Правапіс слоў з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі гукамі ў канцы слоў. Урок беларускай мовы ў 2-м класе

- 12:20Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Правапіс слоў з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі гукамі ў канцы слоў. Урок беларускай мовы ў 2-м класе

Ала ЦЕРАХ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

Клас: 2-і.

Тэма: Правапіс слоў з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі гукамі ў канцы слоў.

Тып урока: урок засваення новых ведаў.

Формы навучання: франтальная, індывідуальная, работа ў групах.

Метады навучання: слоўныя, наглядныя, практычныя.

Мэта: мяркуецца, што ў канцы ўрока вучні будуць умець правяраць словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі гукамі ў канцы слоў.

Задачы: паказаць асаблівасць праверачнага слова; адпрацоўваць уменне правільна вымаўляць і запісваць словы, у якіх парныя звонкія і глухія зычныя знаходзяцца ў канцы слова; узбагачаць слоўнікавы запас вучняў; развіваць мысленне, памяць, фанематычны слых; выхоўваць працавітасць.

Абсталяванне: Беларуская мова: вучэб. дапам. для 2-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання : у 2 ч. / І.І.Паўлоўскі, Л.Ф.Леўкіна. – Мінск : НІА, 2016.; карткі для работы ў групе, малюнкі для дыктанта, словы для гульні “У краме”, канверты з прыказкамі.

 

Ход урока

Арганізацыйны этап

Настаўнік. Пачынаем урок з гульні. Калі вы будзеце згодны з маімі думкамі, кажыце “так”.

Мову родную шаную? (Так)
На ўроку не сумую? (Так)
На ўроку не сумую? (Так)
І выдатна я працую? (Так)

Настаўнік. Дэвіз нашага ўрока: “Будзем добра працаваць і не будзем сумаваць!”

Псіхалагічны настрой на працу

Настаўнік. А зараз пакладзіце на сваю далонь усё дрэннае, што з вамі здарылася, усе непрыемныя думкі, павярніцеся да акенца і дзьмухніце ўсё на вуліцу, а з вамі няхай застаецца толькі добры настрой і прыемныя думкі.

 

II Этап праверкі дамашняга задання

Настаўнік звяртае ўвагу на стараннасць, акуратнасць, якую праявілі вучні пры выкананні дамашняга задання.

 

III Этап падрыхтоўкі вучняў да работы на асноўным этапе

Арфаграфічная размінка

На дошцы – верш. Вучні ўстаўляюць прапушчаныя літары і тлумачаць іх напісанне.

Калі ж разлі..ся ў ро..най шыры
Сцюдзёным сполахам усхо..,
Ужо над пожнямі … вырай
В..ндро..нік-жораў вёў свой ро.. .

 

Чыстапісанне

Настаўнік. Якая зараз пара года? Які зараз месяц? Зіма лютуе. Завеі, снег і мароз пераблыталі ўсе літары. Давайце запішам літары парамі.

бп жш зс дзц гх джч дт

Падкрэсліце самую прыгожую пару.
– Якія гукі абазначаюцца гэтымі літарамі?
– Чым звонкія зычныя адрозніваюцца ад глухіх?

 

Вучні адгадваюць загадкі.

І дзень ішоў ён, і ўначы
А як прыйшла пара,
Не ўставаючы, ён
Пойдзе са двара. (Снег)

Гэта што за шкло такое?
Не разбіць яго рукою.
А як сонца прыпячэ –
Шкло вадою пацячэ. (Лядзяш)

Без сякеры, без пілы, а масты будуе. (Мароз)

– Вызначыце, які гук чуецца на канцы слова?
– Якую літару патрэбна пісаць?
– Што агульнага ў гэтых словах?

 

Актуалізацыя ведаў

Настаўнік. Каб добра вывучыць тэму ўрока, нам патрэбна адказаць на пытанні што? дзе? як?

— Што мы вывучаем? (Правапіс слоў з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі гукамі.)
— Дзе стаяць парныя звонкія і глухія зычныя? (У канцы слоў.)
— Як праверыць напісанне? (Адзін – многа. Многа – адзін.)

 

IV Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў

Работа па падручніку

Чытанне спалучэнняў слоў. Назіранні за вымаўленнем парных зычных у канцы слоў. Назіранні за перадачай гэтых зычных на пісьме. (Практ. 209, 210, с. 97–98.)

Параўнанне вымаўлення слоў з парнымi звонкiмi/глухiмi зычнымi ў канцы. (Практ. 211, с. 98.)

 

Гульня “У краме”

Вучні “купляюць” толькі тыя словы, у якіх ёсць парныя звонкія і глухія зычныя гукі на канцы слоў.

Запісваюць у сшыткі самастойна. (Пірог, бяроза, дзяцел, дождж, снег, лёд, вуж, сад, дом, нож, гарады, лес).

 

Фізкультхвілінка

 

V Этап першапачатковай праверкі разумення вывучанага

Калектыўная работа

На дошцы: Хлеб [  ], горад [  ], снег [  ], мёд [  ], вуж [  ].

Настаўнік. Запішыце, які гук чуецца на канцы слоў? Падбярыце праверачныя словы.

 

VI Этап замацавання новых ведаў і спосабаў дзеяння

Работа ў групах

1-я група. Устаўце парныя зычныя і падбярыце праверачнае слова.

Выпаў пушысты сне… .
Увесь са… белы.
Ударыў моцны маро….
Каля дома намяло вялікі сумё….
Наш пру… застыў.
Беражы но… у вялікі маро….

2-я група. Складзіце са слоў прыказкі і растлумачце правапіс парных зычных.

Адкуль, дождж, хмары, адтуль.
Беражы, у, нос, мароз, вялікі.
Мароз, цісні, за, не, нос.
На, мёд, вуснах, а, на, лёд, сэрцы.

 

VII Этап абагульнення ведаў і спосабаў дзеянняў

Малюнкавы дыктант

Кот, мядзведзь, мыш, крот, голуб, вуж, лось.

 

VIII Этап кантролю ведаў

Тэст “Так ці не”

1. Для праверкі напісання парнага зычнага гука трэба змяніць слова так, каб пасля зычнага стаяў галосны.
2. [п], [х, [т], [ц], [ч], [ш], [с] – гэта звонкія зычныя гукі.
3. [г], [д], [дз], [дж], [ж], [з] – гэта глухія зычныя гукі.
4. У слове дзед на канцы пішацца т.
5. Праверачным словам да слова холад з’яўляецца халадок.

 

IX Этап інфармавання пра дамашняе заданне

Дыферэнцыраванае дамашняе заданне:

    • Практ. 215, спісаць тэкст і ўставіць патрэбныя літары.
    • Скласці невялікі тэкст на зімовую тэму, каб у ім сустракаліся словы з парнымі зычнымі гукамі ў канцы слова.

 

X Этап падвядзення вынікаў

— Над якой тэмай урока мы працавалі?
— Якія тры пытанні мы ставілі на ўроку?
— Што на ўроку было самым складаным?
— Што найбольш спадабалася?

 

XI Этап рэфлексіі

Вучням прапануецца дапоўніць сказы:

Я ўспомніў …
Я даведаўся …
Я зразумеў …
Дамашняе заданне я магу выканаць сам, таму што…

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий