Рэалізацыя праекта дазволіла павысіць цікавасць усіх яго ўдзельнікаў да гісторыі, традыцый і звычаяў роднага краю, стварыць эфектыўную сістэму турысцка-краязнаўчай работы ў школе, бесперапынную сістэму патрыятычнага выхавання сродкамі турызму і краязнаўства на аснове культурных каштоўнасцей роднага краю, а таксама захапіць падрастаючае пакаленне практычнай дзейнасцю па вывучэнні і ўзнаўленні помнікаў прыроды, гісторыі і культуры.
Ірына АНАЦКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Каранёўская сярэдняя школа Светлагорскага раёна”,
Гомельская вобласць
Прыгожыя ландшафты, мяккі клімат, багатая гісторыя і фальклор, спалучэнне ландшафтных асаблівасцей са значнымі гістарычнымі месцамі робяць вёску Карані Светлагорскага раёна Гомельская вобласці прывабнай для яе жыхароў і гасцей з іншых рэгіёнаў. Таму невыпадкова, што настаўнікі і вучні Каранёўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна захапіліся ідэяй стварэння турысцка-краязнаўчага праекта “Вялікімі крокамі па малой радзіме”. І гэта ідэя не была спантаннай, ёй папярэднічалі гады сур’ёзнай карпатлівай працы.
Аб неабходнасці такога праекта ў школе ўпершыню загаварылі яшчэ ў 2012 годзе, калі вучні разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры пачалі збіраць матэрыял для вучэбна-даследчай работы “Этымалогія мікратапонімаў маёй мясцовасці” (https://docs.google.com/document/d/1Z8KiJtBm72kx-s7wBt9_K6PCTfi3cpWz/edit?usp=sharing&ouid=101801181798570620392&rtpof=true&sd=true). Ужо тады прыйшло разуменне, што пазнанне неацэннай разнастайнасці нацыянальнай культуры, непаўторнасці прыроды, гістарычнай і духоўнай спадчыны рэгіёна з’яўляецца важным звяном у фарміраванні асобы чалавека, грамадзяніна і патрыёта сваёй радзімы.
Некалькі гадоў вывучэння гістарычных крыніц, пошукавых мерапрыемстваў, сустрэч з мясцовымі жыхарамі садзейнічалі знаёмству з асаблівасцямі мясцовасці і паступоваму назапашванню краязнаўчага матэрыялу. Вынікам гэтай грунтоўнай працы сталі яшчэ дзве вучэбна-даследчыя работы (“Этымалогія мянушак жыхароў вёскі Карані”, (https://drive.google.com/drive/folders/1vLx9MvYR2Jc2_Id14bjgy2wsM9h6xNut?usp=drive_link) “Семантычная арганізацыя найменняў роднасці і сваяцтва ў народных гаворках вёскі Карані” (https://docs.google.com/document/d/17-Ija-OaalKz8EA4Jc8918Rle5Og7TtG/edit?usp=drive_link&ouid=101801181798570620392&rtpof=true&sd=true)), якія атрымалі высокую ацэнку на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Паступова мясцовы краязнаўчы матэрыял пачаў выконваць яшчэ і адукацыйную ролю: сістэма яго выкарыстання ў якасці дыдактычнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы (https://docs.google.com/document/d/1bKl7O5R53HSv6mD8HnlumVQAvdGOAprc/edit?usp=sharing&ouid=101801181798570620392&rtpof=true&sd=true), пачынаючы з 5-га класа, зарэкамендавала сябе дзейсным сродкам больш эфектыўнага засваення вучэбнай праграмы і фарміравання кампетэнтнай моўнай і маўленчай асобы.
З часам думка аб неабходнасці захавання гісторыі і традыцый малой радзімы толькі ўзмацнялася, жаданне пазнаёміць як мага больш людзей з прыродна-геаграфічнымі адметнасцямі вёскі, падзяліцца назапашаным матэрыялам расло. Нарэшце ў 2020 годзе пачалася распрацоўка турысцка-краязнаўчага праекта “Вялікімі крокамі па малой радзіме” (https://drive.google.com/drive/folders/1S3VpWu3RWNbMQKOA1vr9yHjHya5SE7nU?usp=sharing), які прадугледжвае знаёмства жыхароў і гасцей вёскі з яе прыроднай і культурнай спадчынай.
Аб’ектамі праекта сталі ўрочышчы і культурныя ландшафты рэгіёна. У ходзе распрацоўкі была створана карта ўрочышч і культурных ландшафтаў (https://drive.google.com/file/d/1L0aW47K7fX9VYZNkoZhRhk328JXD86_O/view?usp=sharing) вёскі Карані, геаграфічна абрунтаваны і распрацаваны краязнаўчыя экскурсійна-пазнавальныя маршруты ў межах даследуемай тэрыторыі. Першыя два гады экскурсіі праводзіліся па кальцавым маршруце (возера – урочышча Глінішча – капліца – Панскі сад – урочышча Царковішча – фальварак Каранёўскі – карчма) агульнай працягласцю 5 км 100 м. У 2022, 2023 гадах ішло асваенне маршрута (Кацярынінскі шлях – хутар Скабалішчы – урочышча Карпаўскі волак – Барысаў хутар – Стары шлях – урочышча Карміца – урочышча Прыстань – Белая гара – сажалка) ужо працягласцю цэлых 20 км.
Паступовае асваенне экскурсійна-пазнавальных маршрутаў прадугледжвае назапашванне ўражанняў экскурсантаў ад наведваемых аб’ектаў. Гэта дапаўняецца сабранымі ў ходзе пошукавых мерапрыемстваў звесткамі і інфармацыяй, атрыманай з друкаваных крыніц. Таксама экскурсіі папулярызуюцца і як від актыўнага адпачынку.
Рэалізацыя праекта “Вялікімі крокамі па малой радзіме” дазволіла павысіць цікавасць усіх яго ўдзельнікаў да гісторыі, традыцый і звычаяў роднага краю, стварыць эфектыўную сістэму турысцка-краязнаўчай работы ў школе, бесперапынную сістэму патрыятычнага выхавання сродкамі турызму і краязнаўства на аснове культурных каштоўнасцей роднага краю, а таксама захапіць падрастаючае пакаленне практычнай дзейнасцю па вывучэнні і ўзнаўленні помнікаў прыроды, гісторыі і культуры.
У мінулым годзе рэалізацыя праекта закончылася, але ўлічваючы яго ўнікальнасць і важнасць, спыняцца вучні не збіраюцца. Ужо зараз працягваецца праца з архіўнымі дакументамі па выяўленні гістарычных, культурных і прыродных помнікаў рэгіёна, распрацоўваецца новы экскурсійна-пазнавальны маршрут. Таксама плануецца распрацоўка і выпуск экскурсійных буклетаў, магнітаў, календароў з выявамі наведаных аб’ектаў, арганізацыя фотавыстаў.