брыль. Лёс адпусціў яму доўгі век – памёр ён на 89-м годзе жыцця.
Давайце пагартаем асобныя старонкі жыццёвага і творчага шляху асобы, каларытнай постаці, прыкметнай на фоне самых славутых сучасных пісьменнікаў. Заглянем у мастакоўскую лабараторыю, дзе ён намацаў сваю дарогу ў літаратуры, і на ўсё жыццё застаўся верным свайму абранаму шляху, высокім і святым паняццям: Радзіма, Народ, Гісторыя. Паўторым пранізліва-балючыя, горкія радкі знакамітых твораў, якія світальнай чысцінёй запаўняюць душу да самых краёчкаў, выратавальна наталяючы яе нечым вялікім і прыгожым.
4 жніўня 1917 года ў сям’і Брылёў з’явілася на свет дзясятае дзіця – Янка (самы малодшы). Сёлета яму спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. Ён стаў не толькі гордасцю сям’і, але і гордасцю беларускай літаратуры: бліскучым празаікам з адметнай творчай манерай, перакладчыкам, публіцыстам, эсэістам, тонкім знаўцам роднай мовы. Гэта Янка Брыль.
Калі нараджаецца ў сям’і дзіця, падобнае да маці ці бацькі, у народзе звычайна гавораць: пабрала ўсё да кропелькі, да макавай расіначкі. Так і з пісьменнікам. Калі ён сапраўдны сын зямлі-маці, яго літаратурны талент убірае ў сябе ўсё, што належыць гэтай зямлі: яе гісторыю, характар, душу, мову – усё да драбніц.
У аўтабіяграфіі ён гаварыў: “У мяне было два дзяцінствы”. Нарадзіўся ў горадзе Адэса, у сям’і чыгуначніка. Тут прайшло пяць гадоў жыцця. Праз некаторы час голад, які пачаўся ў Расіі пасля рэвалюцыі і войнаў, прымусіў сям’ю Брылёў вярнуцца на радзіму маці ў вёску Загора на Навагрудчыне. Найменшанькі сынок быў тут шчаслівы. Вёска для яго была невядомым светам, таму што даведаўся шмат цікавага, адкрыў для сябе нязведаныя таямніцы і сакрэты свойскіх жывёл, якія пачалі з’яўляцца ў гаспадарцы: ката і сабакі, пеўня і куранят, парасят, авечак. Доўга ён наладжваў з імі кантакт. Усяго было: быў смех, радасць, захапленне, але і сустракаліся слёзы і расчараванне.
Смак працы адчуў рана. Калі падлетку Янку споўнілася 14 гадоў, яго сям’ю напаткала няшчасце – памёр бацька. Ён стаў у хаце за гаспадара і таму жыў дарослым жыццём, выконваў звычайныя заняткі хлебароба: араў, сеяў, касіў, вазіў дровы. Ён успамінаў, што ў яго былі тры яркія перажыванні, звязаныя з дзіцячымі і юнацкімі гадамі: хараство навакольнага свету, цяга да кнігі, якую пранёс праз усё жыццё і сяброўства з равеснікамі і братамі.
Сутнасць яго творчасці-лёсу – боль. Глыбокі боль за Бацькаўшчыну, мілую старонку. Літаратурная дарога пісьменніка выткана з душэўнага святла, чысціні, хараства. Пра што б ён ні пісаў – у полі зроку заўсёды Чалавек, пакутная споведзь яго сэрца.
“Два найвялікшыя званні – пісьменнік і чалавек. Адно мне вельмі хочацца набыць, другое – яшчэ больш – не страціць”. Так сказаў пра сваю запаветную мару Янка Брыль. Сапраўдным пісьменнікам, неабходным людзям, свету, наўрад ці можна стаць і заставацца без глыбіннай чалавечнасці. Ярка квяцісты дыяпазон творчасці выяўляецца ў аповесцях, раманах, апавяданнях, мініяцюрах. Яго проза, як лагодныя лекі. У аснове – душэўны рух радка, шчырасць слова, жывы роздум. Яны выкрасаюць святы агонь духоўнасці, умацоўваюць веру ў будучыню Беларусі, шчаслівы лёс дзяцей на роднай зямлі.
Заявіў пра сябе талент Брыля – дзіцячага пісьменніка, які займае сваё адметнае месца на беларускай ніве. Ён і сапраўды пісаў пра дзяцей на працягу ўсяго свайго творчага жыцця, пісаў удумліва, глыбока, змястоўна, з выдатным веданнем дзіцячага свету і выразным захапленнем яго непасрэднасцю і святой наіўнасцю, беззабароннасцю і чысцінёй, шчырасцю і гарэзлівасцю, а часам нават мудрасцю. У гэтым пераконваюць творы “Цюцік” і “Сірочы хлеб”.
Навучэнцы ахвотна знаёмяцца з апавяданнем “Цюцік”. Прыгадваюцца радкі, якія выклікаюць у хлопчыкаў і дзяўчынак замілаванасць і шкадаванне да маленькага шчанюка: “Сабачка! Ах ты, наш малышок! Цюценька мой. Маленькі, цёпленькі, са сваім чорным казытлівым чмысікам, тоўстым хвосцікам, рабенькімі лапкамі”. Аўтар расказвае пра сабаку, як пра чалавечую сям’ю, дзе пануюць клопат, павага, любоў. Надзяляе яго здольнасцю думаць, плакаць, разважаць: “Шчанюк пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў…”. “Ну, – падумаў цюцік, – прападу я тут за нішчымны квас…”. Дзецям даспадобы, з якой сімпатыяй пісьменнік адносіцца да свайго абаяльнага героя, не шкадуе для яго добрых і ласкавых слоў.
Такім чынам, апавяданне выхоўвае ў школьнікаў беражлівыя адносіны да братоў нашых меншых, пераконвае ў любові да ўсяго жывога на зямлі, заклікае быць спагадлівымі, міласэрнымі, вернымі ў сяброўстве, адгукацца на чужое гора, змагацца з жорсткасцю і несправядлівасцю.
У сёмым класе падлеткі з асалодай вывучаюць аповесць “Урокі пані Мар’і”. З вопыту працы скажу, што гэта любімы праграмны твор. Чаму? Таму што ён пра іх равеснікаў. У цэнтры ўвагі – лёс заходнебеларускага дзіцяці-сіраты Даніка Мальца, сына ўдавы-сялянкі, адной з самых бедных у вёсцы, аднак не той у яго характар, каб плакаць па сваёй нядолі, наракаць на няшчасны лёс “слёз было менш, чым радасці…”. Данік – пастух. Ён пасе свіней, кароў. У пачатку твора яму ўсяго сем гадкоў – яшчэ зусім дзіця, у канцы дванаццаць. За гэты час вырас, пасталеў, адчуў сябе незалежным, гордым і дужым. Усвядоміў сябе сынам народа і хацеў, каб яго мова і культура шанаваліся: “І вось быў вечар, у які яшчэ адзін заходнебеларускі пастушок з мужыцкай прагнасцю на ўсё жыццё запамінаў 32 літары ўжо не чужое граматы”.
Вобраз кемлівага і дапытлівага хлопчыка з горкай сірочай доляй выклікае ў дзяцей пачуццё літасці, шкадавання, захаплення, бо ён абяздолены, няшчасны, але нягледзячы ні на якія выпрабаванні, пакуты, боль умее пастаяць за сябе, не прыніжаецца перад тымі, хто мае багацце і ўладу. Вучні пераконваюцца ў тым, што такія юнакі, як Данік, шмат зробяць для таго, каб мацнела і квітнела наша Беларусь.
У выніку ідэйна-мастацкага аналізу аповесці школьнікі зацікавіліся асобай пісьменніка, яго культурна-гістарычнай спадчынай, адчулі клопат пра лёс роднай мовы; выклікалі жаданне зберагаць яе і карыстацца ў паўсядзённым жыцці.
Трывалае прызнанне здабылі лірычныя мініяцюры. (Невялікі памер, эмацыянальнасць, афарыстычнасць, суб’ектыўнасць аўтарскага выказвання). Янка Брыль прызнаваўся, што мініяцюры – яго любімы жанр. На першы погляд, здаецца, што ствараць іх вельмі лёгка – бяры і запісвай перажытае ці пачутае і чакай поспеху. Аўтар павінен быць здольным не толькі ўбачыць нешта істотнае і значнае ў звычайным жыцці, але глыбока і арыгінальна выявіць і ўсхваляваць сваім асэнсаваннем чытача. Для гэтага ж трэба быць майстрам, мастаком! Безумоўна, у Брыля ўсё гэта прысутнічае. І таму чытацкая цікавасць да іх захоўваецца і цяпер. Яны атрымалі еўрапейскую вядомасць і перакладзены на польскую, чэшскую, балгарскую і іншыя мовы.
Самае важнае, самае дарагое для чарадзея мастацкага радка, калі яго слова – трывожны імпульс сэрца – знаходзіць шырокі глыбокі водгук, становіцца часцінкай нечага ўнутранага жыцця. Калі энергія яго празаічнай думкі аплачваецца дабрынёй, надзеяй, радасцю, захапленнем, узлётам душы. Апавядальнік умее ў кроплі бачыць увесь свет, пісаць так, як дыхаем, жывейм, і дыхаць, жыць падобна таму, як пішам.
“Над зямлёй – красавіцкае неба…”. Лірычная мініяцюра-апісанне ранняй вясны, якая стварае ў шасцікласнікаў яркія зрокавыя і слыхавыя ўражанні, удасканальвае ўменні выразна чытаць і аналізаваць, перадаваць свае эмоцыі, уражанні праз канкрэтныя вобразы. Фарміруе ўменне бачыць маляўнічы і непаўторны свет прыроды роднага краю, поўны раздольнай і таямнічай красы.
Узрушана і хвалююча піша творца пра перажытае Радзімай у Вялікую Айчынную вайну. Вайна – гэта людскія слёзы, невымерны боль, масавая смерць, балючая памяць. Колькі пакут зведалі беларусы, якія незлічоныя страты панеслі, а выстаялі, перамаглі. Бо абаранялі святое – родную зямлю, часцінку яе душы, роднае гняздо, дзе яны нарадзіліся, выраслі, адкуль у жыццёвы вырай паляцелі іх дзеці, дзе знайшлі вечны спачын продкі. У самыя трагічныя часы гісторыі самаахвярная любоў да Бацькаўшчыны надавала сілы, мужнасці, цярпення вынесці ўсе пакуты.
У час вайны яму было 24 гады, але ўражлівая душа юнака занатавала ўсю бязмежнасць чалавечага гора і пакут. На ўласным лёсе адчуў дыханне смерці, горкі смак бяды-нішчымніцы, цану мужнасці. Ён зведаў пекла фашысцкіх канцлагераў. Некалькі разоў спрабаваў уцячы. Аднойчы яму ўдалося. Перажытае і ўбачанае трывожыла памяць Брыля, а памяць – адказная і цяжкая ноша душы – не давала спакою. Да гэтых радкоў, напісаных збалелым сэрцам, нельга дакранацца раўнадушным. Яны – як аголены нерв. Усе з адчаю і роспачы, гневу і помсты, любові і нянавісці. Яны і сёння крывавяць, як свежая рана.
Сонечным святлом дабрыні прасякнута навела “Маці”. Чытаеш гэты лаканічны, будзённа-просты твор і нібы бачыш арэол святасці, які спавівае ўчынкі людзей. Гэты арэол выпраменьваецца з душы аўтара і праецыруецца на мастацкі тэкст. Перад чытачамі разгортваецца вобраз вясковай жанчыны, якая ў сваім гаротным жыцці нічога добрага не зведала. Лейтматыў – дапамога беларускай сялянкі, маці трох сыноў, чырвонаармейцам, якія ўцяклі з нямецкага канцлагера, яе пакутніцкі шлях на смерць за спагаду і міласэрнасць, услаўленне гераізму, патрыятызму, непераможнасці, самаахвярнасці. “І на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім – так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер – шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. І ўсім было зразумела, куды і завошта”.
У працэсе калектыўнай гутаркі вучні развіваюць уменні весці дыялог па прачытаным творы, характарызаваць вобразы-персанажы, улічваць іншы пункт погляду і аргументавана адстойваць сваё меркаванне. Прыходзяць да высновы, што, чым даўжэй маці будзе з намі, тым ярчэй будзе гарэць наша сэрца. Таму трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх матуль. Не гора, а радасць і кветкі прыносіць ім.
Дзевяцікласнікі на адным дыханні чытаюць кароценькае апавяданне “Меmento morі”. Перад намі ва ўсёй красе ўзвышаецца селянін немаладога ўзросту, пячнік-майстар, які маральна перамог гітлераўскага нелюдзя, выступіў абаронцам аднавяскоўцаў і за гэта заплаціў самым дарагім – жыццём. “І ён згарэў – адзіны, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве”. Гэты ўчынак спасцігае ў старшакласнікаў пачуццё захаплення і гордасці мудрасцю і разважлівасцю пячніка, дае невычарпальны ўрок святла і дабрыні.
З вялікай журбою і з сардэчным болем я гартала старонкі дакументальнай з моцнымі аўтабіяграфічнымі элементамі кнігу-споведзь “Пішу як жыву”. Дамінантны, стрыжнёвы матыў – праўдзівая гісторыя жыцця самага старэйшага брата пісьменніка – Валодзі. З глыбокай тугой і самотай расказваючы пра трагедыю брата, гаворыць і пра лёс, і пакуты ўсёй шматлікай сям’і Брылёў. Вядома, самому Брылю даставалася таксама, бо ён не меў узорнай біяграфіі – выхадзец з нябеднай сям’і, быў у нямецкім палоне. Плямай на біяграфію клаўся лёс ягоных старэйшых братоў Ігната і Валодзі. Моцна ўражвае і пакручастая жыццёвая адысея Ігната Брыля, які быў рэпрэсіраваны, а затым стаў свяшчэннікам. Гэта быў жахлівы, страшны час!
Яго запісы ўзбагачаюць нашы веды пра пісьменніка, пра яго творчасць, падсвечвае яе як бы знутры своеасаблівым святлом, бо там ёсць цікавыя звесткі аб прататыпах яго герояў, падаюцца розныя штрыхі да мастакоўскага жыццяпісу, добра бачыцца яго чалавечы характар, грамадзянскі тэмперамент.
Празаічны свет Брыля напоўнены прыгожым і магічным пачуццём кахання. Каханне для пісьменніка – вялікі цуд і краса, хвалюючае сэрцабіццё, таемна-святочны росквіт душы. Характар любоўных перажыванняў разнастайны: гэта прылівы і адлівы, і салодка-горкі ўспамін, і момант наталення радасці, і пакуты расставання. З трапяткой усхваляванасцю раскрыты таямніцы кахання ў пранікнёна-задушэўнай, натхнёна-прачулай, як добрая песня, апавяданні “Галя”. Не перабольшу, калі скажу, што твор любімы для ўсіх пакаленняў чытачоў, бо ў цэнтры ўвагі важныя і актуальныя праблемы: сэнс жыцця, шчасце, каханне, сям’я. Божа мой! Як жа гэта напісана! Як праўдзіва, захапляльна, кранальна! Што ні слова – спеў, трапны вобраз, адкрыццё. Здаецца, мы чуем голас дзяўчыны, у якой калоціцца ранімае сэрца ад болю. На працягу пэўнага часу гэты боль не змаўкае: да верасня 1939 года, у час Вялікай Айчыннай вайны, у першыя пасляваенныя гады. З рэдкай бездакорнасцю паказаны пачуццёвы свет галоўнай гераіні, глыбокая чалавечая драма жанчыны, вясковай прыгажуні, напісанай з вялікім аўтарскім замілаваннем. Яна горача і безаглядна пакахала аднаго, а мусіла з-за розных прычын звязаць свой паламаны лёс з іншым, з нялюбым. Цяжка ўявіць і асэнсаваць тыя эмацыянальныя буры, што сатрасаюць душу пастарэлай ужо Галі, якой з каханым “калісьці было цёпла стаяць і на снезе”, а цяпер, без яго, “холадна ўжо і на летняй расе”. Яна выклікае любаванне і захапленне сабой, знаходзіць глыбокае суперажыванне ў сэрцах юнакоў і дзяўчат. Дапамагчы раскрыцца дзіцячай душы можна толькі тады, калі ў класе створана атмасфера поўнага даверу і паразумення. Таму дыспут, даверлівы дыялог, праблемныя пытанні, сумеснае складанне мадэлі, канона, рэцэпта сапраўднага чалавечага шчасця, рэфлексія ў выглядзе сінквейна – выяўляюць вучнёўскія шчырыя меркаванні і адпаведныя адносіны да герояў. Старшакласнікі выказваюцца аб тым, што Галя, як кожная жанчына хацела кахаць і быць каханай, мець дзяцей, стварыць сям’ю, але жорсткі і бязлітасны час разбурыў яе гняздо. Запалі ў памяці шчырыя думкі-разважанні Аляксандра Красава: “Відавочна , што вельмі многае страціла Галя на жыццёвай дарозе: ніяк не можа яна забыць загубленую маладосць, сваё першае, ужо даўно для яе страчанае каханне, свайго бясконца любага і цяпер Сярожку. Ён начамі працуе на трактары і ягоным гудзеннем, для майго ўспрыняцця надаедлівым, а для Брылёвай гераіні поўным кранальнай музыкі, абуджае высокае хваляванне, горкую радасць і пакутны, шчымліва-журботны боль ад усведамлення, што былое не вяртаецца, што зробленыя памылкі не паддаюцца выпраўленню”.
Безумоўна, агульначалавечыя ідэалы валодаюць усемагутнай сілай і таму я імкнуся, каб падрастаючае пакаленне гэтыя маральныя арыенціры спраецыравала на сябе, каб твор стаў для іх жыццёвым урокам: “Няхай ваша жыццё асветліць каханне, каханне як Боскі дар, як наканаванне. Яно ўзвышае чалавека сваім хараством, надае сэнс яго існаванню. Вялікае і моцнае пачуццё адначасова і вельмі кволае, далікатнае, таму яго вельмі лёгка страціць, а за страту гэту давядзецца плаціць усё жыццё. Пранясіце гэтае найсвяцейшае зямное пачуццё праз усю жыццёвую дарогу, навучыцеся кахаць так, як нашы дзяды, бацькі і маці – моцна і навечна”.
Мы схіляем галаву перад памяццю Чалавека, Пісьменніка, выказваем словы павагі, любові і ўдзячнасці віртуозу беларускага прыгожага пісьменства: Паважаны Янка Брыль! Дзякуем вам за бязмежную любоў да зямлі-маці, крэўную прыналежнасць да гістарычна-духоўнай спадчыны народа, за творчую незгасальнасць духу! Ваш невычэрпны ў сваёй шматграннасці арыгінальны талент і сёння працуе на поўную сілу. Святло вашых твораў цепляць нашы сэрцы любоўю і дабрынёй, пашыраюць дыяпазон асэнсавання мінулага, узбагачаюць нас духоўна, робячы гістарычны мацярык па-сапраўднаму цікавым і прывабным. Будзем жа радавацца, ганарыцца, вечна памятаць, што ў нас ёсць такі майстар айчыннай мастацкай прозы. Вы – сын Беларусі, яе патрыёт і таму з уздымнасцю слова бароніце нацыянальныя святыні.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”