“Я люблю цябе, мая Беларусь”. Гульня для вучняў 5–7-х класаў

- 10:10Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

У матэрыяле прадстаўлены сцэнарый гульні-віктарыны “Я люблю цябе, мая Беларусь”

 

Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: выхоўваць у навучэнцаў патрыятычную самасвядомасць і грамадзянскую культуру праз асэнсаванне духоўных каштоўнасцей, абуджэнне павагі і пачуцця любові да роднай мовы, ствараць умовы для творчай і сацыяльнай самарэалізацыі кожнага з дзяцей.

Задачы: развіццё моўнай чуйнасці, цікавасці да вывучэння беларускай мовы; выяўленне і падтрымка творчага патэнцыялу кожнага вучня.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя “Я люблю цябе, мая Беларусь”

 

Ход мерапрыемства

Вядучы: Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забываць мову, не шануе яе. Сёння ў нас ёсць магчымасць паглыбіць уласныя веды, павысіць моўны ўзровень. Прапануем гэта зрабіць у час гульні «Я люблю цябе, мая Беларусь»

Прывітанне вам, гульцы –
I дзяўчаты, і хлапцы.
Гледачоў усіх вітаю,
Добра бавіць час жадаю.
Вам, гульцы, пабольш адказаў,
Ды парупцеся ўсе разам!
I, як песня жаўрукова,
Будзе вечнай наша мова.


РАЎНД 1. Прадстаўленне каманд

Капітаны прэзентуюць свае каманды.

 

РАЎНД 2. Размінка

І каманда

1. Які горад быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага? (Наваградак)
2. Вымаўленне аднаго са складоў з большай сілай і працягласцю. (Націск)
3. Беларускі шоўк. (Лён)
4. Полацкая князёўна, дачка князя Рагвалода. (Рагнеда)
5. Назавіце імя і прозвішча майстра, які зрабіў па замове Еўфрасінні Полацкай славуты крыж. (Лазар Богша)
6. Як называецца пытанне, якое не патрабуе адказу? (Рытарычнае)
7. Вышэйшы пункт напружання ў развіцці дзеяння мастацкага твора. (Кульмінацыя)
8. Замяніце сінонімам фразеалагізм “хоць іголкі збірай”. (Светла)
9. Белае поле, чорнае семя, хто яго сее, той разумее. (Кніга)
10. У якім горадзе нарадзіўся Ісус Хрыстос? (Віфлеем)

 

ІІ каманда

1. Мастацкі троп, у аснове якога ляжыць супастаўленне дзвюх з’яў. (Параўнанне)
2. У якім раздзеле мовазнаўства вывучаюцца правілы вымаўлення слоў? (Арфаэпія)
3. Якую назву меў пашыраны і папулярны ў мінулыя часы на Беларусі лялечны тэатр? (Батлейка)
4. Назавіце імя полацкага князя, празванага ў народзе Чарадзеем. (Усяслаў)
5. Язычніцкі бог грому і маланкі. (Пярун)
6. Від зброі, які выкарыстоўваўся ў сярэднія вякі пры паляванні на зуброў. (Кап’ё)
7. Якое возера называюць беларускім морам.? (Нарач)
8. Без станка, без рук, а кросны тчэ. (Павук)
9. Прадоўжыце прыказку: “Радзіма – матка, чужына –…”. (Мачаха)
10. Назавіце свецкае імя Еўфрасінні Полацкай. (Прадслава)

 

Пытанні для гледачоў

1. Надрадковы знак у выглядзе коскі. (Апостраф)
2. Раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму гукаў. (Фанетыка)
3. Якое дрэва выклікала ў беларускага народа негатыўныя асацыяцыі, яго лічылі “нячыстым”? (Асіна)
4. Што з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам беларускай хаты, які замяніў старажытныя ачагі: яму надавалася асаблівая павага і пашана? (Печ)
5. Як раней называлі канікулы? (Вакацыі)
6. Што азначае слова “біблія” ў перакладзе з грэчаскай мовы? (Кніга)
7. Той, хто зможа ў поўнач адшукаць і сарваць яе, стане самым багатым чалавекам, будзе валодаць незвычайнымі здольнасцямі. Што гэта за расліна? (Папараць-кветка)
8. Як мы называем фальклорны твор, які падаецца і ўспрымаецца як верагоднае, хоць яно і не пацверджана гістарычнымі фактамі? (Легенда)
9. Назавіце вядомага дзеяча эпохі Адраджэння, які пераклаў Біблію на беларускую мову і выдаў яе 23 кнігі з 1517 па 1519 год. (Францыск Скарыны)
10. Назавіце псеўданім Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. (Якуб Колас)

 

РАЎНД 3. Закончы прыказку

Вядучы: Звернемся да залатога фонду нашай мовы, да тых адзінак, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Гэта прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, якія робяць нашы выказванні больш яркімі, каларытнымі. Мы выкарыстоўваем іх у маўленні, аднак ці заўсёды правільна і дарэчы? Высветлім, што вы ведаеце пра гэтае моўнае багацце. За кожную правільную прыказку каманда атрымлівае 1 бал.

Ваўкоў баяцца … (у лес не хадзіць).
У чужым воку саломку бачым… (у сваім бервяна не заўважаем).
Хто апарыцца на малацэ… ( той і на ваду дзьмухае).
Было б балота… (а чэрці знойдуцца).
Век жыві… ( век вучыся).
Гром не грымне… (мужык не перахрысціцца).
Гультай за работу… (мазоль за руку).
Каб ведаў, дзе ўпадзеш... (то саломкі падаслаў бы).
З ваўкамі жыць… (па-воўчы выць).
Бадлівай карове… (бог рог не дае).
Ведае кошка… (чыё сала з’ела).
Добрая слава на палічцы ляжыць… (а дрэнная па дарожцы бяжыць).

 

РАЎНД 4. Перакладчык

Запішыце па-беларуску словы, словазлучэнні.

Овощи, пища, жареный картофель, оладьи из картофеля; дайте, пожалуйста, ломтик хлеба; всегда желайте приятного аппетита; лакомство, карандаш, варёное яйцо, вкусный завтрак.

Адказы: агародніна, ежа, смажаная бульба, дранікі (аладкі з бульбы); дайце, калі ласка, скібачку (лустачку) хлеба; заўсёды жадайце прыемнага апетыту (або: смачна есці); ласунак, аловак, варанае яйка, смачны сняданак.

Гульня з гледачамі.
Падбярыце беларускія адпаведнікі да рускіх слоў.

Черника – чарніцы, одуванчик – дзьмухавец, неделя – тыдзень, карандаш – аловак, расписание – расклад, оттепель – адліга, серёжки – завушніцы, цепь – ланцуг, пуговица – гузік, одеяло – коўдра, забор – плот, ежевика – ажыны, клюква – журавіны.

 

РАЎНД 5. Тлумачальнік

3 трох варыянтаў выберыце адзін правільны (на экране дэманструецца запіс).
I каманда. 

Аметыст:
1) чалавек, які займаецца вывучэннем камянёў;
2) каштоўны камень фіялетавага або блакітна-фіялетавага колеру;
3) старадаўняя руская трохкапеечная манета.

II каманда. 

Аплік:
1) кручок для зашпільвання вопраткі;
2) надзейная апора, цвярдыня, абарона;
3) крайняя, з аднаго боку выпуклая дошка.

I каманда. 

Буклі:
1) муць, асадак у вадкасці;
2) трос, на якім адно судна цягне другое;
3) завітыя кольцамі валасы, локаны.

II каманда. 

Бурун:
1) цвёрдая празрыстая смала жоўтага колеру;
2) пеністая хваля;
3) пупышка кветкі.

I каманда. 

Грабар:
1) землякоп;
2) ніжняя частка доменнай печы;
3) музычны апарат з рупарам для перадачы гукаў.

II каманда. 

Гарбар:
1) кош для пасажыраў паветранага шара;
2) крук, зачэп у багры;
3) спецыяліст, які вырабляе шкуры.

 

РАЎНД 6. Апрані ляльку

Вядучы: Цяпер звернемся да іншых бакоў народнай культуры. З дзяцінства ўсе мы ведаем гульню “Апрані ляльку”. Уявім сабе гэту ляльку і паспрабуем апрануць яе. На картках – назвы розных відаў беларускага народнага адзення і абутку: мужчынскага і жаночага. Але між імі схаваліся словы-“самазванцы”. Вам трэба выбраць усе віды адзення. Будзьце пільныя: не апраніце вашу ляльку ў нешта недарэчнае. За кожнага “злоўленага самазванца” каманда пазбаўляецца аднаго бала.

Панёва, світка, выжал, жупан, вапняк, андарак, каптур, гэбель, нагавіцы, адрына, магерка, вёрстка, боты, абрус, намітка, фартух, кашуля.

 

РАЎНД 6. Грані слова

Растлумачце значэнне фразеалагізмаў.

Кляваць носам – драмаць
губы надзьмуць – пакрыўдзіцца
зарубіць на носе – запомніць
рабіць выгляд – прыкідвацца
разводзіць рукамі – здзіўляцца
душа ў душу – дружна
ні свет ні зара – рана
пусціць у ход – прымяніць
за дзедам шведам – вельмі даўно
гады ў рады – рэдка
як мокрае гарыць – марудна

 

РАЎНД 7. Накармі ляльку

Вядучы: Лялька апранутая. Трэба накарміць яе. Умовы тыя самыя. На картках – назвы беларускіх народных страў і словы-“самазванцы”.

Мачанка, конаўка, верашчака, пячурка, мянташка, ламанцы, наліснікі, лядоўня, калдуны, жырандоль, узвар.

 

РАЎНД 7. Хто ёсць хто

Вядучы: Культура не ствараецца сама па сабе, культуру ствараюць людзі. Наколькі добра вы ведаеце знакамітых людзей, якімі ганарыцца Беларусь? Вы атрымалі карткі з пераблытанымі звесткамі. За дзве хвіліны вам трэба прывесці іх у парадак. За правільны адказ – 1 бал.

1) Янка Купала, 2) Францыск Скарына, 3) Ігнат Буйніцкі, 4) Мікола Ермаловіч, 5) Стафанія Станюта, 6) Эмілія Плятэр, 7) Ігнат Дамейка, 8) Лявон Вольскі, 9) Браніслаў Тарашкевіч, 10) Яўхім Карскі, 11) Барбара Радзівіл, 12) Вацлаў Ластоўскі, 13) Вітаўт.

а) вучоны, геолаг; б) прарок беларускай нацыі; в) актрыса; г) стваральнік беларускай граматыкі; д) першадрукар; е) гісторык; ё) удзельніца паўстання 1830-1831 гг.; ж) стваральнік нацыянальнага тэатра; з) гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч; і) удзельнік рог-гурта NRM; к) вялікі князь; л) лінгвіст; м) жонка караля Жыгімонта Аўгуста.

Адказы: 1б, 2д, 3ж, 4е, 5в, 6ё, 7а, 8і, 9г, 10л, 11м, 12з, 13к.

 

РАЎНД 8. 7 падказак

Вядучы згадвае некалькі асоб Беларусі і дае па 7 падказак. Хто адгадае з першай падказкі, атрымае 7 балаў, з другой – 6 балаў і г. д.

1-я асоба
– Беларускі паэт.
– Яго бацька быў вядомым фалькларыстам і этнографам.
– Большую частку жыцця ён пражыў не ў Беларусі, але самастойна вывучыў беларускую мову і пісаў на ёй вершы.
– У раннім дзяцінстве жыў у Гародні.
– Пісаў вершы класічных формаў, чым узняў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень.
– Памёр на 26 годзе жыцця ў Ялце.
– Аўтар зборніка “Вянок”.
Адказ: Максім Багдановіч

2-я асоба
– Жыў у XII стагоддзі.
– Сын вельмі багатых бацькоў.

– Быў манахам і займаўся літаратурнай дзейнасцю.
– Праведнае жыццё зрабіла яго настолькі паважаным, што людзі прасілі яго стаць епіскапам.
– Быў цудоўным прамоўцам.
– Нашы продкі называлі яго Златавустам.
– Нарадзіўся ў Тураве.
Адказ: Кірыла Тураўскі

3-я асоба
– Полацкая князёўна надзвычайнай прыгажосці.
– Яе бацька першы вядомы нам полацкі князь.
– У канцы жыцця пайшла ў манастыр.
– Яе другое імя Гарыслава.
– Праз яе сына Ізяслава была адноўлена дынастыя полацкіх князёў.
– Яе праўнук – Усяслаў Чарадзей.
– Князь Уладзімір прымусіў яе выйсці за сябе замуж пасля таго як захапіў Полацк і забіў яе бацькоў і братоў.
Адказ: Рагнеда

4-я асоба
– Полацкая князёўна.
– Унучка Усяслава Чарадзея.
– У 12 гадоў пастрыглася ў манашкі.
– Настаўніца, асветніца, перапісчыца.
– Мецэнатка, фундатарка Спаскага сабора.
– Адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якая была абвешчана святой.
– Нябесная заступніца Беларусі.
Адказ: Еўфрасіння Полацкая

Прад табой – старонкі кніг
3 мілым, любым, родным словам,
Так бруіцца наша мова –
Мова прадзедаў тваіх.
Кніга ж – мудрасці глыток,
Палюбі яе спачатку,
I засвоіш ты, дзіцятка,
Што яна – да ведаў крок.
                            (Кастусь Жук)

 

Вядучы: Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова з радыё, тэлеэкранаў, упрыгожвае старонкі газет і кніг, гучыць на вуліцах і ў розных установах. Ведайце, што найлепшы ваш твар, вопратка ваша, душа ваша – родная мова. Размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – іншыя захочуць адказаць вам тым жа. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Мова – жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на «трасянцы», а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове. Гаварыце па-беларуску самі і разам з намі.

Падвядзенне вынікаў гульні

 

Тлумачальны слоўнік:

Абрус – кавалак тканіны спецыяльнага вырабу, якім засцілаюць стол; настольнік.
Адрына – халодная будыніна для захоўвання кармоў, інвентару.
Андарак  саматканая паласатая або ў клетку спадніца.
Боты – скураны абутак з высокімі халявамі.
Вапняк – асадкавая горная парода, якая мае ў сабе вапну.
Вёрстка – размяшчэнне друкарскага набору па старонках.
Выжал  гончы сабака.
Гэбель – сталярскі інструмент для стругання дрэва.
Жупан верхняе мужчынскае адзенне з каляровага сукна.
Каптур – дзіцячы або жаночы вязаны галаўны ўбор, які завязваецца пад падбароддзем.
Кашуля – адзенне з лёгкай тканіны на верхнюю частку цела.
Магерка – мужчынскі галаўны ўбор, які меў выгляд каўпака ці ўсечанага конуса.
Нагавіцы – споднікі, кальсоны.
Намітка – доўгі вузкі кусок кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай; галаўны ўбор замужніх жанчын.
Панёва – даўняе жаночае паясное адзенне (спадніца, сшытая з 2 ці 3, 4 полак).
Світка  доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна.
Фартух  жаночая адзежа, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу.
Мачанка – страва з сала, мяса і каўбасы, падкалочаная мукой.
Конаўка – металічная пасудзіна з ручкай для піцця вады.
Верашчака  рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі.
Пячурка  невялікая ніша ў сцяне печы.
Мянташка – наждачная лапатка, якой востраць косы.
Ламанцы – даўняя мучная страва.
Наліснікі – тонкія бліны з пшанічнай мукі.
Лядоўня  склеп для захоўвання прадуктаў.
Калдуны – клёцкі, начыненыя мясам або іншым фаршам.
Жырандоль – фігурны падсвечнік для некалькіх свечак.
Узвар – адвар з ягад, траў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий