Вытокі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Урок гісторыі Беларусі ў 7-м класе

- 17:08ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Сценарии, Методичка

Занятак пабудаваны на выкарыстанні логіка-сэнсавых мадэлей, якія аўтар уключае ў розныя этапы ўрока. Пазнаёміцца з апісаннем вопыту педагога “Логіка-сэнсавыя мадэлі на ўроках гісторыі як сродак развіцця ўменняў навучэнцаў сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу” вы можаце па спасылцы: https://ng-press.by/wp-admin/post.php?post=57807&action=edit 

Алена РУСЯЛЕВІЧ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: забяспечыць засваенне навучэнцамі ведаў пра пачатак працэсу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага

Задачы:

1) плануецца, што ў канцы ўрока вучні будуць

ведаць:
– паняцці: каланізацыя, славянізацыя, дзядзінец, удзельнае княства;
– шляхі, напрамкі, вынікі славянскай каланізацыі Верхняга Панямоння;
– удзельныя княствы Верхняга Панямоння і час іх узнікнення;
– прычыны ўтварэння ВКЛ;

умець:
– паказваць на карце балцкія вобласці, напрамкі славянскай каланізацыі Верхняга Панямоння, усходнеславянскія гарады ў Верхнім Панямонні, першапачатковую тэрыторыю ўзнікнення ВКЛ;
– апісваць працэс узнікнення ВКЛ;

2) садзейнічаць развіццю ў навучэнцаў

– умення самастойна працаваць з вучэбным матэрыялам, даваць разгорнуты адказ, карыстаючыся ЛСМ;
– картаграфічных уменняў, умення лакалізаваць падзею ў прасторы;

3) аказаць уплыў на фарміраванне цікавасці ў навучэнцаў да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

 

Абсталяванне: контурная карта “Беларускія землі ў другой палове ХІІІ ст.”, атлас “Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі” (с. 12), задачы на мове вучняў, карткі “НаШтоБуЗУ”, ЛСМ, сімвалы для ацэнкі, ноўтбукі, мультымедыйная ўстаноўка, разрэзаныя літары назваў гарадоў.

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап

– Добры дзень. Я рада вітаць вас на ўроку гісторыі Беларусі. (Падчас прывітання ўстаюць навучэнцы, якія згодны са сцверджаннем)

Я рада вітаць тых, хто сёння ў добрым настроі.
Я рада вітаць тых, хто сёння раніцай паснедаў.
Я рада вітаць тых, хто не вельмі хоча працаваць на ўроку.
Я рада вітаць тых, хто гатовы да актыўнай працы.

 

ІІ Новая тэма

Аб’яўленне тэмы, пастаноўка задач да ўрока

– Сёння на ўроку мы пачнём вывучаць гісторыю адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў сярэдневякоўя, у склад якой доўгі час уваходзілі сучасныя беларускія землі – гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Тэма ўрока (зачытаць з дошкі). План, па якім мы будзем працаваць (запісаны на дошцы).

– На працягу ўрока мы з вамі будзем запаўняць ЛСМ, якая ёсць у кожнага з вас. Назва ЛСМ супадае з назвай урока, а назвы прамянёў – з назвамі пункта плана.

– Зыходзячы з тэмы і плана, пастаўце для сябе задачы для работы на ўроку.

Настаўнік выслухвае адказы, карэкціруе, падводзіць да правільных адказаў, дае граматную фармуліроўку задач і запісвае іх на дошцы на мове вучняў.

– Гэтыя ж задачы запісаны і ў картках “НаШтоБуЗУ”. Звярніце на іх увагу.

Як вы лічыце, справіцеся з гэтымі задачамі? Прачытайце іх яшчэ раз і насупраць кожнай алоўкам пастаўце знакі:

“!” – зразумею вельмі добра, змагу патлумачыць аднакласніку;
“+” – усё зразумею;
“?” – будуць пытанні;
“–” – нічога не зразумею.

 

Актуалізацыя ведаў. Рубрыка “Успомніце”

– Перад вывучэннем новай тэмы мы павінны ўспомніць некаторыя веды, якія спатрэбяцца нам сёння на ўроку. Для гэтага мы адкажам на пытанні рубрыкі “Успомніце” (с. 8).

Пераходзім да вывучэння новай тэмы.

 

1 Літоўскія плямёны ў Верхнім Панямонні

– Кожная дзяржава мае сваю тэрыторыю і насельніцтва. ВКЛ таксама ўзнікла на пэўнай тэрыторыі, на якой пражывалі людзі. Як вы лічыце, што такое Панямонне?

З урокаў геаграфіі вы ведаеце, што кожная рака падзяляецца на верхняе, сярэдняе і ніжняе цячэнне. Верхняе – у пачатку, сярэдняе – сярэдзіна, ніжняе – бліжэй да вусця (месца ўпадзення ракі ў мора, акіян, возера, раку). Рака Нёман таксама мае такія часткі.

Зараз вы прачытаеце пункт 2 параграфа і адкажаце на пытанне: якія вобласці выдзяляліся ў Панямонні і якія плямёны там пражывалі. Затым назвы гэтых абласцей і плямён мы запішам у ЛСМ.

Праверка выканання задання

– Адзначце ключавыя словы на ЛСМ.

– Якія задачы мы выканалі? (зачытаць і падкрэсліць на картках “НаШтоБуЗУ”)

– Аднак, у вас сказана, што Панямонне стала ядром утварэння балцка-славянскай дзяржавы. Адкуль жа тут узяліся славяне? Аб гэтым мы даведаемся, калі пазнаёмімся з другім пунктам плана.

 

2 Славянская каланізацыя Верхняга Панямоння

– Ці ўсе словы ў назве пункта вам зразумелыя? Што такое каланізацыя?

– Цяпер вы прачытаеце пункт 3 параграфа і вызначыце шляхі (І в.), напрамкі (ІІ в.) і вынікі (ІІІ в.) славянскай каланізацыі Верхняга Панямоння.

Праверка выканання задання

– Якімі шляхамі адбывалася славянская каланізацыя Верхняга Панямоння? З якіх напрамкаў ажыццяўлялася? Якія вынікі мела?

– Што такое “славянізацыя балтаў”? (с. 151, слоўнік падручніка)

– Якія словы, на ваш погляд, мы можам запісаць на другі каардынатны прамень?

– Адзначце напрамкі славянскай каланізацыі ў контурнай карце.

– Як вы думаеце, на чым славяне дабіраліся да балтаў? Вось так выглядала славянская ладдзя.

– Якія задачы мы выканалі? (зачытаць і падкрэсліць на картках “НаШтоБуЗУ”)

 

3 Узнікненне ўсходнеславянскіх гарадоў у Верхнім Панямонні

– Славяне былі на больш высокім узроўні развіцця, чым балты. Таму яны прынеслі на балцкія землі гарады, якіх яшчэ ў балтаў не было. А вось якія гарады Панямоння з’яўляюцца самымі старажытнымі, вы даведаецеся, калі з літар складзяце іх назвы. Гэта гарады нашай Гродзенскай вобласці, іх назвы вы чулі не адзін раз.

Работа ў парах. Вучэбная задача: скласці назвы горада.

Праверка работы ў парах

– Якія назвы ў вас атрымаліся? (Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім, Гродна, Турыйск). Яшчэ быў горад Здзітаў на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці. Звярніце ўвагу на карту (паказвае на карце).

– А цяпер давайце запішам назвы гэтых гарадоў на прамой ЛСМ.

– Адкрыйце атласы на с. 12. Знайдзіце гарады Гродна і Навагрудак, адзначце іх на контурнай карце.

– Вось так выглядаюць гербы гарадоў (паказаць на слайдзе).

Як вы думаеце, навошта славянам былі патрэбны гарады? (знайсці ў падручніку прызначэнне гарадоў і зачытаць (с. 10))

– Што такое дзядзінец? Што такое пасад?

 

Фізмінутка

 

– Доўгі час гарады Верхняга Панямоння знаходзіліся пад уладай кіеўскіх, а потым галіцка-валынскіх князёў. У ХІІ–ХІІІ стст. яны выступаюць як цэнтры ўдзельных княстваў, дзе правілі асобныя князі. Пераходзім да вывучэння наступнага пункта плана і запаўнення чацвёртай каардынатнай прамой “Удзельныя княствы”.

 

4 Удзельныя княствы

– Што такое ўдзельнае княства?

– Горад Гродна стаў цэнтрам Гродзенскага княства (ХІІ ст.), Навагрудак – Навагрудскага (ХІІ ст.), Ваўкавыск – Ваўкавыскага (ХІІІ ст.) (запісваюць на каардынатнай прамой)

– А гэтыя княствы сталі асновай фарміравання Вялікага Княства Літоўскага.

Якія задачы мы выканалі, разгледзеўшы 3 і 4 пункты плана? (зачытаць і падкрэсліць на картках “НаШтоБуЗУ”).

 

5 Прычыны і асаблівасці ўтварэння новай дзяржавы

– Мы падышлі да апошняга пункта плана і галоўнага пытання новай тэмы: чаму і як утварылася новая дзяржава ВКЛ?

Мы разгледзелі перадумовы, якія садзейнічалі яе ўтварэнню. Даведаліся, якія плямёны ўдзельнічалі ў яе ўтварэнні, на якой тэрыторыі яна ўзнікла. А цяпер прачытайце першы пункт параграфа і назавіце прычыны і час утварэння ВКЛ. Помніце, што ключавыя словы і даты мы павінны запісаць на пятую каардынатную прамую.

Праверка выканання задання

– Што паслужыла прычынамі ўтварэння ВКЛ? Калі гэта адбылося? (ХІІІ ст.) Якія ключавыя словы мы запішам на пятую прамую ЛСМ?

– Адкрыйце атласы на с. 12, знайдзіце на карце і адзначце на контурнай карце першапачатковую тэрыторыю ВКЛ (вучні адзначаюць).

– Якія задачы мы выканалі? (зачытаць і падкрэсліць на картках “НаШтоБуЗУ”). Ці засталіся нявыкананыя задачы?

У пачатку ўрока насупраць кожнай задачы вы ставілі ўмоўныя знакі, якія сведчылі аб тым, як вы мяркуеце справіцца з той ці іншай задачай. А цяпер пастаўце новыя знакі, зыходзячы з таго, як вы зразумелі новы матэрыял па кожнай задачы.

 

ІІІ Абагульненне і замацаванне

– Усе пункты плана разгледзены, каардынатныя прамыя і контурная карта запоўнены, пастаўленыя задачы выкананы. Можам падвесці вынік урока. Хто можа пераказаць параграф, абапіраючыся на ЛСМ?

– А цяпер выканаем тэст на камп’ютарах.

 

IV Выстаўленне адзнак. Дамашняе заданне

Параграф 1, адказаць на пытанні і заданні на с. 11

(па жаданні) Падрыхтаваць паведамленне пра Міндоўга і Віценя.

 

V Рэфлексія (прыём “Дзякуй … за тое, што …)

– Цяпер я прапаную вам падзякаваць аднаго свайго аднакласніка за што-небудзь адносна ўрока. (У канцы выказваю падзяку сама ўсяму класу)

– Наш урок я хачу закончыць словамі верша Кірыла Азімкі

Наша Вялікае Княства Літоўскае,
Шляхта заможная, непераможная,
Мы не забылі, мы адрадзілі
Шлях праз стагоддзі твой,
Княства Літоўскае.
                                     Кірыл Азімка

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий