84 кіламетры адказнасці

- 20:14В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Алена Карабейка — адзіная жанчына­-вадзіцель школьнага аўтобуса на Міншчыне. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” праехалася ў кабіне жоўтага МАЗа, каб даведацца, як праходзяць яе працоўныя будні.

Цяперашнія юныя вяскоўцы да аповедаў бабуль аб пешых паходах у школу за 3—5 кіламетраў і ў дождж, і ў холад ставяцца з недаверам. Нядзіўна. Сёння дзеці з самых аддаленых вёсак з дому ў школу і назад дабіраюцца ў цяпле і камфорце, зручна ўладкаваўшыся ва ўтульным школьным аўтобусе. Уявіць сабе, што можа быць неяк інакш, ім складана. 

Незвычайны вадзіцель

Раніца для Алены Міхайлаўны, якая працуе ў Сямёнавіцкай базавай школе Уздзен­скага раёна, пачынаецца ў 5:30. А ў 7:20 яе жоўценькі МАЗ-241 павінен выязджаць з тэрыторыі сярэдняй школы № 2 Узды, дзе звычайна застаецца на начлег. Да выхаду на змену трэба прайсці медыцынскі агляд, праверыць тэхніку, запоўніць маршрутны ліст. Зрэшты, з гэтым у Алены Карабейка, уладальніцы пасведчання вадзіцеля ўсіх катэгорый, звычайна ўсё ў парадку. Яна з той дзіўнай катэгорыі жанчын, што і каня на хаду спыніць, і ў палаючую хату ўвой­дзе. Нескладаныя паломкі транспартнага сродку прафесіянал з 29-гадовым стажам ваджэння, які ведае аўтобус як свае пяць пальцаў, ліквідуе самастойна. Нядаўна вось крыжавіну карданнага вала мяняла, непаладкі з тармазнымі калодкамі ліквідавала. Пры гэтым у кабіне ўсё па-дамашняму, адчуваецца жаночая рука: тут табе абярэгі, жыццесцвярджальныя афірмацыі, дзіцячыя цацкі, сувеніры.

Вадзіць школьны аўтобус можа той, чый стаж кіравання механічным транспартным сродкам катэгорый “B”, “C” або “D” не менш як 3 гады, хто не прыцягваўся на працягу апошняга года да адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні на дарозе.

Вадзіцелем аўтобуса Алена Міхайлаўна працуе дзясяты год. Яшчэ да 15 жніўня гэтую работу яна сумяшчала з пасадай начальніка гаспадарчага ўпраўлення цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Уздзенскага раёна, а таму выдатна ведае і ўсіх калег-вадзіцеляў на Уздзен­шчыне, і асаблівасці школьных маршрутаў, бо прымала самы непасрэдны ўдзел у іх распрацоўцы. Дарэчы, і цяпер ёй тэлефануюць мужчыны-вадзіцелі, каб атрымаць кансультацыю наконт паломкі ці нейкай няштатнай сітуацыі.

Першы і самы далёкі пункт на штодзённым працоўным маршруце — вёска Падсадскія. Да яе ад Узды каля 16 кіламетраў.

Школьны аўтобус павінен быць абавязкова жоўтага колеру, каб яго добра бачылі на дарозе, мець апазнавальныя знакі ззаду і спераду “Дзеці” і такія ж надпісы па баках. На даху падчас прыпынку (пасадкі-высадкі дзяцей) уключаюцца аранжавыя маячкі, каб прыцягнуць увагу іншых удзельнікаў дарожнага руху. 

—  Наш ранішні шлях працягласцю 42 кіламетры выглядае так: Узда — Падсадскія — Букавічы — Сямёнавічы — Першамайск — Кухцічы — Сямёнавічы — Узда, — знаёміць мяне з будучай дарогай вадзіцель. —  Выязджаючы з Узды, аўтобус забірае першых школьнікаў і дашкалят з вёсак Падсадскія і Букавічы. Затым у 7:55 старэйшыя дзеці высаджваюцца ў школе ў Сямёнавічах, а ў аўтобус садзяцца малыя. Транспарт па дарозе забірае пасажыраў у Першамайску, а каля 8:00 малыя і першаклашкі выходзяць у Кухцічах, дзе размя­шчаецца дзіцячы сад і першы клас школы. Іх месцы займаюць школьнікі з Кухціч, і аўтобус зноў едзе ў Сямёнавіцкую базавую школу, дзе ў 8:20 выходзіць другая партыя навучэнцаў разам з суправаджаючым педагогам.

“Цётка Алена” і “пляменнічкі”

Хлапчукі і дзяўчынкі раніцай нешматслоўныя. Адны дрэмлюць, плаўна пагойдваючыся ў такт рухаў аўтобусу, другія глядзяць у акно, трэція захоплены гульнёй у тэлефоне. Для малых, якія раніцай не ў настроі, у салоне ёсць плюшавы заапарк.

У дарозе школьнікаў і дашкольнікаў суправаджаюць педагогі, якія глядзяць, каб дзеці былі прышпіленыя, правільна ажыццяўлялі пасадку і высадку, не скакалі з прыступак, не штурхаліся.

— Дзеці звычайна спакойныя ці, здараецца, могуць і пашумець у дарозе? — цікаўлюся ў Алены Міхайлаўны, якую, дарэчы, юныя пасажыры па-свойску называюць “цётка Алена”.

— Усякае бывае. “Пляменнічкі” могуць і пашумець, асабліва весела ім пасля ўрокаў па дарозе дадому. Але шумяць нядоўга. Мне толькі варта прытармазіць і сказаць, што спыняюся, — тут жа змаўкаюць.

Калі раніцай дзеці прыходзяць сумныя, Алена Міхайлаўна цікавіцца, што здарылася. Тыя звычайна ахвотна дзеляцца і горам, і радасцю. Адзін хлопчык ёй нядаўна расказаў, што закахаўся ў дзяўчынку, заляцаўся, кветкі дарыў, рукзак насіў, аднак ніяк не зразумее, як яна да яго ставіцца.

— Я яго паспрабавала суцешыць, маўляў, не хвалюйся, справа жыццёвая, а пасля ўрокаў прывезла ў падарунак лёску з гаплікамі, — успамінае мая суразмоўніца. — У аматара рыбнай лоўлі настрой адразу палепшыўся. Дзевяцікласніцы На­дзі, якая днямі таксама была не ў настроі, прывезла сланечнік з агарода, тая таксама ўжо некалькі дзён ходзіць з усмешкай на твары.

Каля 9 гадзін Алена Карабейка зноў ва Уздзе на стаянцы. Аднак сядзець склаўшы рукі ёй не прыходзіцца. Аўтобус трэба памыць, прыбраць салон. Часам транспарт неабходна на яму загнаць, праверыць, ці ўсё ў парадку. Так незаўважна і пралятаюць першыя 3,5 гадзіны працоўнага часу.

Днём, падчас перапынку, Алена Міхайлаўна паспявае заняцца гаспадаркай. Летам шмат спраў на агародзе, дзе ў цяпліцы растуць 19 (!) гатункаў таматаў, а на градках спеюць агуркі, кабачкі, буракі, зеляніна, спаржавая фасоля. Патрабуе ўвагі і ружоўнік.

— У дрэннае надвор’е заўсёды ёсць чым заняцца дома, — гаворыць Алена Міхайлаўна, гасцінна запрасіўшы мяне на кубак гарбаты і прадэманстраваўшы амаль скончаны рамонт. —  Вось засталося ў бойлернай далажыць вадкія шпалеры, а ў гасціную абедзенны стол паставіць.

Летась Алена Карабейка перамагла на першым рэгіянальным конкурсе “Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса Мінскай вобласці”, а сёлета заваявала дыплом I ступені, прадэманстраваўшы лепшыя тэарэтычныя веды ПДР. Яе фота ўпрыгожвае мясцовую Дошку гонару.

Столь і сцяна з гіпсакардону з дэкаратыўнымі нішамі, упрыгожанымі рознакаляровай падсветкай, якія гаспадыня дома зрабіла сваімі рукамі, як і ўсю электрыку, проста здзіўляюць. Дызайн сцяны з электракамінам, як і камбінацыю ламінату са шпалерамі, яна таксама прыдумвала сама.

Перад выездам за дзецьмі мы паспяваем выгуляць 5-гадовага хаскі Акелу, які заўсёды любіць прайсціся з гаспадыняй да аўтобуса.

Маршрут наадварот

15:30 — час выязджаць з Узды ў Сямёнавічы і развозіць дзяцей па дамах.

— А якія непрадбачаныя сітуацыі здараюцца на дарогах? — асцярожна пытаюся я.

— Ну, паламацца можна ў дарозе ці зімой забуксаваць у снежным заносе.

— І што тады?

— Калі сама не спраўляюся, тэлефаную і прашу аб дапамозе, але гэта рэдка здараецца. Аднойчы зімой давялося засесці непадалёк ад вёскі Куль. Дапамогу чакалі нядоўга, неўзабаве нас выцягнуў трактар. Раней па восені, бывала, дарогу размывала так, што не праехаць, але цяпер на маршруце практычна ўсюды асфальт, таму ліўні не страшныя.

Па словах Алены Міхайлаўны, часам можна ў дарозе сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовай фаўны: ласямі, казулямі. На гэты выпадак у кабіне ёсць… бінокль.

— Калі жывёлы ўдалечыні, дзеці з цікавасцю разглядваюць іх. А аднойчы і бінокль не спатрэбіўся, — узгадвае адну такую незабыўную сустрэчу Алена Карабейка. — Два ласі з вялізнымі галінастымі рагамі раптоўна апынуліся каля лабавога шкла. Аднаго я бачыла здалёк. Ён павольна выйшаў на дарогу і спыніўся, нібы чакаючы нас. Калі я прытармазіла, знянацку справа з’явіўся другі лось. Стаім і глядзім адно на аднаго — я на іх, яны на мяне. Тут, галоўнае, не напужаць жывёліну: ні сігналіць, ні ехаць. Інакш дзікі звер можа атакаваць.

Тым часам на часах 15:45. Наш аўтобус спыняецца ля Сямёнавіцкай школы. Лагістыка прыкладна тая ж, толькі наадварот: першыя прыпынкі ў Кухцічах. Затым дарога ляжыць праз Першамайск — Сямёнавічы — Букавічы — Падсадскія. Юныя разумнікі і разумніцы пасля працоўнага дня паводзяць сябе ажыўлена, з задавальненнем пазіруюць на камеру. У 16:40 апошнія пасажыры пакідаюць аўтобус.

Я з Аленай Міхайлаўнай развітваюся ва Уздзе. Яна ставіць транспарт на стаянку, а я саджуся на маршрутку да Мінска. Заўтра субота. Алену Карабейка чакае 5-гадзінны працоўны дзень. З 8.00 да 13.00 дзяцей трэба адвезці на факультатывы, гурткі і іншыя мерапрыемствы шостага школьнага дня, а затым даставіць дадому. 

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий