Пясочная тэрапія як адзін з самых эфектыўных метадаў карэкцыйна-адукацыйнай работы. З вопыту работы настаўніка

- 17:45КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

Выкарыстанне пясочнай тэрапіі дазваляе павысіць эфектыўнасць вучэбна-адукацыйнай, карэкцыйнай работы і дае свае станоўчыя вынікі.

 

Марына БАЖКОВА,
настаўнік
ДУА “Краснапольскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”,
Магілёўская вобласць

 

Сучасныя ўмовы развіцця адукацыйнага працэсу прыводзяць педагогаў да пошуку цікавых метадаў і тэхналогій у рабоце з дзецьмі з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным або псіхічным развіцці. Метадаў нетрадыцыйнага ўздзеяння досыць шмат (гульня, казка, выяўленчае мастацтва, гліна, воск і інш). Але мне хочацца спыніцца на тым, які, на мой погляд, з’яўляецца найбольш мэтазгодным і эфектыўным у працы з дзецьмі, – гэта пясочная тэрапія.

Пясочніца з’яўляецца маленькай мадэллю навакольнага свету, а пясок нярэдка дзейнічае на дзяцей як магніт. Іх рукі самі, неўсвядомлена, пачынаюць перасыпаць і прасейваць яго, будаваць тунэлі, горы, выкопваць ямкі. А калі да гэтага дадаць розныя цацкі, тады ў дзіцяці з’яўляецца ўласны свет, дзе ён выдумляе і фантазіруе, і, у той жа час, вучыцца працаваць і дамагацца мэты. Дзіця проста гуляе з чароўнай масай, а пры гэтым у яго развіваецца ўседлівасць, фантазія, тактыльныя адчуванні, дробная маторыка, уважлівасць. Заняткі з пяском у розных гульнявых формах расслабляюць і ўраўнаважваюць дзіцяці, рэгулююць узровень эмацыйнай лабільнасці, перамыкаюць яго ўвагу. Менавіта таму гэты метад актыўна выкарыстоўваецца ў працы з дзецьмі спецыяльнага класа Краснапольскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця. Арганізоўваючы адукацыйны працэс з дзецьмі спецыяльнага класа, актыўна выкарыстоўваю розныя віды работы са светлавым сталом (пясочную анімацыю), якія вельмі падабаюцца выхаванцам.

Светлавы стол я зрабіла з падручнага матэрыялу. Для гэтага мне спатрэбіўся пластыкавы кантэйнер, лямпа для падсвятлення на батарэйках, фольга для лепшага адлюстравання святла, пясок і матэрыялы для малявання.

Наяўнасць светлавога стала з пяском дазваляе пабудаваць больш займальную адукацыйную (або навучальную) і карэкцыйную работу для дзяцей з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным або псіхічным развіцці. Бо чым цікавей, больш эмацыйна афарбаваны навучальны матэрыял, тым лепш дзеці яго запамінаюць і засвойваюць. Перанос традыцыйных педагагічных заняткаў на светлавы стол дае большы выхаваўчы, адукацыйны і карэкцыйны эфект, у параўнанні са стандартнымі формамі навучання: узмацняецца жаданне дзіцяці пазнаваць нешта новае, эксперыментаваць і працаваць самастойна, гарманічна і інтэнсіўна развіваюцца ўсе пазнавальныя функцыі (успрыманне, увага, памяць, уяўленне, а таксама гаворка і маторыка), удасканальваецца прадметна-гульнявая дзейнасць, што ў далейшым спрыяе развіццю сюжэтна-ролевай гульні і камунікатыўных навыкаў дзіцяці.

Актыўна выкарыстоўваю работу са светлавым сталом як у вучэбна-адукацыйнай, так і ў карэкцыйнай рабоце, на індывідуальных, падгрупавых, і франтальных занятках.

Так, напрыклад, на ўроках па камунікацыі можна выкарыстоўваць наступныя гульні:

– “Намалюй і раскажы” (дзіця стварае карцінку на пяску і суправаджае свае дзеянні мовай);
– “Што ты адчуваеш?” (апісанне дзецьмі сваіх адчуванняў пры ўзаемадзеянні з пяском);
– “Дадай дэталь” (педагог “піша” на пяску літару, прапусціўшы адзін элемент, а дзіця дадае літары і называе яе);
– “Чараўнік” (дзіця лепіць літару з пяску, зграбаючы яго рэбрамі далоняў, а затым ператварае яе ў іншую; напрыклад, літару А ператварае ў літару Л);
– “Прачытай склад” (прапаную дзіцяці правесці пальчыкам дарожку ад адной літары да іншай і прачытаць склад).

На ўроках па практычнай матэматыцы можна выкарыстоўваць наступныя гульні:

– “Пабудуй дарожку” (прапаную раскласці на пяску ў асаблівай лагічнай чарговасці розныя па структуры і памеры камяні і прыродныя матэрыялы);
– “Прайдзі па дарожцы” (дзіця кожным пальчыкам правай і левай рукі па чарзе праходзіць па дарожцы);
– “Намалюй фігуру” (прапаную намаляваць на пяску зададзеную постаць самастойна або з выкарыстаннем шаблону);
– “Вылечы хворую лічбу” (дзіця дамалёўвае элемент, які адсутнічае) і інш.  

На ўроках па выяўленчай дзейнасці можна выкарыстоўваць наступныя гульні:

– “Узоры на пяску дзвюма рукамі” (маляванне двума рукамі (пэндзлікамі) адначасова на пяску розных узораў);
– “Незвычайныя сляды”, “Ідуць медзведзяняты” (дзіця кулачкамі і далонямі з сілай націскае на пясок),
– “Скачуць зайцы” (кончыкамі пальцаў дзіця ўдарае па паверхні пяску, рухаючыся ў розных напрамках),
– “Паўзуць змейкі” (дзіця спачатку разняволенымі, затым напружанымі пальцамі рук робіць паверхню пяску хвалістай (у розных напрамках));
– “Бягуць жучкі-павучкі”(дзіця рухае ўсімі пальцамі, імітуючы рух насякомых);
– “Дарожка” (педагог праводзіць хвалістую лінію-дарожку; дзіця адной рукой або двума адначасова, праводзіць пальцамі па пяску, імкнучыся адлюстраваць такую ж хвалістую лінію).

У карэкцыйнай рабоце вялікую ўвагу надаю пясочнай тэрапіі з элементамі казкатэрапеўтычных метадаў. Працуючы над казкай можна вырашыць эмацыйныя і паводніцкія праблемы (неўрозы, сарамлівасць, страхі, агрэсію), а ў спалучэнні з пясочнай тэрапіяй тэрапеўтычны эфект казкі значна павялічваецца, так як дзіця не толькі прайграе ролю, але і малюе яе асобныя фрагменты на пяску.

Казку падбіраю зыходзячы з праблемы, якую мае дзіця. Гэта дазваляе атаясамліваць яго з героем. Абавязкова раблю акцэнт на моцныя бакі і станоўчыя рысы, якімі герой аповеду падобны на дзіця. Бо, калі мы занадта ўстрывожаныя з-за нейкай праблемы, мы забываемся пра свае моцныя бакі, добрыя якасці.

Вопыт працы паказвае, што выкарыстанне пясочнай тэрапіі дазваляе павысіць эфектыўнасць вучэбна-адукацыйнай, карэкцыйнай работы і дае свае станоўчыя вынікі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий