Поўная і кароткая формы дзеепрыметніка. План-канспект урока па беларускай мове ў 7-м класе

- 14:53БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Поўная і кароткая формы дзеепрыметніка. План-канспект урока па беларускай мове ў 7-м класе

Алена АСТРАМЕЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Трабская сярэдняя школа Іўеўскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Задачы:

– дапамагчы вучням асэнсаваць утварэнне і ўжыванне кароткай формы дзеепрыметніка, яе сінтаксічную ролю ў сказе;
– спрыяць фарміраванню ўмення адрозніваць поўныя і кароткія дзеепрыметнікі;
– стварыць умовы для ўдасканальвання камунікатыўных якасцей вучняў, развіцця аналітычных уменняў, мыслення;
– садзейнічаць выхаванню цікавасці да роднай мовы, беражлівых і эканомных адносін да прыроды.

Прагназуемы вынік урока:

– вучні ведаюць асаблівасці ўтварэння і ўжывання кароткай формы дзеепрыметніка, яе сінтаксічную ролю ў сказе;
– умеюць размяжоўваць дзеепрыметнікі ў поўнай і кароткай формах, вызначаць іх сінтаксічную ролю; правільна ўжываць поўную і кароткую формы дзеепрыметнікаў.

Тып урока: урок камбінаванай будовы.

Матэрыялы і абсталяванне: вучэбны дапаможнік для 7-га класа “Беларуская мова”; мультыборд; мультымедыйная прэзентацыя; карткі з тэкстам; карты ўліку ведаў.

 

Ход урока

І Арганізацыйна-матывацыйны этап

1. Растлумачце фразеалагізмы. Якія з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

– як сам не свой (збянтэжыўся, страціў валоданне сабой, надзею на выхад са становішча);
– падстаўляць плячо (прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну);
– трымаць вуха востра (быць пільным, асцярожным).

2. Адгадайце загадкі:

Расчыніцца ночка – глянуць з яе лісточкі; хто іх разглядае, той многа пазнае (Кніга).
Цяпло прыйдзе – апранецца, холад настане – распранецца (Дрэва).

– Знайдзіце лагічную сувязь паміж словамі-адгадкамі. (Кніга зроблена з паперы, а папера – з драўніны). Кніга дапаможа нам паглыбіць веды пра дзеепрыметнік.

 

ІІ Праверка дамашняга задання

Практыкаванне 147. Назавіце дзеепрыметнікі, утвораныя ад дзеясловаў.

 

ІІІ Актуалізацыя ведаў

1. Тэарэтычная моўная дыктоўка “Адкажы адным словам”:

1) Дзеепрыметнік – гэта асобая форма… (дзеяслова).
2) Як і прыметнікі, дзеепрыметнікі змяняюцца па родах, ліках і … (склонах).
3) Як і дзеясловы, дзеепрыметнікі маюць катэгорыі трывання і … (часу).
4) Дзеепрыметнікі з залежнымі словамі ўтвараюць… (дзеепрыметны зварот).
5) Да якога стану адносяцца дзеепрыметнікі, што абазначаюць прымету, якую ўтварыў сам прадмет? (Да незалежнага).
6) Дзеепрыметнікі якога стану найбольш ужывальныя ў беларускай мове? (Залежнага).

2. Замяніце дзеясловы дзеепрыметнікамі залежнага стану і ўтварыце словазлучэнні:

Прынесці (вада), сказаць (фраза), збудаваць (дом), вымыць (падлога), перакладаць (тэкст), даглядаць (сад).

 

IV Мэтавызначэнне

– Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з поўнай і кароткай формамі дзеепрыметніка.

Вучні фармулююць задачы ўрока, выкарыстоўваючы дзеясловы па схеме “ўспомніць → даведацца → навучыцца”.

 

V Вывучэнне новага матэрыялу

1. Відэалекцыя (3 мін. 50 сек), размешчаная ў Адзіным інфармацыйным адукацыйным рэсурсе (https://eior.by/catalog_lecture/7-klass/belmova/18.php).

2. Практыкаванне 148.

3. Знаёмства з правілам на с. 87–88.

– У чым асаблівасць ужывання поўных і кароткіх формаў дзеепрыметнікаў у беларускай мове?

4. Праца з моўнай табліцай. Пытанні для аналізу:

– Звярніце ўвагу на род і лік дзеепрыметнікаў.
– На якія пытанні адказваюць дзеепрыметнікі?
– Параўнайце сінтаксічную функцыю поўных і кароткіх дзеепрыметнікаў (поўная форма – азначэнне, кароткая – выказнік).
– Звярніце ўвагу на становішча дзеепрыметнікаў у адносінах да назоўніка (поўная форма – перад назоўнікам, кароткая – пасля назоўніка).
– Якія канчаткі маюць дзеепрыметнікі ў поўнай і кароткай форме?
– Якія дзеепрыметнікі не маюць кароткай формы?

Запаўненне параўнальнай табліцы “Поўная і кароткая формы дзеепрыметнікаў”.

 

Поўная і кароткая формы дзеепрыметнікаў

Прыметы

Поўная форма

Кароткая форма

змяняюцца

па родах, ліках, склонах

па ліках, у адз.л. па родах

маюць канчаткі

адз. л.
м.р. -ы

ж.р. -ая
н.р. -ае
мн. л. -ыя

адз. л.
м.р. не ўтвараюць

ж.р. -а
н.р. -а
мн. л.

сінтаксічная роля

азначэнне

выказнік

 

5. Праца з тэкстам.

 Папера

Ніводнае адкрыццё не маглі так доўга трымаць у сакрэце, як паперу. Яе вынайшлі ў Кітаі ў пачатку І стагоддзя нашай эры, а да Еўропы сакрэт гэтага цуду дайшоў у Х стагоддзі.

Да ХІХ стагоддзя паперу ў Расіі выраблялі ўручную: драбнілі, таўклі тканіну, прамывалі, раскладвалі на спецыяльныя сеткі, прасушвалі.

У ХХ стагоддзі бясконцае мора паперы захлынула планету. Вытворчасць яе імкліва расце. Няма ў свеце такой справы, такога чалавека, які мог бы абысціся без паперы. Яе трэба ўсё больш, а запасы драўніны і чыстай вады не бясконцыя.

– Вызначыце тып (апавяданне) і стыль (публіцыстычны) тэксту. Дакажыце.

– Паспрабуйце закончыць тэкст сказам, у якім будуць дзеясловы загаднага ладу. (Давайце берагчы і эканоміць паперу, на якой мы штодзённа пішам і малюем).

– Ад выдзеленых слоў утварыце дзеепрыметнікі, назавіце іх суфіксы.

(Вынайшлі – вынайдзены, таўклі – тоўчаны, прасушвалі – прасушаны).

– Пастаўце дзеепрыметнікі ў жаночым родзе, утварыце і запішыце кароткую форму.

 

VІ Фізхвілінка

– Слухаем пажаданні і выконваем адпаведныя рухі.

Той, хто любіць кнігі чытаць,
Падыміся!
Той, хто ўдзячны зямлі Беларусі,
Пакланіся!
Хто лічыць сябе шчаслівым,
Усміхніся!
Хто да добрых ведаў імкнецца,
Пацягніся!
Хто сябру жадае дабра,
Прывітайся!
І хутчэй да кнігі, за парту
Вяртайся!

 

VІІ Замацаванне вывучанага

1. Практыкаванне 150.

2. Праца з тэкстам.

У старажытныя часы кніга была зусім не падобная да нашых.

На чым толькі не пісалі даўней людзі! На ўсім, што больш ці менш прыдавалася да пісьма.

Вы, напэўна, чулі, што гадоў з дзясятак таму назад у Беларусі пры раскопках старажытнага Віцебска знайшлі запісы, зробленыя на бяросце – бярозавай кары.

Даўней шмат якія надпісы высякалі на камянях, выціскалі на гліняных плітках.

Уявіце сябе цаглінку таўшчынёй у два пальцы. Сотні такіх цаглінак і ўтваралі старадаўнюю кнігу. А паспрабуй такую кнігу палажыць у ранец! Ды што кнігу!

Адзін нумар часопіса “Вясёлка”, “надрукаваны” на такіх таблічках, павёз бы хіба грузавік. Але ж грузавікоў у тыя часы не было…

– Вызначыце тып тэксту. (Апавяданне з элементамі разважання). – Падумайце, якая ўсё ж перавага была ў глінянай кнігі? Адкажыце, ужываючы дзеепрыметнік ці дзеепрыметны зварот. (Кнігі, зробленыя з гліняных дошчачак, не маглі згарэць пры пажары, што дазволіла ім захавацца да нашых дзён).

– Выпішыце сказы з дзеепрыметнікамі і дзеепрыметнымі зваротамі, вызначыце форму дзеепрыметнікаў.

 

VІІІ Выніковы кантроль

– Што маюць агульнага і чым адрозніваюцца поўныя і кароткія дзеепрыметнікі?

– Выканайце тэст.

Тэст

1. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-, -н-, -ан-, -т- у беларускай мове ўжываюцца толькі ў поўнай форме:

а) правільнае сцвярджэнне;
б) няправільнае сцвярджэнне.

2. Суаднясіце дзеепрыметнік і яго форму.

1) Сцены будынка пафарбаваны пад колер летняга неба.
2) Да слыху даляцеў клёкат бусла, прыглушаны шумам машын.
3) Лясная паляна асветлена ружовымі промнямі вячэрняга сонца.
4) Замкнутыя на засаўку, дзверы не адчыняліся.
5) Варэнне прыгатавана з духмяных лясных ягад.

а – поўная форма
б – кароткая форма
в – поўная форма
г – кароткая форма
д – кароткая форма.

3. У ролі якога члена сказа звычайна выступаюць кароткія дзеепрыметнікі?

а) азначэння;
б) дапаўнення;
в) выказніка;
г) любога члена сказа.

4. Адзначце дзеепрыметнікі, ад якіх можна ўтварыць кароткую форму:

а) парыжэлы стог;
б) вытаптаная сцяжынка;
в) напоўненае возера;
г) пажоўклыя лісты.

5. Дапішыце прапушчанае слова.

Кароткія дзеепрыметнікі змяняюцца па ліках, а ў адзіночным ліку – па …

6. Колькі кароткіх дзеепрыметнікаў ужыта ў наступных сказах? Адказ запішыце лічбай.

На ўзвышаным месцы за ваколіцай сяла пад старым разгалістым дубам сядзіць князь. Вакол князя стаяць дружыннікі, узброеныя вялікімі коп’ямі, шчытамі і мячамі. Уладар сурова маўчыць, а дабро ўжо складзена, вазы нагружаны.

Самаправерка (даюцца ключы да тэста).

 

ІХ Дамашняе заданне

§ 25, практыкаванне 154 або 157 (на выбар).

 

Х Рэфлексія

Запоўніце “Карту ўліку ведаў”, аналізуючы свае дасягненні з пазіцыі рэалізацыі пастаўленых у пачатку ўрока задач.

Ведаю

Сумняваюся

Патрэбна падтрымка

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий