Настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 15 Магілёва Сяргей Архіпаў у педагогіцы ўсяго пяць гадоў, а ўжо мае шэраг працоўных дасягненняў. Самае адметнае з іх — перамога ў гарадскім конкурсе на званне лепшага класнага кіраўніка.
— У прафесію я прыйшоў свядома. Калі стаяў перад гэтым выбарам, неяк сам зразумеў, што мне бліжэй за ўсё настаўніцтва. Ужо прайшоўшы педагагічнае станаўленне, упэўніўся, што не памыліўся. У школе змог рэалізаваць увесь свой патэнцыял. Асабліва мае творчыя здольнасці раскрыліся ў класным кіраўніцтве, — расказвае Сяргей Аляксеевіч.
Паводле яго слоў, сучасны класны кіраўнік павінен умець быць акцёрам, рэжысёрам, экскурсаводам, псіхолагам, а таксама пераўвасобіцца яшчэ ў шэраг роляў у залежнасці ад сітуацыі. Не менш значныя таксама дабрыня, адукаванасць, культура, прафесіяналізм.
— Перакананы, што педагог вучыць у першую чаргу сваім прыкладам. Таму класнаму кіраўніку неабходна быць асобай з дакладнымі каштоўнасцямі і ўстаноўкамі, быць цікавым суразмоўнікам з шырокім кругаглядам. Дзецям гэта вельмі важна, бо яны ўвесь час дзеляцца сваімі думкамі, задаюць пытанні з самых розных сфер і хочуць атрымаць на іх адказы. Але галоўнае ў гэтай рабоце ўсё ж жаданне кіраваць класам, — перакананы Сяргей Архіпаў.
Непасрэдна ў Сяргея Аляксеевіча такое жаданне было. Вядома, былі і сумненні: раптам не хопіць ведаў, уменняў і навыкаў? Аднак імкненне паспрабаваць сябе ў новай справе перамагло.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 25 кастрычніка 2022 года.