Літаратурны брэйн – рынг “Песняры зямлі беларускай” (да 140-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа)

- 13:33Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Любоў БАЛУЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Магілёва”

 

Абсталяванне:

– ілюстрацыя да п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”;
– рубель;
– дзве карткі з напісанымі на іх вялікімі літарамі: КНУАПГАРЛУАК;
– торбачка;
– акрайчык хлеба,  кавалак сала, апалонік;
– чорная скрыня, гонг, секундамер;
– тры сігнальныя званочкі (адзін – вядучаму, два – для гульцоў).

 

Літаратурны брэйн-рынг праводзіцца з вучнямі старшых класаў.

У гульні прымаюць удзел дзве каманды па шэсць чалавек. Вядучы прадстаўляе членаў каманды, якія займаюць свае месцы за рознымі сталамі. Пажадана, каб кожны меў паперу і ручку. Адказваць першай мае права тая каманда, якая хутчэй званочкам падасць сігнал. За кожны правільны адказ налічваецца адзін бал. На абдумванне адказаў даецца адна хвіліна.

Бліц-пытанне – гэта тры пытанні, кожнае з якіх абмяркоўваецца 20 секундаў (адзін бал за кожны правільны адказ або адзін бал за тры правільныя адказы).

У выпадку няправільнага адказу першай каманды другая каманда (калі яшчэ не прайшла хвіліна) мае права даць свой адказ.

                                           

Пытанні

1. У якім творы героі вельмі часта ўжываюць такія словы: “тудэма- сюдэма” і “вось-цо-да”? Хто яго аўтар? (“ Паўлінка”. Янка Купала.)

2. Паслухайце ўрывак з песні (гучыць запіс песні ў выкананні Мулявіна). Назавіце назву песні, аўтара слоў, імя і прозвішча спевака. (“Спадчына”, Янка Купала, Уладзімір Мулявін.)

3. Бліц. Дапоўніце цытаты класікаў:

Не шукай ты шчасця, долі
На чужым шырокім… ( полі );

Лепш быць няшчасным, але відушчым,
Чымся шчаслівым ды… ( сляпым );

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю…… ( сілы!)

4. Прыгадайце прозвішча маладога паэта-народавольца і яго верш, што далі псеўданім Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу (Пётр Якубовіч “ Колас”.)

5. Картка з літарамі. Знайдзіце спосаб прачытаць два зашыфраваныя словы – псеўданім паэта і назву яго твора. (Купала. “Курган”.)
(Заўвага: псеўданім чытаецца з першай літары праз адну, злева направа, назва адпаведна – справа налева.)

6. Назавіце раздзел паэмы і яе аўтара, дзе галоўны герой варыць клёцкі на бярозавым соку. (“Дзядзька-кухар”. Я.Колас.)

7. Чорная скрыня. У ёй знаходзіцца пяць рэчаў (прадметаў): акрайчык хлеба, торбачка, кавалак сала, рубель, апалонік.

– Герой з апавядання Якуба Коласа доўга рыхтаваўся да ўцёкаў з братавай хаты, таму збіраў прыпасы і хаваў іх у самы глухі куток пад ложкам. Тое, што ўзяў з сабою хлопчык-сірата ў дарогу, ляжыць у чорнай скрыні. (Акрайчык хлеба.)
–  Гераіня вядомай п’есы Я.Купалы рыхтуецца пайсці ў свет, таму і шые сваім дзецям гэтыя прадметы. Які прадмет знаходзіцца ў скрыні? (Торбачка.)
– Героі адной з паэм Я.Коласа былі родныя браты і вельмі сябравалі, заўсёды дзяліліся апошнім, тым, што ляжыць у чорнай скрыні. Што ж гэта? (Кавалак сала.)

8. Які час Я.Купала лічыў часам “другога свайго нараджэння”? (15 ( 28) мая 1905 года, калі з’явіўся ўдруку яго першы верш – “Мужык”.)

9. Бліц. Назавіце сапраўдныя імёны і прозвішчы:

– Янкі Купалы (Іван Дамінікавіч Луцэвіч);
– Якуба Коласа (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч);

10. Назавіце першую выканаўцу ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. (Паўліна Мядзёлка.)

11. Ілюстрацыя. Паглядзіце ўважліва на ілюстрацыю да п’есы Я.Купалы. Назавіце імёны галоўных герояў твора. (Паўлінка, Якім.)

12. Бліц. Янка Купала і Якуб Колас у жывапісе:

– Як называецца карціна Зянона Паўлоскага, напісаная мастаком у 1945 годзе. (“Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы”.)

– Хто аўтар помніка, які пастаўлены Янку Купалу ў гарадскім скверы ў Мінску. (Азгур.)
–  Аўтар карціны “Партрэт Якуба Коласа” (У.Стальмашонак.)

13. Якому тэатру ў Беларусі прысвоена імя Янкі Купалы? (Першаму беларускаму драматычнаму тэатру ў Мінску.)

14. Які тэатр носіць імя Якуба Коласа? (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.)

15. У зборніку “Казкі жыцця” Якуба Коласа ёсць казка “Ноч, калі папараць цвіце”. Каму прысвечаны гэты твор? (Янку Купалу.)

16.Каму належаць гэтыя словы? (Бандароўне.)

Дужы ты сваім багаццем,
А я сілы большай,
За мной праўда і народ мой,
За табой жа – грошы.

17. Назавіце месца і час, адлюстраваныя на карціне, калі сустрэліся паэты ўпершыню. (На хутары Смольня ў 1912 годзе.)

18. Запішыце наступныя назоўнікі:

1. Аксюмаран. 2. Інверсія. 3. Чытальнік. 4. Цырымонія.
Знайдзіце спосаб прачытаць з іх назву малой радзімы Якуба Коласа. ( Ак-ін- чы- цы – Акінчыцы.)

19. Бліц. Назавіце аўтараў і творы, героямі якіх з’яўляюцца:

– Міхалка (Я. Колас. “ Дзеравеншчына”);
– Лявон Зяблік ( Я. Купала “ Раскіданае гняздо”);
– Базыль ( Я. Колас “ У старых дубах”)

20. Чорная скрыня. Першы свой верш “Вясна” Я.Колас прачытаў бацьку. Якую ўзнагароду атрымаў будучы паэт? Гэта быў яго першы ганарар. Падобны да яго і знаходзіцца ў чорнай скрыні. (Рубель.)

21. Вызначце жанр твора Якуба Коласа “Конь і сабака”. ( Байка.)

22. Бліц. Адгадайце беларускія загадкі.

– Сівы бык у акенца шмыг. (Світанак, раніца.)
– Хоць і красен, ды не дзеўка, хоць з хвастом, ды не мыш. (Бурак.)
– Які звер пакідае птушыныя сляды? (Выдра.)

23. Вызначце жанр твора Я.Купалы “Пчолы і трутні”. (Байка.)

24. Чорная скрыня. Паслухайце ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”:

Услон заняў сваё ўжо места,
На ім  стаяла дзежка цеста,
І ……..  то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.

У скрыні знаходзіцца тое,  чым налівалі цеста. (Апалонік.)

 

Брэйн-рынг заканчваецца.

Падводзяцца вынікі. Пераможцы ўзнагароджваюцца.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий