Сцэнарый музычнага занятка з элементамі тэатралізацыі і логарытмікі
Юлія ЯНКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць
Мэта: фарміраванне асноў эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва.
Праграмныя задачы:
– развіваць творчыя здольнасці дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай тэатральнай дзейнасці;
– паглыбіць уменні перадаваць характэрныя асаблівасці музычнага ладу мімікай, рухамі, пантамімікай адначасова з успрыманнем музыкі;
– фарміраваць уменні выкарыстоўваць спосабы імправізацый па выбраным ці прапанаваным гульнявым вобразе ў спевах са стварэннем цэласнай кампазіцыі, якая перадае ў розных інтанацыях назву вобраза, яго характар, настрой, дзеянне;
– актывізаваць веды дашкольнікаў пра жывёлу (каня);
– спрыяць стварэнню беларускамоўнага асяроддзя.
Музычны матэрыял: “Прывітанка”, Р.Шуман “Смелы наезнік”, “Арэшкі” (сл. В. Жуковіча, муз.Э. Казачкова).
Абсталяванне: фартэпіяна, фоназапіс (Р.Шуман “Смелы наезнік”), магнітна-маркерная доска з малюнкам каня, малюнкі розных страў, какошнікі каня на палову дзяцей, клавесы на другую палову дзяцей, арэхі розных відаў, кошыкі для збору арэхаў.
Ход занятку
Дзеці ўваходяць у музычную залу пад розныя музычныя найгрышы, якія змяняюцца паміж сабой (марш, бег, марш, падскокі, марш).
Адразу ж становяцца ў два колы насупраць адно аднаго на “Прывітанку”.
“Прывітанка”
Музычны кіраўнік:
Ці ўсе ёсць? Вітаю вас! (Трымаюць рукі на поясе)
Пачынаем, бо ўжо час! (Робяць пружынку)
Ёсць тут я, (Паказваюць на сябе)
Ёсць тут ты! (Паказваюць на сваю пару)
Раз, (Пляскаюць сябе вышэй каленяў)
Два, (Пляскаюць у далоні)
Тры! (Пляскаюць у далоні сваёй пары)
Дзеці, якія стаяць ва ўнутраным коле застаюцца на месцы. Вонкавае кола робіць крок управа, пераходзіць да наступнай пары. Пры кожным выкананні атрымліваецца новая пара. Паўтарыць некалькі разоў. Затым сядаюць на свае месцы.
Музычны кіраўнік: Як мы цудоўна з вамі павіталіся! Паглядзіце, хто сёння завітаў да нас у госці? (Адказы дзяцей). Правільна, конь. А як ён скача? Што робяць яго капыты, калі ён скача? (Адказы дзяцей) Так, стукаюць. Можна яшчэ сказаць – цокаюць. Зараз і мы з вамі павучымся цокаць, толькі рабіць гэта будзем языком.
Артыкуляцыйнае практыкаванне “Конік”
Прысмактаць язык да паднябення, цокнуць языком. Цокаць павольна, моцна, цягнуць пад’языковую звязку. Зрабіць 10–15 разоў.
Музычны кіраўнік: Вельмі добра! На папярэднім занятку мы з вамі знаёміліся з новым музычным творам “Смелы наезнік” кампазітара Роберта Шумана.
Хто такі наезнік? (Чалавек, які добра ездзіць вярхом на кані, яздок). Зараз мы паслухаем яшчэ раз гэты музычны твор.
Актыўнае слуханне – Роберт Шуман “Смелы наезнік”
Адна палова дзяцей атрымлівае какошнік каня, другая – клавесы. Пры слуханні музычнага твора дашкольнікі рытмічна граюць на клавесах, іншыя робяць падскокі адно за адным, звонка цокаючы. Пры наступным праслухванні твора дзеці мяняюцца ралямі. Пасля дзеці сядаюць.
Музычны кіраўнік: Нашы коні скакалі, стаміліся, вырашылі адпачыць.
Артыкуляцыйнае практыкаванне “Незадаволены конік”
Паток выдыханага паветра лёгка і актыўна пасылаць да вуснаў, пакуль яны не стануць вібраваць. Атрымліваецца гук, падобны на пырханне каня. Паўтарыць 4–5 разоў.
Музычны кіраўнік: Як вы думаеце, чаму наш конік незадаволены? Што здарылася? (Конь доўга скакаў, стаміўся, хоча адпачыць, хоча есці). Давайце пакажам, які галодны наш конь.
Артыкуляцыйнае практыкаванне “Галодны конік”
Уцягнуць шчокі, затрымаць некаторы час такое становішча, расслабіць шчокі. Паўтарыць 5 разоў.
Музычны кіраўнік: А зараз мы будзем карміць нашага каня. Што можа і любіць есці конь? (Адказы дзяцей)
Гульня “Прысмакі для каня”
Дзецям прапаноўваецца розная ежа (карткі) на стале. Яны павінны выбраць, чым з гэтага можна пакарміць каня. Па аднаму падыходзяць да стала і прымацоўваюць з дапамогай магнітаў патрэбны малюнак на магнітную дошку, дзе знаходзіцца конь (“кормяць” яго).
Музычны кіраўнік: Паглядзіце, які задаволены стаў наш конь!
Артыкуляцыйнае практыкаванне “Сыты конік”
Надуць спачатку абедзве шчакі, потым надуваць па чарзе: левую, правую, левую, правую.
Музычны кіраўнік: Малайцы! Пакармілі каня. Цяпер ён сыты і задаволены.
А зараз, успомнім нашу песню “Арэшкі”. Мы ўжо вывучылі з вамі два слупкі. Сёння давучым песню да канца, даведаемся, чым скончылася гісторыя пра Алежку і яго сястрычку Жэньку.
Выконванне песні “Арэшкі” (сл. В. Жуковіча, муз.Э. Казачкова).
Музычны кіраўнік: Што ж здарылася з арэшкамі, якія сабраў брат для сваёй сястрычкі? Ці атрымала яна іх? (Адказы дзяцей. Пакуль дзеці адказваюць на пытанні, рассыпаць арэхі).
Паглядзіце! А вось і арэхі, што рассыпаў Алежка! Зараз мы з вамі будзем імі карміць вожыка і вавёрачку.
Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Адна каманда будзе карміць вожыка, другая – вавёрачку. Пад музыку па чарзе дашкаляты падымаюць адзін арэх і нясуць яго ў кошык, які знаходзіцца перад вожыкам і перад вавёркай.
Рэфлексія
Дзеці паўкругам сядаюць на дыван на кукішкі. Музычны кіраўнік сядае насупраць іх, у руках трымае невялікі мяч. Па чарзе задае пытанні дашкалятам. З кожным пытаннем коціць мяч каму-небудзь. З адказам дзіцяці вяртаецца мяч. І гэтак далей.
Музычны кіраўнік: Хто сёння завітаў да нас у госці? Што здарылася з арэшкамі? Які музычны твор мы з вамі слухалі? Што б ты хацеў (хацела) паўтарыць на наступным занятку? Што не хочаш рабіць на наступным занятку? Вы ўсе вельмі добра сёння працавалі! Малайцы!
Пастраенне на развітанне. Развітанне.
Музычны кіраўнік: Да сустрэчы, дзеці!
Дзеці: Сустрэнемся!
Пад гукі бадзёрага марша дзеці выходзяць з музычнай залы.