Тэма вывучаецца ў 4-м класе ў канцы другой чвэрці ў раздзеле “Музычная культура Беларусі”. Прапанаваныя ўрокі дапамогуць навучэнцам пашырыць веды аб беларускім народным свяце Каляды.
Яўгенія САВІЦКАЯ,
настаўнік музыкі
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: пашырэнне ўяўленняў аб беларускай народнай традыцыі святкавання Каляд.
Задачы:
– абагаціць вопыт успрымання і аналізу музычных твораў на калядную тэму;
– развіваць уменне выконваць калядныя песні;
– фарміраваць вопыт удзелу ў інсцэніроўцы каляднага абраду;
– прывіваць любоў да беларускай культуры, да яе традыцый, свят і абрадаў.
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак, памятка “Сродкі музычнай выразнасці”.
Абсталяванне: ноўтбук, тэлевізар, карткі-заданні “Выберы правільны адказ”, дзіцячыя музычныя інструменты (бубны), маска казы, калядная зорка, абрус, рэшата з частаваннем, хусткі, саламяны капялюш, сігнальныя карткі.
Музычны рэпертуар: В.Войцік, IV частка сімфанічнай сюіты “Забавы” (“Калядоўшчыкі”), беларускія народныя песні “Го-го-го, каза”, “Учора з вячора”, відэазапіс песні “Ой, калядачкі” (муз. В.Мулявіна, сл. народныя) у вакананні ансамбля “Песняры”.
Ход урока
І Арганізацыйны момант
Вучні ўваходзяць у клас пад песню “Ой, калядачкі”.
Музычнае прывітанне “Добры дзень, дзеці!”
Стварэнне эмацыянальнага настрою.
– Прагучаў званок і пачаўся наш урок. Што вы чакаеце ад сённяшняга ўрока? (Адказы вучняў). Жадаю вам добрага настрою і хачу, каб на ўроку вы былі
У – уважлівымі,
Р – разумнымі,
О – дОбразычлівымі,
К – крэатыўнымі.
II Змест работы
1 Фармуляванне тэмы і вызначэнне задач урока
– Давайце паспрабуем вызначыць тэму ўрока. Пра што была песня, пад якую вы ўвайшлі ў клас? Так, пра Каляды. Дык аб чым пойдзе гаворка на ўроку? (Адказы вучняў).
– Мы прадоўжым тэму Каляд. (Настаўнік тэму запісвае на дошцы).
– Аб чым даведаемся? Чаму навучымся? (Адказы вучняў, якія потым рэдагуе настаўнік).
2 Актуалізацыя ведаў
– Перад тым як перайсці да новай тэмы, успомнім матэрыял мінулага ўрока і выканаем заданне “Выберы правільны адказ”.
1 Што азначае слова “Каляды”? |
1 Назва ўтварылася ад слова “кола”, |
2 Калі пачыналі святкаваць Каляды? |
1 8 студзеня |
3 Які персанаж самы галоўны ў калядным абрадзе? |
1 Каза |
4 Як у Свіслацкім раёне называецца свята Каляды? |
1 Калядкі |
– Правядзіце ўзаемаправерку. А цяпер праверце па ключы. (Ключ: 1 – 1, 2 – 1, 3 – 1, 4 – 2.)
Хто выканаў усё правільна? Хто дапусціў памылкі? (Памылкі агучваюцца і выпраўляюцца).
3 Слуханне музычнага твора беларускага кампазітара на калядную тэму
– Святы і абрады цікавілі і прафесійных кампазітараў. Сёння мы пазнаёмімся з творам беларускага кампазітара В.Войціка. Звярніце ўвагу на фотаздымак, які размешчаны ў вучэбным дапаможніку на с. 86. А цяпер некалькі фактаў з яго біяграфіі.
