Імерсіўны спектакль “Як жылі нашы продкі ў старажытнасці” дае дзецям першаснае ўяўленне аб жыцці старажытнага чалавека; знаёміць з заняткамі нашых продкаў; развівае ў малодшых школьнікаў уяўленне, лагічнае і творчае мысленне; пашырае слоўнікавы запас; развівае пантамімічныя і мімічныя здольнасці, дробную маторыку; спрыяе выхаванню цікавасці да гісторыі краю, да сваіх каранёў.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Імерсіўны спектакль – форма камунікацыі сучаснага тэатра з гледачом, што робіць яго блізкім сацыяльна-культурнай дзейнасці.
Імерсіўны спектакль стварае эфект поўнага пагружэння гледача ў сюжэт пастаноўкі, гэта тэатр уключэння, дзе глядач – паўнапраўны ўдзельнік таго, што адбываецца. Тут дазволена тое, што знаходзіцца пад забаронай у традыцыйным тэатры: можна мацаць рукамі дэкарацыі, вывучаць і выкарыстоўваць рэквізіт. Акцёры ўзаемадзейнічаюць з гледачом на працягу ўсяго прадстаўлення. Часта такія спектаклі праходзяць не ў будынку тэатра, а ў любым месцы. Дзеянне можа адбывацца ў розных лакацыях адначасова, а глядач сам выбірае маршрут – гэта значыць, у кожнага гледача можа быць свой ход развіцця сюжэту. У школе добрай пляцоўкай для правядзення імерсіўнага спектакля становіцца музей.
Методыка пастаноўкі школьнага імерсіўнага тэатра ў школьным музеі:
1) выбар тэмы, зыходзячы з фондаў і мясцовага матэрыялу;
2) адбор рэквізіту, вызначэнне яго ролі;
3) напісанне сцэнарыя;
4) размеркаванне роляў, у тым ліку для гледачоў;
5) афармленне дэкарацый;
6) правядзенне мерапрыемства; фотафіксацыя;
7) рэфлексія.
Імерсіўны спектакль “Як жылі нашы продкі ў старажытнасці” дае дзецям першаснае ўяўленне аб жыцці старажытнага чалавека, знаёміць з заняткамі нашых продкаў; развівае ў малодшых школьнікаў уяўленне, лагічнае і творчае мысленне, пашырае слоўнікавы запас; развівае пантамімічныя і мімічныя здольнасці, дробную маторыку; спрыяе выхаванню цікавасці да гісторыі краю, да сваіх каранёў.
Мэта: фарміраванне гістарычнай свядомасці праз пагружэнне ў прадстаўленне, якое дае магчымасць дзецям дакрануцца да жывой гісторыі сваіх продкаў.
Удзельнікі: Вандроўнік у часе, Археолаг, Першабытны чалавек, гледачы (яны ж удзельнікі спектакля).
Абсталяванне: будан, “крамянёвая майстэрня” з прыладамі працы першабытных людзей (каменная сякера, кавалак крэменю, гранітная галька – адбойнік, торбачка, пянёк, адціскальнік (стрыжань з рога і дрэва), кавалкі бяросты, шліфавальная пліта, мокры пясок, сухі пясок, драўляная пляшка з вадой), кап’ё, старажытны посуд, касцюм Першабытнага чалавека, галінкі, пацеркі, пластылін, папера, алоўкі, дартс, карткі з заданнямі, мультыборд з прэзентацыяй
ДЗЕЯННЕ ПЕРШАЕ
Паляўнічыя і збіральнікі
Вандроўнік. Задумайцеся: для вас учарашні дзень – далёкае мінулае, а для вашых продкаў – жывое сёння, аб’ядноўвае ж вас памяць. Сёння мы зазірнём у часы, калі яшчэ не было камп’ютараў, мабільных тэлефонаў, тэлевізараў і аўтамабіляў, прадпрыемстваў, магазінаў і ўсяго таго, без чаго мы не можам уявіць свайго жыцця сёння. Але людзі жылі і без усяго гэтага… А як? Вам хацелася б даведацца?
Слухайце мой аповед. Даўным-даўно гэта было. На нашай зялёнай і квітнеючай планеце, дзе ўжо жылі розныя жывёлы і птушкі, з’явіўся чалавек. Адкуль ён з’явіўся? Ці ведаеце?
Дзеці выказваюць меркаванні.
Вандроўнік. Дагэтуль пытанне застаецца спрэчным. Ці паходзіў ад малпаў (так лічаць вучоныя), ці чалавека стварыў Бог (так лічыць рэлігія), ці з’явіўся з космасу – у кожнага свае меркаванні. Але ўсё ж такі ён з’явіўся. І быў вось такі наш далёкі продак. (Звяртае ўвагу на малюнак з выявай першабытнага чалавека на мультыбордзе).
У чалавека не было ні вострых зубоў, ні кіпцюроў, ён не ўмеў лётаць, праўда, быў хуткі, спрытны, кемлівы.
Сёння нас чакаюць дзівосныя прыгоды. Зараз мы з вамі ператворымся ў першабытных людзей. Закрыйце вочы далонямі і паўтарайце чароўныя словы:
Дзень, прыйдзі, а ноч, сыдзі,
Сокал дзіўны, прыляці.
І перанясі нас, сокал,
У старажытныя часы.
Цяпер вы ўжо не школьнікі, а старажытныя людзі. Вакол нас – лес, але не вельмі густы.
Не ведаю, як вам, а мне дык вельмі хочацца есці. А што з’есці, я не ведаю. Крамы няма, сталоўкі няма. Навокал толькі лес…
Дзеці называюць, што можна сабраць і з’есці ў лесе.
Вандроўнік. Гэты занятак называецца збіральніцтвам. Што неабходна чалавеку ведаць, каб займацца збіральніцтвам?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Цяпер мы з дзяўчынкамі накіроўваемся на лясную паляну збіраць ягады. Па камандзе пачынаем збіраць пацеркі. Хто больш назбірае, стане самым спрытным збіральнікам ягад. Прыносьце сваю здабычу, раскладайце на дыван і лічыце, у каго колькі “ягад”.
Дзяўчынкі збіраюць ягады. Вандроўнік лічыць, у каго больш.
Вандроўнік. Але гэта ўсё добра ўлетку, а калі надышла зіма? Што рабіць?
Дзеці. Паляваць.
Вандроўнік. На каго?
Дзеці пералічваюць жывёл.
Вандроўнік. У тыя далёкія часы на зямлі вадзіліся маманты. (Паказ на мультыбордзе карцінак з мамантам). На якую жывёлу падобны мамант?
Дзеці. На слана.
Вандроўнік. А чым мамант адрозніваецца ад слана?
Дзеці. У маманта поўсць і вялізныя біўні.
Вандроўнік. Можа, хто-небудзь з вас раскажа нам пра маманта? (Удакладняе). Старажытны чалавек, мусіць, не быў пераборлівым у час палявання і здабываў усё, што бегала, поўзала, лётала. Але заўсёды марай старажытнага паляўнічага быў мамант. Мамант – гэта гара смачнага мяса. Яго шкурамі накрывалі жыллё. З костак маманта будавалі сцены памяшканняў. Косткі гэтай жывёліны ішлі на паліва. З іх выраблялі розныя прылады працы.
А можа, хто навучыць нас на маманта паляваць? Калі ніхто не ведае, то вучыць буду вас я. Спачатку трэба знайсці сцяжынку, па якой ходзіць на вадапой мамант. Потым выкапаць там вялікую яму, уніз калы вострыя ўкапаць, а зверху галля накідаць, каб яму нябачна было. Самім жа патрэбна схавацца ў засадзе. Як мамант з’явіцца, трэба закрычаць, зашумець (гукавая імітацыя). Мамант спалохаецца, пабяжыць па сцяжынцы, праваліцца ў нашу яму-пастку на кол. Тут той, хто сядзіць у засадзе, павінен выбегчы ды коп’і і камяні свае ў маманта кідаць. Ды асцярожна, блізка да ямы падыходзіць нельга, а то мамант можа вас хобатам зачапіць. Ну што гатовы? Тады пайшлі сцяжынку шукаць ды яму капаць.
Вандроўнік. Ну вось і прыйшлі. Чым будзем яму капаць?
Дзеці. Палкай, каменьчыкам.
Вандроўнік. А каменьчык круглы.
Дзеці. Раскалоць
Вандроўнік. А як?
Дзеці імітуюць раскол каменя.
Вандроўнік. Палка і каменьчык дапамаглі нам выкапаць яму. Але што яшчэ патрэбна чалавеку, каб пайсці на паляванне?
Дзеці. Зброя.
Вандроўнік. З чаго яе можна зрабіць?
Дзеці. З каменя і дрэва, косці.
Вандроўнік. Зброю можна зрабіць з розных матэрыялаў, але першабытнаму чалавеку былі даступны толькі дрэва і камень. Старажытныя людзі навучыліся рабіць з каменя нажы, наканечнікі коп’яў, лязо сякеры; а з дрэва – само кап’ё і ручку для сякеры. (Паказвае сякеру з прымацаванай ручкай). Каменнае лязо яны прывязвалі да дрэўка з дапамогай гнуткіх раслін (на мультыбордзе). З цягам часу прылады працы ўдасканальваліся. Свідраваліся адтуліны ў каменнай сякеры, каб замацаваць дрэўка. (Паказвае дзецям, як выглядалі прылады працы нашых продкаў).
Дзеці трымаюць у руках прылады працы, выказваюць свае адчуванні.
Вандроўнік раздае карткі, на якіх напісаны ролі, якія павінны выконваць дзеці. Гэта Мядзведзь, паляўнічыя, Вецер, дрэвы.
Вандроўнік. Зброя ў нас ёсць, яму-пастку выкапалі, хаваемся ў “засадзе”. Ведаеце, як крычыць загоншчык? (Імітацыя гукаў). Я бачу, як па сцяжынцы ідуць драпежныя жывёлы. Крычым! Жывёлы спалохаліся і ўцякаюць! Яны не заўважылі ямы і праваліліся ў яе. Паляўнічыя, падрыхтуйцеся! Страляць будзем па чарзе. (Выкарыстоўваецца дартс). Страляюць дзеці ў мішэнь, на якой змяшчаюцца выявы жывёл. Блізка да ямы не падыходзіць, гэта небяспечна! Пачынаем!
Вандроўнік. Так, цяжкія часы былі тады. Ад драпежных жывёл патрэбна ратавацца і ежу для ўсіх здабываць. Забіраем здабычу. Хто ў нас трапіў у пастку?
Дзеці. Воўк, паўночны алень, буры мядзведзь.
Вандроўнік. Добрая здабыча! Узялі? А цяпер пайшлі. Але куды мы пойдзем? Дзе жылі першабытныя людзі? Як вы думаеце?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Там, дзе былі горы, людзі жылі ў пячорах. Дзе не было гор, будавалі сабе буданы (шалашы) з касцей і шкур жывёл. (Паказ выяў на мультыбордзе).
Дзеці ідуць за вандроўнікам да будана.
Вандроўнік. З чаго пабудавана наша жыллё?
Дзеці. З дрэва і штучнага футра.
Вандроўнік. Заходзьце па чарзе і выказвайце свае адчуванні, пабываўшы ў гэтым збудаванні.
Дзеці заходзяць па чарзе ў будан і выказваюць свае адчуванні наконт жылля старажытнага чалавека. Садзяцца.
Вандроўнік. Я так замарыўся і вельмі хачу есці. Час нам пасілкавацца. У нас ёсць дзічына, а значыць мяса. Але мне надакучыла есці яго сырым, яно нясмачнае і вельмі цвёрдае, яго патрэбна…
Дзеці. Зварыць.
Вандроўнік. Мы зварым яго на…
Дзеці. Вогнішчы.
Вандроўнік. Што патрэбна для вогнішча?
Дзеці. Дровы, палкі.
Вандроўнік. Збіраем палкі, паваленыя дрэвы і кладзём іх вось сюды. Тут мы развядзём вогнішча.
Дзеці імітуюць збор галінак.
Вандроўнік. Цяпер сядайце ля будучага вогнішча. У старажытнасці людзі не ўмелі здабываць агонь. Яны чакалі, пакуль будзе навальніца. (Уключаюцца гукі навальніцы). Маланка стукне ў якое-небудзь дрэва і падпаліць яго. Тады яны бралі падпаленую галінку і разводзілі вогнішча ля свайго жылля. Глядзіце, ад маланкі загарэлася дрэва. Зараз я прынясу падпаленую галінку. (Вандроўнік “падпальвае” вогнішча). А каб агонь не патух ні днём, ні ноччу, дзяжурныя па чарзе падкладвалі сукі і галінкі ў вогнішча.
Што даў агонь чалавеку?
Дзеці. Абаграваў, аберагаў ад дзікіх жывёл, дапамагаў рыхтаваць ежу.
Дзеці і вандроўнік “смажаць” мяса.
Вандроўнік. Смачнае мяса ў нас атрымалася, добрае было паляванне.
Зараз я прапаную вам выбраць карткі жоўтага і зялёнага колеру. Што на іх напісана? (Паляўнічы, збіральнік). Паляўнічыя размяшчаюцца з правага боку ад мяне, а збіральнікі – з левага.
Дзеці мяняюцца месцамі, утвараючы групы.
Вандроўнік. Вам наступнае заданне: намаляваць, як нашы продкі палююць на жывёл (паляўнічым), займаюцца збіральніцтвам (збіральнікам).
Дзеці працуюць у групах. Ствараюць калектыўны малюнак.
Вандроўнік. Якія вы малайцы, сапраўдныя мастакі. Раскажыце, калі ласка, што вы намалявалі. Ажывіце ваш малюнак.
Дзеці выбіраюць прадстаўніка, які расказвае.
Вандроўнік. Мы з вамі пазнаёміліся з заняткамі прысвойваючай гаспадаркі – збіральніцтвам і паляваннем.
Што, акрамя ежы, нам дало паляванне?
Дзеці. Футра, з якога можна пашыць адзенне.
Вандроўнік. Што нам неабходна, каб пашыць адзенне?
Дзеці. Футра, іголка, ніткі.
Вандроўнік. Вы малявалі калектыўны малюнак. Як вам працавалася разам?
Дзеці. Цудоўна. Разам хутчэй і лягчэй.
Вандроўнік. Сапраўды, аднаму чалавеку цяжка жыць. На паляванне хадзіць і ад дзікіх драпежнікаў ратавацца не зможа. Толькі ў калектыве нашы продкі маглі выжыць. Першабытныя людзі жылі статкам. Гэта быў чалавечы статак (20–30 чалавек). Пазней з’яўляецца мацярынская родавая абшчына. Гэта калектыў сваякоў, якія паходзяць ад аднаго продка, сумесна працуюць і маюць агульную маёмасць. Галоўнай была жанчына, сваяцтва вялося па жаночай лініі. Чаму?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Яна ахоўніца роду. На чале роду стаяў старэйшына. Некалькі родаў, якія жылі на адной тэрыторыі, складалі племя. На чале племені стаяў савет старэйшын. Хто такія старэйшыны?
Дзеці. Старыя мудрыя людзі, якія вучылі моладзь, як рабіць зброю, прылады працы, займацца збіральніцтвам і многаму іншаму.
Вандроўнік. Зараз я ператваруся ў старэйшыну і навучу вас рабіць сапраўднае кап’ё.
Дзеці вырабляюць кап’ё.
Патрэбна ўзяць наканечнік, прыкласці яго да дрэўка і абматаць моцна вяроўкай. Вось так. Малайцы! Вы сапраўдныя першабытныя людзі. (Калі ёсць актыўны вучань, вандроўнік прызначае яго старэйшынам. Ён апранае шкуру жывёлы. Дае парады супляменнікам).
Вандроўнік. Час прайшоў вельмі хутка. Нам трэба вяртацца дадому. Закрывайце далонямі вочы і паўтарайце чароўныя словы:
Ноч, прыйдзі, а дзень, сыдзі,
Сокал дзіўны, прыляці,
І вярні нас, сокал, дадому.
Адкрываем вочы. Ізноў вы вучні, якія жывуць у наш час. Ці спадабалася вам падарожнічаць?
Дзеці выказваюць свае меркаванні і ўражанні.
ДЗЕЯННЕ ДРУГОЕ
У палеалітычнай крамянёвай майстэрні
На сцэне з’яўляюцца Вандроўнік і Археолаг. Уваходзяць дзеці. Займаюць месцы на імправізаванай стаянцы першабытных людзей.
Вандроўнік. Кожны з вас хоць раз падарожнічаў: у лес ці на возера, у іншы горад або вёску.
Археолаг. Як вы мяркуеце, ці толькі ў прасторы можна падарожнічаць?
Так, падарожжа можна здзейсніць і ў часе.
Вандроўнік. Вам хацелася б апынуцца ў сівой даўніне, прыкладна, у каменным веку, чатыры тысячы гадоў назад? Тады закрыйце вочы далонямі і паўтарайце чароўныя словы:
Дзень, прыйдзі, а ноч, сыдзі,
Сокал дзіўны, прыляці.
Перанясі нас, сокал,
У старажытныя часы.
Вандроўнік. Цяпер вы на беразе Нёмана каля сучаснай вёскі Дакудава на краі паселішча старажытных людзей. Пад самым лесам размясцілася крэмнеапрацоўчая майстэрня.
Археолаг. Крэмень, напэўна, усе ведаюць? Навокал і сёння пад нагамі параскіданы вялікія і малыя кавалкі гэтага белага ад крэйды каменя. Канечне, розныя дробныя прылады – скрабкі, нажы, праколкі – можна было рабіць і з гэтага “падножнага” матэрыялу. Але для якой буйной рэчы – цясла або сякеры – такі крэмень не падыходзіў. Ён быў сухі і крохкі.
Для такіх мэт першабытны чалавек шукаў крэмень, які залягаў у зямной тоўшчы і быў “мокры”. Калі свежаадкапаны крамянёвы камень разбіць і памацаць расколіны, пальцы адчуюць вільготную паверхню.
А як цудоўна такі крэмень расколваецца! Нават ад слабага ўдару. Са звонам, як шкло. На вялікія пласціны або кавалкі з рознымі гранямі і вострымі краямі.
Вандроўнік (расказвае і паказвае). Уважліва прыгледзьцеся: пад лёгкай трысняговай павеццю – чалавек.
Першабытны чалавек пачынае працаваць.
Вось ён ідзе ў кут павеці і выкопвае са схованкі крамянёвы кавалак. Затым бярэ з торбы адбойнік – гранітную гальку. Прысаджваецца на драўляны кругляк і спрытным ударам збівае вяршыню кавалка. Атрымалася амаль роўная пляцоўка. Паклаўшы камень на чэсаную дошку, якая ляжыць на зямлі, і заціснуўшы яго ступнямі, пачынае абколваць з пляцоўкі пласцінкі з правільнымі гранямі. Робіць ён гэта спецыяльным прыстасаваннем, зробленым з рога і дрэва, доўгім стрыжнем-адціскальнікам.
Потым ён падбірае з зямлі адколатыя пласцінкі і апрацоўвае іх на краях невялікім рэтушорам – абломкам крэменю. Пласцінкі-нарыхтоўкі набываюць форму доўгіх лістападобных наканечнікаў-стрэл з рэтушаванымі краямі і адмысловым тонкім насадам.
Археолаг. Прыгледзьцеся, пад павеццю ляжыць многа розных крамянёвых камянёў, з якіх адкалолі колькі можна нарыхтовак і кінулі як непатрэбныя. Гэта так званыя нуклеўсы. Яны выглядаюць, як гранёныя пірамідкі.
Вось каля павеці разасланы кавалкі бяросты. На іх ляжаць змайстраваныя яшчэ раніцаю крамянёвыя скрабкі. Такая прылада з’яўлялася ўніверсальнай. Ёй можна было чысціць рыбу, рэзаць шкуру жывёл і кару дрэў.
Вандроўнік. Сачыце ўважліва, майстар выбраў прадаўгаваты крэмень і збіў з яго верхнюю і ніжнюю часткі. Затым ударамі адбойніка адкалоў з краёў пляцоўкі тоўстыя адшчэпы – бачыце, нарыхтоўка пачала нагадваць сякеру. Майстар зрабіў лязо і плоскі абушок. Лязо падправіў рэтушорам, ім жа зняў і выступы па краях сякеры.
Археолаг. Ці ведаеце вы, што толькі ў самым канцы каменнага веку (у палеаліце) сякеры з крэменю пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт і мокрага пяску?
Вандроўнік. Хто прадэманструе, як першабытныя людзі свідравалі дзіркі ў крамянёвых сякерах?
Паказвайце жэстамі, як выкарыстоўваў старажытны майстар гэтыя рэчы для свідравання. Суправаджайце сваю гістарычную рэканструкцыю гукамі, і толькі гукамі, першабытнага чалавека.
Археолаг. Для гэтага былі патрэбны касцяная палка, пясок і вада. На сякеру майстар насыпаў дробны пясок, паліваў яго вадой, потым з усёй сілы націскаў на яго касцяной палачкай і пачынаў яе круціць. Увесь час ён падсыпаў пясок і падліваў ваду. Спачатку атрымлівалася маленькая адтуліна, паступова яна пераўтваралася ў большую і нарэшце станавілася дзіркай навылёт.
Вандроўнік. Напэўна, зрабіўшы такую цудоўную прыладу, наш продак радаснымі гукамі выказваў сваю радасць і гонар. Паспрабуйце і вы выказаць рознымі гучнымі гукамі свае ўражанні ад убачанага і пачутага ў час імерсіўнага спектакля.
Вандроўнік прапануе вярнуцца з мінулага.
Дзень, прыйдзі, сокал, прыляці,
Дзень сучасны нам вярні.
Дзеці паўтараюць.
ДЗЕЯННЕ ТРЭЦЯЕ
Першабытныя жывёлаводы і земляробы
Вандроўнік. Дзеці, а хто памятае, як выглядае старажытны чалавек?
Пад шатамі дрэў сядзіць Першабытны чалавек.
Вандроўнік. У што ён апрануты?
Дзеці. У скуру.
Вандроўнік. А дзе ён жыве?
Дзеці. У будане.
Вандроўнік. Што еў?
Дзеці. Ягады, мяса, рыбу.
Вандроўнік. Ці мог чалавек жыць адзін у той час?
Дзеці. Ён жыў сярод іншых людзей, таму што адзін ён загінуў бы.
Вандроўнік. Як вы думаеце, што патрэбна людзям для таго, каб разумець адзін аднаго? Як ім уступаць у зносіны? Вось сабраўся наш чалавек на паляванне, як паклікаць іншых?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Можна паклікаць жэстамі. Як?
Дзеці паказваюць.
Вандроўнік. Можна паказаць мімікай.
Дзеці падмігваюць.
Вандроўнік. А можна голасам.
Дзеці. Эй! У-у-у-у.!
Вандроўнік. Спачатку людзі ўступалі ў зносіны адзін з адным толькі гукамі. (Імітацыя гукаў). Але гэта было не вельмі зручна, і яны прыдумалі сваю мову, г.зн. розныя словы. А вы ведаеце, якія бываюць словы? Мы зараз з вамі пагуляем. Я кідаю мячык, а вы называеце слова і кідаеце мяч мне назад. Праводзіцца гульня “Гарачая бульба”. Цяпер першабытныя людзі маглі разумець адзін аднаго. І вось наступае час ператварэння.
