Замацаванне ведаў, атрыманых пры вывучэнні нумарацыі лікаў першага дзясятка, уменнея рашаць задачы, якія раскрываюць сэнс аперацый складання і аднімання; удасканальванне вылічальных навыкаў і умення параўноўваць лікі.
Леакадзія ТУЛЬКО,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Бобравіцкая сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма. “Складанне і адніманне адназначных лікаў. Замацаванне”
Клас: 1-ы.
Задачы:
– замацоўваць веды, атрыманыя пры вывучэнні нумарацыі лікаў першага дзясятка, уменне рашаць задачы, якія раскрываюць сэнс аперацый складання і аднімання;
– удасканальваць вылічальныя навыкі, уменне параўноўваць лікі;
– садзейнічаць развіццю ўвагі, мыслення, кемлівасці, пазнавальнай актыўнасці;
– стварыць умовы для выхавання самастойнасці, узаемадапамогі, сяброўства, цікавасці да матэматыкі.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, апорныя схемы, мультымедыйная прэзентацыя, вееры арыфметычных знакаў, малюнкі Калабка, карткі з лікамі, стужка лікаў.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
Настаўнік. Што пачулі вы?
Дзеці (разам). Званок.
Настаўнік. Гэта значыць…
Дзеці (разам). Пачынаецца ўрок.
Настаўнік. Вы гатовы працаваць, / Нешта новае спазнаць?
Дзеці (разам). Мы гатовы працаваць, / Нешта новае спазнаць.
Настаўнік. Значыць, будзем працаваць / І не будзем сумаваць.
– Сённяшні ўрок матэматыкі будзе незвычайным. А каб у нас усё атрымалася, падумайце пра што-небудзь прыемнае. Падумалі? А цяпер пакладзіце на далонь поспех, надзею, удачу і дзьмухніце на іх з усяе моцы. Няхай яны будуць нашымі спадарожнікамі на ўроку.
2 Матывацыя. Усведамленне мэт урока
– Сёння мы замацуем веды, якія атрымалі пры вывучэнні адназначных лікаў. Падумайце і скажыце, чым мы будзем займацца на ўроку. Давайце звернемся да апорных схем. (Дзеці называюць.)
1, 2, 3, 4, 5, … 2 + 1 = ? 7 < ? ? + 2 = ?
– А яшчэ, дзеці, мы адправімся ў казачнае падарожжа. Падарожнічаць аднаму сумна, таму патрэбна ўзяць з сабой сяброў. А каго мы возьмем у падарожжа, вы здагадаецеся, калі папрацуеце ў парах. Вам патрэбна скласці назву казачнага героя. Пабудуйце лікі ў парадку павелічэння.
К Л А Б О А К
1 3 2 5 6 4 7
– Якое слова атрымалася? (Слайд 2) Як называецца казка, дзе галоўным героем з’яўляецца Калабок?
– Дзеці, а вы помніце, чым закончылася казка? А ці падабаецца вам такі канец казкі? Сёння мы з вамі паспрабуем скласці новую казку. Давайце ўспомнім пачатак казкі “Калабок”.
– Жылі-былі дзед і баба. (Слайд 3) Рашылі яны спячы калабок. Баба замясіла цеста, зрабіла калабок, спякла яго і паклала на акно, каб астыў. (Слайд 4) Калабок атрымаўся незвычайны. Мала таго, што шустры, яшчэ і дапытлівы. Ляжыць Калабок на акне, глядзіць у неба і зоркі лічыць. (Слайд 5)
Давайце яму дапаможам.
3 Вуснае лічэнне
– Лічэнне ад 10 да 20; ад 10 да 1.
– Лічэнне “двойкамі”, “пяцёркамі”, “дзясяткамі”.
– Работа з лікамі. Назваць лікі, пабудаваць у парадку памяншэння, скласці выразы, назваць суседзяў, паменшыць на 1, павялічыць на 1 (8, 3, 9, 5, 2, 7, 6).
– Калабок убачыў сузор’е (Слайд 6) і прапаноўвае нам пагуляць разам з ім у гульню “Шукай пытанне”.
– Марыў, марыў Калабок і не заўважыў, як наступіла раніца. Скаціўся ён з акна і рашыў зрабіць зарадку. Давайце і мы адпачнём.
Фізкультхвілінка
Сонца рана-рана ўстала,
На зарадку заклікала:
– Гэй! Выходзьце з хаты ўсе,
Пакланіцеся расе!
Да мяне вы падцягніцеся
Ды да сябра нахіліцеся.
А цяпер вось – рукі ў бокі –
Хутка пусцімся ў скокі!
4 Замацаванне вывучанага
– Сумна стала Калабку аднаму і пакаціўся ён па сцяжынцы шукаць сабе сяброў. (Слайд 7) Дзеці, а вы хочаце быць сябрамі Калабка? Каб стаць сапраўднымі сябрамі, нам патрэбна дапамагчы Калабку вытрымаць усе выпрабаванні. Згодны?
– Коціцца Калабок, а насустрач яму… Адгадайце хто? (Слайд 8)
Улетку шэранькі, узімку беленькі.
Доўгія вушы мае, хутка ў лес уцякае. (Заяц.)
– Зайчык быў вельмі ўважлівы, скакаў па лесе і ўсё заўважаў. Ён убачыў птушак і запрасіў Калабка рашыць разам з ім задачы. А мы дапаможам?
Работа па сшытку (с. 50, № 1, № 2).
– Пасябраваў Калабок з Зайчыкам і пакаціўся далей. А насустрач яму… Хто? Адгадайце. (Слайд 9)
Шэры, злы, галодны. (Воўк.)
– Але гэты Воўк быў добрым. Ён любіў іграць на музычных інструментах, займацца спортам і запрасіў Калабка пагуляць з ім у футбол. Давайце і мы разам з казачнымі героямі пагуляем у матэматычны футбол.
Гульнявое практыкаванне “Матэматычны футбол”
Выбраць прыклады з адказам 7:
3 + 3 5 + 2 7 + 0 8 – 2 9 – 2 6 + 1 8 – 1 9 – 3 4 + 3
– Воўк і Калабок пасябравалі.
– Стаміўся Калабок пасля гульні ў футбол. Рашыў адпачыць. А вы прытаміліся? Давайце адпачнём.
Фізкультхвілінка
Папрацавалі – адпачнём,
Устанем, глыбока ўдыхнём.
Рукі ў бакі, уперад,
Улева, управа паварот.
Тры нахілы, прама стаць,
Рукі ўніз і ўверх падняць.
Рукі плаўна апусцілі,
Усім усмешкі падарылі.
Гімнастыка для вачэй
– Адпачыў Калабок і пакаціўся далей. Насустрач яму… Адгадайце, хто? (Слайд 10)
Ён зімою засынае,
Летам мёд не абмінае. (Мядзведзь.)
– Захацеў Калабок і з Мядзведзем пасябраваць. Але Мядзведзь быў вельмі старанны, працавіты і прапанаваў Калабку выканаць заданне: лікі напісаць, палічыць, лікі параўнаць. А Калабок не ўмее лікі пісаць, параўноўваць іх, выконваць складанне і адніманне. А вы ўмееце? Дапаможам яму?
Работа з матэматычнай пропіссю
Адшукаць заканамернасць і прадоўжыць рад лікаў; запісаць суседзяў дадзеных лікаў; выканаць складанне і адніманне; параўнаць лікі.
– Дзеці, вы сёння малайцы, вельмі добра дапамагаеце Калабку. З вашай дапамогай Калабок пасябраваў і з Мядзведзем. Задаволены, Калабок пакаціўся далей шукаць сяброў. А насустрач яму… Як вы думаеце, хто? Адгадайце. (Слайд 11)
Хвост мой пушысты,
Кажух мой агністы.
Хітрай называюць
І курэй хаваюць. (Ліса.)
– Ліса заўсёды хітрая, любіць падмануць. Яна згадзілася толькі тады быць сяброўкай, калі Калабок расставіць правільна арыфметычныя знакі ў прыкладах. Зноў нам патрэбна дапамагаць Калабку. Не можам мы пакінуць свайго сябра ў бядзе.
Работа з веерамі арыфметычных знакаў.
Расставіць арыфметычныя знакі ў прыкладах. (Слайды 12, 13, 14, 15, 16, 17.)
3 * 2 = 5 9 * 5 = 4 4 * 3 = 7
8 * 4 = 4 7 * 2 = 5 3 * 3 = 6
– Малайцы! І з гэтым заданнем вы справіліся выдатна. Ліса згадзілася сябраваць з Калабком.
5 Вынік урока. Рэфлексія
– Вось у нас і атрымалася новая казка. Усе героі казкі сталі сябрамі.
– Дзеці, а каго мы лічым сапраўдным сябрам? (Гэта той, хто дапамагае, спачувае, супакойвае). Сёння і вы для Калабка былі сапраўднымі сябрамі. Вы яму дапамагалі… (рашаць задачы, лічыць, гуляць). Калабку вельмі спадабалася быць разам з вамі. Вы такія разумныя, кемлівыя, сапраўдныя сябры. (Слайд 18) Паглядзіце, які ён вясёлы, радасны. Калабок вам гаворыць дзякуй за добрую працу на ўроку, за дапамогу. А вам ці спадабалася падарожнічаць з Калабком, дапамагаць яму?
– У кожнага з вас на парце малюнкі Калабка. З іх дапамогай ацаніце сваю працу. Калі вы працавалі добра, з задавальненнем, намалюйце роцік так, каб Калабок усміхаўся ўсім нам, калі не вельмі добра, – намалюйце роцік так, каб Калабок сумаваў.
– Я таксама дзякую ўсім за добрую працу на ўроку. Падніміце свае ручкі, пакладзіце іх на галоўкі і пагладзьце сябе. Сёння ўсе вы малайцы!