Выступленне навучэнца з паведамленнем аб кампазітары
Войцік Віктар Антонавіч нарадзіўся 3 верасня 1947 у Гродна. Заявіў пра сябе, калі быў студэнтам беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Ён напісаў шэраг твораў, у якіх адчуваецца павышаная цікавасць да аркестравай маляўнічасці і яркага народнага слова. Гэта сюіта “Забавы”, “Парафраза”, Другая сімфонія, аркестравая п’еса “Ціхая мара”. За твор “Памяць Хатыні” на Усесаюзным конкурсе студэнтаў-кампазітараў у Маскве Віктару Войціку была прысуджана I прэмія і прысвоена званне лаўрэата. Асобную вобласць творчасці кампазітара складае вакальная музыка. На працягу ўсяго творчага шляху ён піша песні, рамансы, хоры, якія сведчаць пра яго беражлівыя адносіны да беларускага слова і маўленчай інтанацыі. Музыка Віктара Войціка прыцягвае да сябе сваёй яркай эмацыянальнасцю, прыгажосцю, шчырасцю. Яна гучыць у канцэртах, на радыё і тэлебачанні, выклікаючы цікавасць у слухачоў.
– Як бы вы ацанілі выступленне аднакласніка? (Адказы навучэнцаў).
– Успомніце, што такое сюіта.
Сюіта – гэта музычны твор з некалькіх самастойных частак, якія аб’яднаны адной задумай.
– Сюіта Віктара Войціка “Забава” складаецца з чатырох частак. Паслухайце чацвёртую частку сюіты пад назвай “Калядоўшчыкі”, падзяліцеся сваімі эмоцыямі і вызначце, якія музычныя інструменты саліруюць.
Праслухоўванне твора, абмен уражаннямі, вызначэнне саліруючых інструментаў.
ІІІ Вакальна-харавая работа
– Сёння ў вас ёсць магчымасць развучыць папулярную мясцовую калядку “Учора з вячора”.
1 Выкананне практыкаванняў для дыхання і артыкуляцыі
Спачатку мы з вамі выканаем практыкаванні для дыхання і артыкуляцыі.
1) “Змейка” (зрабіць глыбокі ўдых, а пры выдыху вымаўляць: “Тс-с-с”).
2) “Хамяк” (спачатку надзьмуць абедзве шчакі, а потым то правую, то левую).
3) “Рыбка” (уцягнуць шчокі і ўтрымліваць у такім стане 5 секунд).
4) “Конік” (цокаць языком спачатку павольна, потым хуткасць павялічваецца).
2 Распеўка “До, рэ, мі, фа, соль, фа, мі, рэ, до”
– З практыкаваннямі справіліся. Цяпер пачынаем распеўку “До, рэ, мі, фа, соль, фа, мі, рэ, до”.
3 Знаёмства з каляднай песняй “Учора з вячора”
– Пазнаёмцеся з літаратурным тэкстам каляднай песні “Учора з вячора” і паспрабуйце па ім вызначыць характар мелодыі. (Тэкст песні раздадзены кожнаму навучэнцу).
Хутчэй за ўсё гэты твор мажорны, гучны, светлы.
4 Праслухоўванне песні-калядкі ў выкананні мясцовай вакальнай групы”Надзея”
5 Развучванне песні навучэнцамі
Учора з вячора
Засвяціла зора.
Учора з вячора
Засвяціла зора. – 2 разы.
Зора засвяціла,
Свет узвесяліла.
Зора засвяціла,
Свет узвесяліла. – 2 разы.
Свет узвесяліўся:
Хрыстос нарадзіўся.
Свет узвесяліўся:
Хрыстос нарадзіўся. – 2 разы.
Хрыстова раджэнне-
Людзям на збаўленне
Хрыстова раджэнне-
Людзям на збаўленне. – 2 разы.
Людзі, выбягайце,
Хрыста прывітайце.
Людзі, выбягайце,
Хрыста прывітайце. – 2 разы.
Здаровы бывайце,
Нам каляду дайце.
Здаровы бывайце,
Нам каляду дайце. – 2 разы.
Здарова святкуйце,
Дайце, не шкадуйце.
Здарова святкуйце,
Дайце, не шкадуйце. – 2 разы.
– Вашы меркаванні наконт характару мелодыі твора правільныя? (Так)
– Ці ўсё ў вас атрымалася на гэтым этапе ўрока? Ацаніце сваю працу пры дапамозе чароўнай лінеечкі.
IV Творчае заданне “Інсцэніроўка каляднага абраду”
– Дзеці, а ці былі вы ўдзельнікамі калядавання? (Не)
– А жадаеце пабыць калядоўшчыкамі? (Так)
– Запрашаю вас прыняць удзел у абрадзе.
Ідзе размеркаванне роляў, знаёмства з рэплікамі, пераапрананне.
Інсцэніроўка
Калядоўшчыкі ў масках з каляднай зоркай ідуць “па вуліцы” (паміж радамі ў класе) і спяваюць калядку “Учора з вячора”, трымаючы рытм пры дапамозе музычных інструментаў (бубнаў). Падышоўшы “да хаты” (да настаўніцкага стала, які засланы абрусам і каля якога чакаюць гаспадар з гаспадыняй), працягваюць спяваць калядку. А потым ідзе дыялог.
Першы калядоўшчык.
Добры вечар, шчодры вечар!
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
Другі калядоўшчык.
А ці рады вы нам?
Гаспадар з гаспадыняй.
Мы вельмі рады вам і даўно ўжо чакаем.
Трэці калядоўшчык.
Мы сёння вас шчыра вітаем і жадаем:
Чацвёрты калядоўшчык.
Каб ад нашага спаткання
Крышку вы памаладзелі,
Каб не ведалі вы злосці,
Каб жылі ў весялосці,
Пяты калядоўшчык.
Што на небе зорак, столькі вам сябровак.
Што ў лесе елак, столькі вам капеек.
Шосты калядоўшчык.
Што ў лесе ігліцы, столькі вам паляндвіцы.
Што ў крыніцы вады, столькі цеста ў дзяжы.
Сёмы калядоўшчык.
А ты, каза, не ляніся!
Туды-сюды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Паскачы для народа,
Каб урадзіла жыта
Ў новым годзе многа.
А вы, гаспадары, не сядзіце,
Казу-весялушку ў карагод вазьміце.
Хто з казою патанцуе,
Таму ў новым годзе пашанцуе.
Каза і ўсе ўдзельнікі заводзяць карагод. Спяваецца песня.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі падзела?
– На соль праела.
– Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
– Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.
Каза валіцца і ляжыць як мёртвая.
Першы калядоўшчык.
Што ж гэта стала,
Мая каза ўпала, ссохла, прапала.
Другі калядоўшчык.
Ты, каза-казіха,
Устань, развесяліся.
Гаспадар ідзе,
Рэшата нясе,
Рэшата аўса,
Паверх каўбаса,
Тры кускі сала,
Каб каза ўстала.
Трэці калядоўшчык.
Дзякуй гаспадару за такі пачастунак.
Каза ўстае і весела скача.
Чацвёрты калядоўшчык.
Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.
Пяты калядоўшчык.
Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана — прыдбаецца.
Шосты калядоўшчык.
Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плён,
Многа радасці, светлых дзён.
Каза.
Дзякуем вам за добры прыём,
Цераз лета і восень зноў к вам прыдзём.
Разам.
Усяго вам добрага. Да сустрэчы!
– Ацаніце сваю работу з дапамогай сігнальнай карткі і агучце свой выбар.(Зялёны колер – усё атрымалася, жоўты колер – дапускаў памылкі, чырвоны колер – адчуваў цяжкасці пры выкананні сваёй ролі)
V Слуханне каляднай песні ў выкананні прафесійнага ансамбля
– Творы каляднай тэматыкі ёсць і ў творчасці прафесійных беларускіх калектываў, такіх як ансамблі “Песняры” і “Харошкі”. Паслухайце песню “Ой, Калядачкі” ў выкананні “Песняроў”. (Словы народныя, музыка У.Мулявіна) (Тэкст песні ёсць у кожнага навучэнца на парце, па жаданні дзеці могуць падпяваць).
– Якія эмоцыі ўзніклі ў вас ад пачутага твора? (Адказы навучэнцаў).
VI Падвядзенне вынікаў урока
– Хто такія калядоўшчыкі?
– Калядную песню лягчэй спяваць пад музыку ці а капэла?
– Якія прафесійныя беларускія ансамблі выконваюць калядныя песні?
– Што вам найбольш спадабалася на ўроку?
VII Рэфлексія “Дзве далоні”
– Выцягніце далоні перад сабой. У левую мысленна пакладзіце ўсё, аб чым даведаліся, а ў правую – што адчувалі на працягу ўрока. А цяпер злучыце далоні разам. Кожны з вас панясе ў далоньках з урока штосьці сваё. Дзякуй за працу.
Першы ўрок па тэме «Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”)» глядзіце тут:
Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). Урок музыкі ў 4-м класе. 1-ы ўрок