Гучыць музыка. Дзеці закрываюць вочы далонямі і гавораць чароўныя словы:
Дзень, прыйдзі, а ноч, сыдзі,
Сокал дзіўны, прыляці.
І перанясі нас, сокал,
У старажытныя часы.
Вандроўнік. Адкрываем вочы. Цяпер мы з вамі першабытныя людзі, але жывём не ў стадзе, а ў родавай абшчыне, таму што мы сталі разумнейшымі. Родавая абшчына – гэта калектыў сваякоў, якія паходзяць ад аднаго продка і маюць агульную маёмасць. Я правадыр племені – Мядзведзь. Няхай кожны з вас прыдумае сабе імя. Той, да каго дакрануся кап’ём, павінен устаць, назваць сваё імя перад усім племенем і сесці на сваё месца.
Дзеці называюць імёны, да каго дакранаецца кап’ём Вандроўнік.
Вандроўнік. Вось увесь род сабраўся. Некалькі родаў, якія жылі ў адной мясцовасці, складаюць племя. Мы, старажытныя людзі, умеем лічыць да трох. (1 – паказ карцінкі з адной жывёлай, 2 – карцінка з дзвюма жывёламі, 3 – з трыма, шмат жывёл – “цьма”). Усё, што больш трох – “цьма”, гэта значыць – шмат. Праверу, ці ўмееце вы лічыць, як першабытныя людзі. Калі я пакажу вам карцінку, дзе намалявана адна жывёла, колькі пальцаў вы мне пакажаце? (1) Калі 2? (2) Калі 3? (3) А калі больш трох жывёл, то вы вось так развядзіце.
Праводзіцца гульня.
Вандроўнік. Вы, мае члены роду, умееце лічыць, але не ўмееце здабываць агонь! Я, вялікі правадыр Мядзведзь, навучу вас. Нам патрэбны два камяні, якія называюцца крэмень. З іх дапамогай можна здабыць агонь. Каб здабыць агонь, як вы лічыце, што патрэбна зрабіць з камянямі?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Каб здабыць агонь, патрэбна набраць сухой травы ці моху, стукнуць крэмень аб крэмень – выскачыць вогненная іскра. Яна падпаліць мох, і загарыцца агонь. Толькі патрэбна стукаць асцярожна, каб не пакалечыцца.
Выкарыстоўваліся розныя спосабы здабычы агню: свідраванне, трэнне, скабленне. А мы з вамі зараз паспрабуем дабыць агонь шляхам скаблення.
Дзеці спрабуюць.
Вандроўнік. Ці лёгка здабываць агонь?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Так, нялёгка здабываць агонь. Патрэбна доўгая трэніроўка. Не ведаю, як вам, мне дык надакучыла хадзіць на паляванне. Якое выйсце можна знайсці? Давайце ўявім, што мы пайшлі на паляванне на дзікую свінню, а ў яе засталіся парасяткі, нам іх стала шкада. Бо яны бездапаможныя, загінуць ад голаду і холаду або стануць ежай для іншых дзікіх жывёл. Мы вырашылі іх узяць дахаты. Пабудавалі для іх хлеў, сталі карміць іх і ўбачылі, што жывёла расце, набірае вагу і размнажаецца ў няволі. Цяпер можна займацца развядзеннем жывёл і іх доглядам. Так мы з вамі перайшлі ад палявання да жывёлагадоўлі. А гэта занятак вытворчай гаспадаркі. Першая жывёла, якую прыручылі нашы продкі, – гэта сабака, затым свіння і г.д.
Вандроўнік. А вы ўмееце ператварацца ў жывёл?
Дзеці. Так.
Вандроўнік. Забурчаў жывы званок, лёг ля дзвярэй папярок. (Сабака) Пыл па полі ляціць, толькі стук капыт. (Конь) Траву жуе, малако вам дае. (Карова) Малайцы! Добра ведаеце жывёл. Спадабалася вам гульня? Працягваем.
Дзеці адказваюць і ператвараюцца ў жывёл, паказваючы іх звычкі.
Вандроўнік. А цяпер нам патрэбна капаць поле. Навошта?
Дзеці адказваюць.
Вандроўнік. Мы пасадзім на ім карысныя расліны, не ведаю, як вам, а мне ўжо надакучыла бегаць па лесе і шукаць карысныя плады і ягады. Пасадзім карысную расліну ля нашага жылля. І бегаць нікуды не прыйдзецца. За мной, першабытныя людзі!
Дзеці імітуюць капанне зямлі.
Вандроўнік. Мы з вамі кінулі насенне ў зямлю, прыгрэла сонца. Пайшоў дождж. Зараз з зямлі паказаўся маленькі парастак. Мы расцём, расцём. (Імітацыя росту). І ператвараемся ў вялікую расліну з зялёнымі лістамі. З’явіўся бутон, ён раскрываецца і ператвараецца ў плод. Плады спеюць і падаюць на зямлю. Прайшоў час, і з нашага насення вырас выдатны ўраджай. Мы сабралі яго. Што мы ўжо з вамі ўмеем?
Дзеці. Займацца жывёлагадоўляй і земляробствам.
Вандроўнік. Жывёлагадоўля і земляробства – гэта заняткі вытворчай гаспадаркі. Мяса ў нас ёсць, збожжа сваімі рукамі вырасцілі. Каб зварыць што-небудзь з гэтага збожжа, нам патрэбен агонь і вада і … У чым мы будзем варыць?
Дзеці. У каструлі.
Вандроўнік. Але ж вы забыліся, што мы з вамі першабытныя людзі, і посуд нам прыйдзецца рабіць самім. З чаго можна зрабіць посуд?
Дзеці называюць свае варыянты.
Вандроўнік. Так, менавіта з гліны. Гліны шмат паўсюль. І ў агні яна не гарыць. Толькі мацнейшай ад яго робіцца. У гліняным посудзе можна гатаваць ежу. Першы посуд быў вастрадонным. Чаму?
Дзеці. Не было сталоў.
Вандроўнік. Давайце паспрабуем уручную вылепіць посуд. (Дзеці працуюць з пластылінам). Вы сёння ўпершыню ляпілі посуд. Малайцы! А цяпер давайце параўнаем наш посуд з тым, які рабілі нашы продкі.
Паказвае малюнкі, фрагменты сапраўдных старадаўніх пасудзін, вырабленых такім спосабам. Патрымаўшы іх у руках, просіць, каб дзеці расказалі пра якасць гэтага посуду. Звяртае ўвагу на ўпрыгожванні.
Вандроўнік. Нават у тыя цяжкія часы чалавек хацеў упрыгожыць свой быт. Ды і нячыстую сілу, у існаванне якой ён верыў, такім чынам можна напалохаць.
Давайце падвядзём вынікі нашага падарожжа ў мінулае. Чаму мы сёння з вамі навучыліся? (Дзеці адказваюць).
Як шмат мы ўмеем. Але і шмат яшчэ наперадзе. А зараз нам час вяртацца. Не забыліся чароўныя словы?
Усе разам закрываюць вочы, паўтараюць чароўныя словы.
Мы зноў сучасныя дзеці. Спадзяюся, што вы не забудзеце нашы прыгоды ў мінулае і будзеце чакаць наступнай сустрэчы.
Рэфлексія
А я падрыхтаваў вам пытанні, каб даведацца, чаму вы навучыліся:
– Пералічыце спосабы здабычы агню.
– З чаго старажытныя людзі рабілі посуд?
– Як першабытны чалавек уступаў у зносіны з іншымі людзьмі?
– Як лічыў першабытны чалавек?
– Як называлі самага галоўнага чалавека ў племені?
Спіс выкарыстанай літаратуры
Доисторическая Белоруссия [Электронный ресурс]. – Режим чтения: https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%94%D0%BE%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%B8%D1%8F. – Дата доступа: 12.01.2024.