Урок мастацтва можа стаць сапраўдным святам, на якім кожны вучань адчуе сябе творцам. У гэтым упэўнена настаўніца мастацтва сярэдняй школы № 164 Мінска Вольга Самусевіч.
Цікавасць да прадмета
— Вольга Сяргееўна, па прадмеце “Мастацтва” адзнакі не выстаўляюцца. Як гэта ўплывае на адносіны дзяцей да заняткаў?
— Стаўленне вучняў да любога прадмета залежыць ад майстэрства настаўніка. Лічу важным развіваць у вучняў разуменне мастацтва, здольнасць захапляцца ім, узбагачаць свой унутраны свет. Таму далучаю іх да творчасці. У гэтым пытанні я падзяляю меркаванне Мэры Эн Хол, аўтара кніг па дзіцячай мастацкай творчасці, якая лічыла, што творчасць не варта блытаць з талентам, уменнем або інтэлектам. Творчасць не ў тым, каб рабіць нешта лепш, чым у іншых, а ў тым, каб думаць, даследаваць, адкрываць і ўяўляць.
Вучу дзяцей прыгажосці, жывым адносінам да мастацтва, каб кожны з іх мог раскрыцца. Мы з вучнямі малюем, ствараем макеты архітэктурных збудаванняў, складаем кампазіцыі, рыхтуем інсцэніроўкі, іграем на музычных інструментах. Паглядзіце на дзіцячыя работы, якія знаходзяцца ў нашым кабінеце: егіпецкія піраміды і цуды свету, стылізаваныя малюнкі першабытных людзей і маскі Оні, трыумфальныя аркі дасягненняў вучняў і іх імёны, прадстаўленыя ў стылі эпохі Адраджэння. А якія выдатныя дэбюты здараюцца ў дзяцей падчас інсцэніровак вядомых тэлеперадач! Адсюль і ўзнікае цікавасць да прадмета. Любая дзейнасць у галіне мастацтва — гэта яшчэ і выдатны спосаб зразумець, што рабіць памылкі не страшна, што гэты шлях можа прывесці да цалкам новай ідэі. Мастацтва вучыць дзяцей падыходзіць да вырашэння любой жыццёвай праблемы творча. У гэтым я неаднаразова пераконвалася.
— Што такое добры ўрок з метадычнага пункту гледжання?
— Такі ўрок складаецца з сучасных тэхналогій, метадаў і прыёмаў (спалучэння іх элементаў), творчай дзейнасці і супрацоўніцтва. Пры падрыхтоўцы ўрока для мяне важна адабраць матэрыял, заснаваны на кампетэнтнасным падыходзе, інтэграцыі розных прадметаў (літаратуры, гісторыі, музыкі). А падбор форм, метадаў і прыёмаў ажыццяўляю з улікам узросту вучняў. На нашых уроках мы дыскутуем, гуляем у дзелавыя гульні, распрацоўваем турыстычныя маршруты і адпраўляемся ў віртуальныя падарожжы, рэалізуем праекты-даследаванні, ствараем сінквейны і кросенсы, робім замалёўкі-рэканструкцыі і многае іншае.
З дапамогай мультымедыйных прэзентацый я прадстаўляю вучэбны матэрыял як сістэму яркіх апорных вобразаў. Але гэта не проста ілюстраванне, гэта сродак фарміравання вобразнага і лагічнага мыслення. Я актыўна прымяняю сэрвіс LearningApps.org, ствараю электронныя інтэрактыўныя практыкаванні для тлумачэння і замацавання новага матэрыялу, трэнінгу і кантролю. Укараняю тэхналогію дапоўненай рэальнасці, распрацоўваю QR-тэсты і квесты па раздзелах вучэбнай праграмы, працую над стварэннем мастацтвазнаўчага марафону (пытанняў і прыктычных заданняў творчага кірунку па розных раздзелах праграмы ў розных класах). Так, на аснове QR-кода стварыла прыём “Чорны квадрат”: пры дапамозе мабільнага тэлефона вучні чытаюць QR-код і адкрываюць заданні, спасылкі на сайты, відэаматэрыял.
Падчас конкурсу “Акадэмія ўрока” педагогам прапаноўвалася заданне: за адну мінуту прадставіць лепшую ідэю па стварэнні камфортных умоў на ўроку. Я прапанавала ўявіць урок у выглядзе рыбалоўнай сеткі, якая стане вучням падтрымкай, дазволіць наладзіць супрацоўніцтва.
У авангардзе
— Раскажыце пра ўрок, які вы праводзілі падчас гэтага прэстыжнага конкурсу.
— Гэта быў нестандартны ўрок, які я правяла на вялікім эмацыянальным уздыме, урок-свята, тэатральнае шоу. Вучні 9 класа абагульнялі і замацоўвалі веды пра такую мастацкую з’яву, як авангард. Некаторыя загадзя атрымалі заданні па тэме. Абапіраючыся на ўжо атрыманыя веды па мастацтве, літаратуры і гісторыі, вучні дэманстравалі ўменне вызначаць элементы авангарда ў розных відах мастацтва, веды аб сродках мастацкай выразнасці ў авангардзе, выконвалі творчыя работы і тэставыя заданні на Learning-платформе. Для ўрока я выбрала форму арт-салона з атмасферай дабра, сумеснай творчасці, радасці. Праз прадметы мастацтва, рэпрадукцыі карцін, элементы адзення, якія вучні прымяралі, музычнае суправаджэнне, інсцэніраванне да дзейнасці далучыліся ўсе, незалежна ад вучэбнай матывацыі.
Вольга Самусевіч — уладальніца дыплома І ступені сталічнага конкурсу прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока” — 2022”. Летась атрымала дыплом І ступені міжнароднага цэнтра навуковага партнёрства “Новая навука” (у намінацыі “Актуальныя пытанні сучаснай адукацыі”) за даследчую работу “Выкарыстанне элементаў інфармацыйных тэхналогій на ўроках па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” як сродак павышэння матывацыі навучэнцаў”. Педагог адзначана дыпломам ІІ ступені гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2020” у намінацыі “Свая вышыня”.
Работа праходзіла ў групах. На працягу ўрока вучні мянялі свае вобразы пры дапамозе пэўнай атрыбутыкі: жоўтыя гальштукі, яркія шкарпэткі, падцяжкі некалькіх колераў, бабачкі. Група мастакоў стварала карціну ў стылі кубізм. Дзяўчынкі выступалі ў якасці мадэльераў і прыдумвалі вобразы з выкарыстаннем тканін у розных напрамках авангарда, якія апрабоўвалі на манекене. Група архітэктараў стварала макет будынка і абараняла сваю работу. Ім у якасці матэрыялаў былі прапанаваны мяч і кубы, гімнастычныя абручы і палкі і іншыя атрыбуты. Літаратары чыталі футурыстычныя вершы Маякоўскага і прадстаўлялі яго плакаты. Звярнуліся мы і да творчасці Марка Шагала. Стварылі яго партрэт з пазлаў, дзе былі размешчаны звесткі аб мастаку, і адгадалі яго імя. Загадзя развучвалі словы, якія прамаўлялі ад імя Маякоўскага і Шагала. Яшчэ на ўроку разыгрывалася спрэчка, якая нібыта адбылася на выставе паміж двума знатакамі мастацтва — традыцыйнага і авангарднага. А два вучні ў ролях журналіста і фатографа асвятлялі ўсе падзеі, што адбываюцца. Вынікам урока стала групавая творчая работа — жывая карціна ў авангардным стылі, якую вучні разыгралі на сцэне. Такім чынам яны прадставілі мініпраекты, якія рэалізавалі ў групах.
Запрашае музей
— Якія даследчыя праекты вы ажыццяўляеце з вучнямі?
— Я выкладаю ў школе не толькі мастацтва, а яшчэ беларускую мову і літаратуру, а таксама курырую дзейнасць музея Ленінскага раёна Мінска, які размешчаны ў нашай установе. Таму ў мяне вялікае поле дзейнасці. Напрыклад, займаюся падрыхтоўкай экскурсаводаў для музея, якія ў далейшым становяцца ўдзельнікамі школьнага пошукавага атрада. Нашы юныя экскурсаводы і пошукавікі не раз станавіліся пераможцамі адпаведных гарадскіх конкурсаў.
Экспазіцыі музея прадстаўлены ў дзвюх вялікіх залах. Тут можна даведацца аб адміністратыўна-тэрытарыяльным дзяленні Ленінскага раёна, убачыць макет з размешчанымі на яго тэрыторыі аб’ектамі, пазнаёміцца з мясцовай прамысловасцю. Напаўняючы музей экспанатамі, мы звярнуліся на прадпрыемствы раёна (“Элема”, камвольны камбінат, холадакамбінат, “Камунарка” і г.д.), якія падарылі нам узоры сваёй прадукцыі. У музеі ёсць залы адукацыі, культуры і спорту, зала, прысвечаная ВАВ і ветэранам. Нядаўна адкрылася экспазіцыя “Людзі з чорнымі душамі”, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады вайны. Мы сустракаемся з вядомымі людзьмі. Напрыклад, падтрымліваем зносіны з мастаком-сцэнарыстам Уладзімірам Фёдаравічам Чарнышовым. Бывалі ў яго на выставах і атрымалі ў падарунак эскіз карціны “Смак бульбы”. З работай, прысвечанай яго творчасці, Настасся Махрова, вучаніца 10 класа, атрымала дыплом ІІ ступені ў гарадскім конкурсе юных экскурсаводаў “Гісторыя аднаго экспаната”. Сабраную інфармацыю пра героя цяпер выкарыстоўваем на інфармацыйных гадзінах.
Даследаванне пра вядомага канькабежца Уладзіміра Парамонава праводзіў Ілья Паўловіч — яго ўнук, які да нядаўняга часу вучыўся ў нашай школе. Работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені на раённым этапе конкурсу “Малая радзіма вялікіх людзей” у рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Раней у нашым музеі знаходзіліся сапраўдныя рэчы спартсмена: канькі са скуры кенгуру (першапачаткова яны заказваліся для двухразовага чэмпіёна свету Дзмітрыя Бачкарова, у далейшым іх набыў Парамонаў), заліковая кніжка, дыпломы, граматы і кнігі. Пры пераездзе сям’я спартсмена забрала некаторыя рэчы з музея, і яны засталіся толькі на фатаграфіях.
— У вас незвычайны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Тут ёсць музейны куток, народныя касцюмы, парты ўпрыгожвае арнамент…
— Так, наш кабінет мае душу. Музейны куток нагадвае сялянскую хату з прадметамі побыту, чырвоным кутом і абразамі. Пачэснае месца адведзена нашым пісьменнікам-класікам, іх факсімільным выданням. Усё сабрана дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі. Адзін з народных касцюмаў — падарунак Купалаўскага тэатра.
Некаторыя парты ў кабінеце ўпрыгожаны стылізаванымі пад ручнікі дапаможнікамі з інфармацыяй для вучняў. У кабінеце, безумоўна, ёсць куток для дзіцячай творчасці. Многія тэмы па літаратуры пераклікаюцца з тэмамі па мастацтве. Прасочваецца сувязь з народнымі святамі, што мы ладзім з вучнямі. Пры чытанні літаратурных твораў скіроўваю вучняў на разуменне жыццёвых сіутацый, якія ў іх апісаны, і пошук выхаду з іх. Важна, каб яны разважалі аб гэтым менавіта па-беларуску. Заклікаю вучняў любіць родны край, малую радзіму. Пачынаць, вядома, трэба з сябе. Наша сям’я любіць падарожнічаць па Беларусі. Вынікам нашых вандровак з’яўляюцца творчыя работы па гісторыі і краязнаўстве, якія ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Асабліва мы ганарымся падарожжам на ткацкую фабрыку слуцкіх паясоў, пасля якога мая дачка, Ганна Самусевіч, атрымала дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім этапе рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” ў намінацыі “Нататкі юнага вандроўніка”. З гэтай жа тэмай Ганна заваявала дыплом І ступені ў Міжнародным конкурсе роднай мовы “Шматнацыянальны свет”.
Летась каманда вучняў пад маім кіраўніцтвам упершыню прадстаўляла Мінск на рэспубліканскім злёце юных краязнаўцаў. Па выніках конкурсаў, якія там праводзіліся, вучні атрымалі дыпломы І і ІІ ступені Міністэрства адукацыі, а таксама дыпломы лаўрэатаў ад Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Надзея ЦЕРАХАВА.