Пры школьным музеі створана даследчая лабараторыя “Следапыт”, якая па распрацаванай сістэме сеткавай павуціны аб’яднала настаўнікаў і вучняў 6–11-х класаў з мэтай арганізацыі пошукавай дзейнасці па вывучэнні гістарычнага мінулага сваіх вёсак, дзейнасці сваіх землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Выхаваць грамадзяніна-патрыёта, адухоўленага ідэаламі дабра і сацыяльнай справядлівасці, здольнага тварыць і ствараць у імя Айчыны, стала адным з прыярытэтных напрамкаў сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Практыка працэсу выхавання паказвае, што такія паняцці, як Радзіма, гістарычнае мінулае, грамадзянскасць, патрыёт, патрыятызм, абарона, абавязак, гонар успрымаюцца вучнямі неўсвядомлена. Інтарэсы падрастаючага пакалення ідуць у нагу з модай: на стыль адзення і зносін, на віды дзейнасці і захапленні, на непрымальныя мадэлі паводзін. Як выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта – праблема грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якая недастаткова вырашана ў педагагічнай навуцы і патрабуе абнаўлення.
У нашай установе адукацыі школьны гісторыка-краязнаўчы музей з’яўляецца цэнтрам выхавання грамадзянскасці і патрыятызму. Адным з напрамкаў музея з’яўляецца даследчая дзейнасць, таму пры музеі была створана даследчая лабараторыя “Следапыт”, якая па распрацаванай сістэме сеткавай павуціны аб’яднала настаўнікаў і вучняў 6–11-х класаў, якія пражываюць у вёсках Уселюб, Ацмінава, Пліса, Рахавец, Трасцянка, Ляхавічы Навагрудскага раёна з мэтай арганізацыі пошукавай дзейнасці па вывучэнні гістарычнага мінулага сваіх вёсак, дзейнасці сваіх землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сістэма сеткавай павуціны прадугледжвае аб’яднанне вучняў і педагогаў у пошукавыя групы па месцы пражывання. У кожнай групе выбіраецца куратар (настаўнік) і камандзір сярод вучняў, якія і ўтвараюць актыў лабараторыі. Каардынуе дзейнасць лабараторыі кіраўнік музея.
Лабараторыя функцыянуе на аснове пошукава-даследчай дзейнасці, а для актывізацыі грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі вучняў была распрацавана і ўкаранёна мадэль “Пытанне – адказ”.
Сутнасць мадэлі заключаецца ў тым, што на кожным этапе пошукава-даследчай дзейнасці задаецца пытанне, якое вымушае вучняў праз арганізаваную дзейнасць знайсці адказ, вынік дзейнасці – адказ на пастаўленае пытанне. На кожным этапе выбудоўваецца ланцужок: этап – пытанне – адказ, які забяспечвае якасную зваротную сувязь у ходзе пошукава-даследчай дзейнасці (Табліца 1).
Табліца 1. Ланцужок зваротнай сувязі
№ |
Этап |
Пытанні |
Адказы |
І |
Дыягнастычны |
Што мы ведаем пра гісторыю свайго краю ў гады ВАВ? |
Вынікі дыягностыкі |
ІІ |
Арганізацыйны |
Што мы жадаем пазнаць? |
Тэмы даследавання |
ІІІ |
Праекціровачны |
Як мы даведаемся пра гэта? |
Планаванне даследчай дзейнасці пошукавых груп |
ІV |
Дзейнасны |
Як мы рэалізуем свой план? |
Атрыманая інфармацыя |
V |
Выніковы |
Які прадукт атрымаем? |
Вынікі дыягностыкі |
Этапы пошукава-даследчай дзейнасці па мадэлі “Пытанне – адказ”
І Дыягнастычны этап
Пытанне: Што мы ведаем пра гісторыю свайго краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны?
Мэта: выяўленне ведаў вучняў пра гісторыю свайго роднага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Задачы:
1) прадыягнаставаць веды вучняў і вызначыць узровень ведаў пра гісторыю свайго краю;
2) актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў праз стварэнне праблемнай сітуацыі.
Вынік: вынікі дыягностыкі.
Матэрыял дыягностыкі: даныя анкет, тэстаў, гутарак.
Вынік праведзенага абследавання паказаў нізкі ўзровень ведаў вучняў, гэта і быў адказ на пастаўленае пытанне. Зыходзячы з гэтага, была створана праблемная сітуацыя, якая ўказала вучням на іх некампетэнтнасць. У выніку актывізуецца грамадзянска-патрыятычная пазіцыя вучняў па вывучэнні гістарычнага мінулага сваіх вёсак у гады ВАВ.
ІІ Арганізацыйны этап
Пытанне: Што мы жадаем пазнаць?
Мэта: фарміраванне складу лабараторыі, вызначэнне тэмы, мэты і задач пошукава-даследчай дзейнасці.
Задачы:
1) вызначыць кантынгент лабараторыі для сумеснага супрацоўніцтва і размеркаваць абавязкі паміж членамі лабараторыі;
2) выбраць напрамкі і тэмы даследавання.
Вынік: напрамкі і тэмы даследавання.
На першым пасяджэнні лабараторыі арганізуецца падрыхтоўка да ўзаемадзеяння: кіраўнік – куратары – актыў – вучні – бацькі ў рамках дзейнасці лабараторыі “Следапыт”. Сфарміраваны пошукавыя групы з ліку вучняў 6–11-х класаў і настаўнікаў па месцы пражывання, вызначаны асноўны склад лабараторыі:
– кіраўнік музея – абавязкі: арганізаваць і каардынаваць пошукава-даследчую дзейнасць вучняў;
– куратары (педагогі па месцы пражывання вучняў) – абавязкі: кантралююць і накіроўваюць самастойную дзейнасць следапытаў,
– актыў (камандзіры груп) – абавязкі: рэгулююць дзейнасць следапытаў у сваіх групах, афармляюць даследчыя работы і сабраныя матэрыялы,
– бацькі – абавязкі: аказваюць дапамогу ў ходзе пошукава-даследчай дзейнасці сваім дзецям.
Вызначылі наступныя напрамкі пошукава-даследчай дзейнасці:
– гісторыка-краязнаўчы (спазнанне гістарычных падзей у гады ВАВ, фарміраванне гістарычнай адказнасці за тое, што адбываецца ў свеце);
– ваенна-патрыятычны (фарміраванне патрыятычнай свядомасці, ідэй служэння Айчыне, вывучэнне ваеннай гісторыі);
– героіка-патрыятычны (прапаганда гераічных учынкаў, гістарычных дат, выхавання пачуцця гонару за свой народ).
Размеркавалі па выбраных напрамках тэмы даследаванняў па месцы пражывання (Табліца 2).
Табліца 2. Тэмы даследаванняў
Месца пражывання |
Напрамак пошукавай дзейнасці |
Даследчая тэма |
Аграгарадок Уселюб |
Ваенна-патрыятычны |
Партызанская дзейнасць брыгады імя Дзяржынскага |
Аграгарадок Ацмінава |
Гісторыка-краязнаўчы |
Сёстры Хатыні: лёс вёскі Ацмінава |
Вёска Рахавец |
Гісторыка-краязнаўчы |
Трагедыя вёскі Рахавец |
Вёска Ляхавічы |
Ваенна-патрыятычны |
Падпольны рух |
Вёска Пліса |
Героіка-гістарычны |
Партызанскі рух |
Вёска Трасцянка |
Героіка-гістарычны |
Ваенны лёс партызана Дзешука Аляксандра Іванавіча |
ІІІ Праекціровачны этап
Пытанне: Як мы даведаемся пра гэта?
Мэта: распрацоўка планавання пошукавых груп на аснове пошукава-даследчай дзейнасці лабараторыі “Следапыт”.
Задачы:
1) пазнаёміць з планам работы пошукава-даследчай дзейнасці лабараторыі “Следапыт”;
2) распрацаваць планаванне даследчай дзейнасці пошукавых груп.
Вынік: планаванне даследчай дзейнасці пошукавых груп.
У праекціровачным этапе арганізуецца ўзаемадзеянне: кіраўнік – куратары – актыў. Кіраўнік лабараторыі знаёміць з планам пошукава-даследчай дзейнасці лабараторыі “Следапыт” (Дадатак 1). Па выбранай тэме камандзіры груп сумесна з куратарам складаюць планаванне пошукава-даследчай дзейнасці на аснове плана лабараторыі “Следапыт”.
ІV Дзейнасны этап
Пытанне: Як мы рэалізуем свой план?
Мэта: арганізацыя самастойнай дзейнасці груп па месцы пражывання па збору інфармацыі.
Задачы:
1) вывучыць краязнаўчую літаратуру, дакументы;
2) арганізаваць сустрэчы з краязнаўцамі, са старажыламі вёскі;
3) сабраць інфармацыю ў выглядзе аўдыязапісу, ксеракопіі, фотафіксацыі;
4) аформіць сабраныя матэрыялы.
Вынік: атрыманая інфармацыя.
Дзейнасны этап праходзіў адпаведна плану даследчай дзейнасці.
Напрыклад, пошукавая група “Ацмінава” правяла гісторыка-краязнаўчае даследаванне сваёй роднай вёскі: прасачылі шлях гістарычнага развіцця вёскі з моманту ўзнікнення да цяперашніх дзён, даследавалі жыццё і барацьбу жыхароў вёскі ў часы ваеннага ліхалецця, раскрылі гісторыю вёскі, спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны. Самай запамінальнай для следапытаў была сустрэча з жыхаркай вёскі Ацмінава Верай Іосіфаўнай Кіслай. З яе ўспамінаў вучні даведаліся, што ў лясах вакол Ацмінава дзейнічаў партызанскі атрад імя Молатава, у якім змагаліся 14 вяскоўцаў. Жыхары вёскі дапамагалі партызанам і за гэта дорага заплацілі: 17 снежня 1943 года была спалена ўся вёска. На аснове сабраных матэрыялаў камандзір групы напісала даследчую работу “Сёстры Хатыні: лёс вёскі Ацмінава”, якая ўдзельнічала ў праекце “Сёстры Хатыні”. Астатнія следапыты пошукавай групы аформілі стэнд “Сёстры Хатыні”, які размясцілі ў школьным музеі.
V Выніковы этап
Пытанне: Які прадукт атрымаем?
Мэта: вызначэнне выніковасці пошукава-даследчай дзейнасці вучняў з прадстаўленнем прадукту пошукава-даследчай дзейнасці.
Задачы:
1) прадставіць прадукт даследчай дзейнасці пошукавымі групамі і куратарамі;
2) прадыягнаставаць узровень сфарміраванасці актыўнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі вучняў 6–11-х класаў.
Вынік: прадукты даследчай дзейнасці.
Вынікам даследчай дзейнасці пошукавых груп і куратараў стаў прадукт даследавання (Табліца 3).
Табліца 3. Прадукт даследавання
Удзельнікі лабараторыі “Следапыт” |
Прадукт даследчай дзейнасці |
Пошукавая група “Уселюб” |
Прэзентацыя “Гады ваеннага ліхалецця на тэрыторыі Уселюбскага сельскага Савета” |
Пошукавая група “Пліса” |
Макет “Партызанская стаянка” |
Пошукавая група “Ацмінава” |
Даследчая работа “Сёстры Хатыні: лёс вёскі Ацмінава”, стэнд “Сёстры Хатыні” |
Пошукавая група “Рахавец” |
Экспазіцыя “Спаленая вёска” |
Пошукавая група “Ляхавічы” |
Даследчая работа “У шэрагах падпольшчыкаў” |
Пошукавая група “Трасцянка” |
Сачыненне “Ваенны лёс майго дзядулі” |
Куратары пошукавых груп |
Каляндар гістарычных дат |
Абагульняючым прадуктам пошукава-даследчай дзейнасці лабараторыі “Следапыт” стала відэа “Ад помніка да помніка”.
Станоўчыя бакі пошукава-даследчай дзейнасці на аснове мадэлі “Пытанне – адказ” відавочныя:
– у ходзе даследчай дзейнасці павышаецца матывацыя да пазнання гісторыі свайго краю, подзвігу землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны;
– пошук адказаў на пытанні спрыяе развіццю патрыятычнага руху, які актывізуе грамадзянска-патрыятычную пазіцыю юных следапытаў;
– пошукава-даследчая дзейнасць дазваляе выхоўваць патрыёта і грамадзяніна не на абстрактных ідэалах, а на дакладных гераічных прыкладах, цікавых фактах са слоў відавочцаў ваеннага часу або з краязнаўчых крыніц;
– гераічная гісторыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны спрыяе захаванню гістарычнай памяці пра подзвігі землякоў;
– пошукавая дзейнасць спрыяе развіццю здольнасці назіраць, сістэматызаваць, класіфікаваць, афармляць атрыманую даследчую інфармацыю.