Выхаваўчае мерапрыемства патрыятычнага накірунку дапаможа пачаткоўцам успомніць дзяржаўныя сімвалы Беларусі, важныя месцы і падзеі краіны і роднай мясцовасці.
Ірына ХВОРЫК,
выхавальнік групы падоўжанага дна
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”,
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: фарміраванне патрыятызму на аснове першасных ведаў пра родны край.
Задачы:
– стварэнне ўмоў для прапаганды сацыяльна-эканамічных дасягненняў дзяржавы;
– прывіццё павагі да культурнай спадчыны свайго народа;
– выхаванне пачуцця гонару за свой рэгіён, свой край, сваю Радзіму.
Абсталяванне: карта (ліст ватману) з назвамі цэнтральных вуліц, фотаздымкі аб’ектаў аграгарадка, паштовы ліст, гербы горада Ваўкавыска і гарадскога пасёлка Карэлічы, карта Ваўкавыскага раёна, карцінкі кветак, карцінкі з беларускім лагатыпам кветак, рэбусы, рознакаляровыя стужкі.
Месца правядзення: дзіцячая пляцоўка (выніковыя моманты могуць быць перанесены для правядзення ў памяшканні).
Каляндарны час правядзення: красавік – май.
Папярэдняя праца: правядзенне на працягу года мерапрыемстваў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, экалагічным выхаванні, завучванне вершаў і загадак, наведванне школьнага музея.
Ход прагулкі
– Май – цудоўны і прыгожы месяц, не хочацца сядзець у памяшканні.
Імчыцца дарога праз луг і палетак.
Глядзіце, як многа насыпана кветак.
Жаданых і мілых, духмяных, мядовых –
Бялёсых і сініх, ліловых, ружовых…
М.Дукса “Жывыя кветкі”
– Вось і сёння прыгожы дзень! Мне хочацца падзяліцца з вамі сваім добрым настроем. А вам? Дык хутчэй усміхніцеся ўсім навокал!
Мы шмат часу з вамі праводзім на вуліцы. Давайце, дзеці, успомнім правілы паводзін на прагулцы (прагаворваюць дзеці):
– не таптаць клумбы, газоны;
– не рваць кветкі;
– не ціснуць і не лавіць насякомых;
– не смеціць;
– не крычаць;
– не штурхацца;
– дапамагаць адно аднаму ;
– дружна гуляць.
– Дзякуй. Дзеці, вы ўсе ведаеце, я ездзіла на курсы, дзе пазнаёмілася з выхавальнікамі груп падоўжанага дня з розных школ нашай вобласці. І вось два тыдні таму я атрымала ліст ад выхавальніка школы гарадскога пасёлка Карэлічы. Яна і яе выхаванцы, вучні першага і другога класаў, жадаюць пазнаёміцца з вамі. Яны даслалі невялікі калаж пра свой край і чакаюць ад нас адказу.
Я падумала, што проста напісаць адказ, ці ўзяць фота з інтэрнэту – гэта сумна. Усе два тыдні думала, што ж нам зрабіць. І вось я прапаную вам выканаць заданні, якія і раскажуць пра нас, наш край, а яшчэ самім зрабіць калаж пра наш аграгарадок, на фоне якога зробім фотаздымак і пашлём ліст. Хутка лета, будзеце падарожнічаць па Беларусі, і можа сустрэнецеся дзе-небудзь з новымі сябрамі. Вы згодны?
Паглядзіце на карту нашай мясцовасці. Чаму я назвала гэта картай? Што пазначана? (Галоўныя вуліцы аграгарадка: Савецкая і Кастрычніцкая). Карта яшчэ пустая, але па меры выканання заданняў, на ёй будуць з’яўляцца аб’екты, славутасці нашага аграгарадка. Так мы складзём свой калаж. Для найхутчэйшага выканання задання я падзяліла вас на тройкі. Паглядзіце, у вас на адзенні рознакаляровыя стужачкі. Знайдзіце, калі ласка, па колеры сваю тройку.
Увага! Мы не спаборнічаем, а робім агульную справу, таму не забываем пра дапамогу і ўменне слухаць адно аднаго. Дамовіліся?
Гатовы? Пачнем!
Першае заданне. “Разгадванне рэбусаў”
Словы:
БЕЛАРУСЬ (карцінкі: вала(сы) –в=Б, а=Е + (аб)рус + Ь)
ГРОДНА (карцінкі: грон(кі) –н=Д + на(стаўнік))
ВАЎКАВЫСК (карцінкі: ваўча(ня) –ч=К + вус(ы) –у=Ы + К)
СУБАЧЫ (карцінкі: буб(ен) –б=С + (в)очы –о=А)
ШКОЛА (карцінкі: шк(лянка) + (п)ыла(сос) –ы=О)
ДЗІЦЯЧЫ САДОК (карцінкі: дзі(рка) + ця(ля) + ЧЫ + пад(ар)о(жні)к –п=С)
Кожная тройка паказвае выкананае заданне і тлумачыць.
– Што такое Беларусь? (Наша краіна – Рэспубліка Беларусь).
– Якое дачыненне да нас мае горад Гродна? (Наша вобласць – Гродзенская).
– Што для нас горад Ваўкавыск? Што намалявана на гербе горада? (Мы жывём у Ваўкавыскім раёне, воўк).
Вывешваецца на карту фотаздымак герба Ваўкавыска і карта Ваўкавыскага раёна.
– Што для нас Субачы? (Наша малая радзіма – аграгарадок Субачы).
Вывешваецца на карту фотаздымак адміністратыўнага будынка дзяржаўнага прадпрыемства “Зара і К.”
– На якой вуліцы знаходзіцца наша школа? (Вуліца Савецкая).
Вывешваецца на карту фотаздымак школы.
– Адрас нашага дзіцячага сада? (Вуліца Кастрычніцкая, 10).
Другое заданне. “Вершы пра Радзіму, пра родную мову”
Нагадайце, калі ласка, радкі вершаў пра Беларусь і нашу родную мову.
(Дэкламацыя дзецьмі ўрыўкаў вершаў)
Вывешваецца на карту фотаздымак Дома культуры.
Трэцяе заданне. “Вясёлы адпачынак”
– Раз, два, тры! Да мяне хутчэй бяжы! У круг уставай і лічылку пачынай.
Рухомая гульня “Ляцелі гусі”
Чацвёртае заданне. “Загадкі-кветкі”
1-ы вучань:
Блакітнавокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты.
Дасць абновак людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад. (Лён)
На карту мацуецца малюнак кветкі лёну.
– Падумайце і адкажыце, дзе мы можам убачыць малюнак лёну? (Герб Беларусі). Дзе яшчэ?
1-ы вучань паказвае карцінку з лагатыпам Аршанскага ільнокамбіната “Беларускі лён” і расказвае: “У нашай краіне, у горадзе Орша, ёсць ільнокамбінат з такім знакам: залатая карона з лёну. Там робяць ручнікі, абрусы, ільняное адзенне”.
– Увага! Паглядзіце, што яшчэ даслалі дзеці карэліцкай школы. Гэта герб гарадскога пасёлка Карэлічы (дэманстрацыя герба). Што на ім намалявана? (Кветкі лёну)
Вывешваецца на карту фотаздымак крамы.
2-і вучань:
Цвітуць і на лузе, і ў полі
Ружовыя, белыя шапкі.
І дораць турботлівым пчолам
Нектар і салодкі, і пахкі. (Канюшына)
На карту мацуецца малюнак кветкі канюшыны.
– Дзе можна ўбачыць малюнак кветкі канюшыны? (Герб Беларусі)
3-і вучань пазнаёміць нас з тым, дзе яшчэ мы можам сустрэцца з малюнкам гэтай кветкі.
3-і вучань дэманструе карцінку з лагатыпам “Дадому.бай”: “Ёсць у Беларусі добры сайт “Дадому.бай” са значком канюшыны, на якім дзеці-сіроты могуць знайсці сабе сям’ю і бацькоў”.
4-ы вучань:
Кветкі клічуць пустазеллем:
Рвуць усе, ніхто не сее.
Пчолкі ў жыта залятаюць,
Неба кропелькі шукаюць.
Ведае, напэўна, кожны
Нашы сінія… (Валошкі)
На карту мацуецца малюнак кветкі валошкі.
– Дзе можна ўбачыць малюнак кветкі валошкі? (самалёты Белавіа, вышыўка на ручніку).
4-ы вучань знаёміць, дзе яшчэ выкарыстоўваецца малюнак валошкі: “Кожны год у нашай краіне ў горадзе Віцебск праходзіць міжнародны фестываль мастацтваў з валошкай на лагатыпе “Славянскі базар”. Хто любіць вандраваць па нашай краіне, можа прыняць удзел у конкурсе “Пазнай Беларусь” пад такім значком з валошкай”.
5-ы вучань дэманструе і расказвае: “А яшчэ нашыя бацькі могуць атрымліваць заробак на “Белкарту” з лагатыпам валошкі”.
Вывешваецца на карту фотаздымак помніка. (Памяць пра землякоў, якія баранілі Радзіму і загінулі падчас вайны).
Пятае заданне. Зноў “Вясёлы адпачынак”
– Раз, два, тры! Да мяне хутчэй бяжы! У круг уставай і гульню “Лянок” пачынай!
Рухомая гульня “Лянок”.
Шостае заданне. Працягваем “Загадкі-кветкі”
6-ы вучань:
Чакае дзявіца з пад снегу вадзіцу.
А пройдзе па ўзлеску,
Там з’явяцца… (Пралескі)
На карту мацуецца малюнак кветкі пралеска.
– Увага! Дзеці пазнаёмяць нас з тым, дзе можна ўбачыць малюнак кветкі пралеска.
7-ы вучань дэманструе фотаздымак і расказвае: “У нашым Ваўкавыскім раёне, недалёка ад Субач, ёсць санаторый “Пралеска” з басейнам і аквапаркам, дзе можна адпачыць усёй сям’ёй”.
8-ы вучань дэманструе фотаздымак і расказвае: “У часопісе “Пралеска” можна даведацца пра жыццё і выхаванне дзяцей у дзіцячых садках Беларусі”.
Вывешваецца на карту фотаздымак дзіцячага сада.
9-ы вучань:
У лужку-лужочку
Выраслі сястрычкі:
Залатое вочка,
Белыя раснічкі. (Рамонкі)
На карту мацуецца малюнак рамонкаў.
10-ы вучань дэманструе фотаздымак і знаёміць: “Беларуская кандытарская фабрыка “Камунарка” выпускае цукеркі “Рамонак” з розным начыннем. На абгортцы – рамонак”.
Вывешваецца на карту фотаздымак ФАПа.
11-ы вучань:
Мой брат заве ўсіх на ўрок,
А я ў палях стаю высокі.
Ад ветру галаву кланю,
Але чамусьці не званю. (Званочак)
На карту мацуецца малюнак кветкі званочак.
– Увага! У горадзе Полацк, у Сафійскім саборы Еўфрасінняй Полацкай была сабрана… падкажыце мне што? Так, першая бібліятэка. Шмат турыстаў кожны год наведваюць Сафійскі сабор і славуты горад нашай Беларусі. Адметным турыстычным знакам горада Полацк сталі вобразы кветкі званочка і купалаў царквы (дэманструецца малюнак турыстычнага лагатыпа Полацка).
Вывешваецца на карту фотаздымак касцёла Святой Фаўсціны.
– Паглядзіце, карту мы запоўнілі ўсю, калаж выглядае цудоўна. Можна і фотаздымак рабіць, але трэба будзе і ліст пісаць.
Завяршэнне работы над калажам
– Прыгадайце, калі ласка, пра што мы сёння вялі гаворку, што падабалася, што запомнілася, пра што можна напісаць у лісце нашым новым сябрам. (Адказы дзяцей)
Вывешваецца на карту каардынаты мясцовасці (адрас).
Робіцца агульны фотаздымак на фоне калажу.
– Дзякуй за вясёлую і цікавую прагулку. У мяне для вас ёсць салодкі сюрпрыз – цукеркі “Рамонак” фабрыкі “Камунарка”. Пазней мы напішам з вамі ліст, вы падзеліцеся сваімі ўражаннямі, а зараз пара ўсім у клас.
Рухомая гульня “Ручаёк”(пад яе дзеці сыходзяць у клас).