Увазе настаўнікаў-дэфектолагаў прапануецца метадычная распрацоўка карэкцыйных заняткаў “Карэкцыя парушэнняў вуснага маўлення” па праграме спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення (першы год навучання).
Таццяна МЯЦЕЛЬСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Крываносаўская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Рамана Навумавіча Мачульскага” Старадарожскага раёна,
Мінская вобласць
Колькасць дзяцей, якім патрабуецца дапамога настаўніка-дэфектолага, з кожным годам павялічваецца. Навучэнцы з цяжкімі парушэннямі маўлення – гэта асаблівая катэгорыя дзяцей з парушэннямі ўсіх кампанентаў маўленчай дзейнасці пры захаваных слыхавой функцыі і інтэлекце. Цяжкія парушэнні маўлення характарызуюцца не толькі праблемамі ў вымаўленні гукаў, але і складанасцю іх успрымання на слых. У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення вельмі марудна фарміруецца складовая структура слоў, ім лягчэй прачытаць словы са збегам зычных, чым вымавіць іх самастойна. Таксама груба парушана граматычная будова маўлення: дзеці з цяжкасцю арыентуюцца ў катэгорыях роду, ліку, склону.
Першакласнікі з цяжкімі парушэннямі маўлення маюць вельмі бедны слоўнікавы запас. У далейшым яны з цяжкасцю авалодваюць пісьмовай мовай, асабліва пісьмом пад дыктоўку, пісьмовым пераказам. У школьнікаў з цяжкімі парушэннямі маўлення таксама назіраецца адставанне ва ўсіх сферах пазнавальнай дзейнасці: памяці, мыслення, успрымання. Такім хлопчыкам і дзяўчынкам складана пераключаць увагу, утрымліваць і размяркоўваць яе, а таксама ўключацца ў працэс якой-небудзь дзейнасці. Яны з цяжкасцю запамінаюць вучэбны матэрыял і хутка забываюць яго. Асабліва гэта датычыцца вербальнай інфармацыі. Такім дзецям складана абстрагавацца, выконваць мысліцельныя аперацыі, абагульняць матэрыял. Пры гэтым яны могуць паспяхова выконваць заданні, звязаныя з зрокавым успрыманнем – наглядныя.
Таму пры навучанні першакласнікаў з цяжкімі парушэннямі маўлення мэтазгодна выкарыстоўваць дыдактычныя гульні. Гульня на занятках неабходна для зніжэння псіхічных і фізічных перагрузак, папярэджвання павышанай стамляльнасці дзяцей. Прымяненне дыдактычных гульняў не толькі спрыяе карэкцыі маўленчага развіцця, але і дазваляе пашырыць уяўленне дзяцей пра навакольную рэчаіснасць, развіваць увагу, памяць, назіральнасць і мысленне. Вывучаны ў працэсе гульнявой дзейнасці матэрыял засвойваецца вучнямі ў большай ступені і хутчэй.
Вучэбным планам спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення прадугледжваецца правядзенне карэкцыйных заняткаў “Карэкцыя парушэнняў вуснага маўлення”. Работа на карэкцыйных занятках можа праводзіцца па розных напрамках: па колькасным і якасным узбагачэнні слоўніка вучняў; па пашырэнні ведаў вучняў пра граматычны лад маўлення, па развіцці звязнага вуснага і пісьмовага маўлення.
Увазе настаўнікаў-дэфектолагаў прапануецца метадычная распрацоўка карэкцыйных заняткаў “Карэкцыя парушэнняў вуснага маўлення” па праграме спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення (першы год навучання).
З Калабком гуляем – гук [р] правільна вымаўляем
Тэма: “Аўтаматызацыя гука [р]. Складанне тэксту-апісання з апорай на схему і пытанні”.
Задачы:
– развіваць артыкуляцыйную маторыку, маўленчае дыханне, мелодыка-інтанацыйную выразнасць маўлення;
– замацоўваць вымаўленне гука [р] у словах, словазлучэннях, сказах, тэксце;
– удасканальваць навыкі дапасавання назоўнікаў да лічэбнікаў ад 1 да 5, прыметнікаў да назоўнікаў;
– развіваць уменне ўжываць прыназоўнікі у, з, на ў самастойным маўленні;
– фарміраваць уменне складаць апісанне жывёлы з апорай на схему і пытанні;
– выхоўваць павагу да беларускай мовы.
Ход заняткаў
І Уступная частка
Дзеці, ці любіце вы казкі? З цудоўным настроем мы адпраўляемся ў падарожжа па казцы. Слухайце ўважліва.
У доміку старым, драўляным
З крытым дахам саламяным
Жылі-былі, пажывалі
Дзед Антон з бабуляй Галяй
ІІ Асноўная частка
1 Артыкуляцыйная гімнастыка
(Выкананне артыкуляцыйных практыкаванняў перад люстэркам на лік ад 1 да 5 (10).
А пасля зарадкі
Пяклі з бульбы аладкі,
Варылі капусту –
Жылося ім нягуста.
2 Развіццё мімічнай мускулатуры
Толькі сёння наш дзядуля
Злосна глянуў на бабулю.
– Не хачу капусты,
Хай ёй будзе пуста!
Пакажыце мімікай, які злосны дзед.
Прызадумалася бабка:
– Чым жа дзеда мне здзівіць?
Што спячы ці што зварыць?
Пакажыце мімікай, як задумалася бабуля.
3 Развіццё навыкаў фанематычнага аналізу і сінтэзу
Пайшла бабка ў кладоўку.
Там паскрэбла, памяла.
Прынялася гатаваць,
Што было, з чаго магла.
Выстаўляюцца пранумараваныя шклянкі, у якіх знаходзяцца прадукты.
І прыгатавала бабуля нешта незвычайнае, узяўшы па кроплі з кожнай шклянкі. Давай адгадаем, што гэта? Возьмем з кожнага слова па адной літары.
Мука – 3-я літара, масла – 2-я літара, малако – 3-я літара, вада – 2-я літара, бульба – 1-я літара, соль – 2-я літара, цукар – 3-я літара.
Калабок
4 Дыхальная гімнастыка
Спякла бабка калабок,
На акно паклала.
–Ты студзіся, Калабок!
Сама задрамала.
Давайце астудзім Калабка. (На нос кладзецца выразаны з сурвэткі кружок, язык кубкам, паветраны струмень накіраваны ўверх).
5 Аўтаматызацыя гука [р] у словах
Дапасаванне назоўнікаў да лічэбнікаў 1–5
Астудзіўся Калабок,
Ды з акна на траўку – скок!
Па дарожцы ён каціў
Дрэвы на шляху лічыў.
Палічыце бярозы (ад 1 да 5), палічыце рабіны (ад 1 да 5).
Раптам з лесу, скок-паскок,
Скокнуў зайка на пянёк.
Калабок, Калабок, укушу цябе за бок, калі мне не дапаможаш.
Паўтары словы зайчыка ціхім голасам.
Падзялі зайчыкаў ураджай на дзве групы, назаві правільна.
Гульня “Садавіна – агародніна”
Маўленчы матэрыял: бурак, морква, агурок, памідор, мандарын, персік, гранат, кукуруза, перац, груша, вінаград, гарох, гарбуз, брокалі, радыска, абрыкос.
6 Аўтаматызацыя гука [р] у словазлучэннях
Нечакана каля ёлкі
Калабок убачыў воўка.
Калабок, Калабок, укушу цябе за бок, калі мне не дапаможаш.
Паўтары словы ваўка гучным голасам.
Навядзі парадак у кватэры ваўка, раскладзі ўсе рэчы на свае месцы.
Гульня “Раскладзі рэчы па сваіх скрынках”
Маўленчы матэрыял: чырвоны грабянец, чырвоны шар, чырвоная ружа, чырвоны парасон, чырвоныя шорты; аранжавы фартух, аранжавы трактар, аранжавае вядро, аранжавыя красоўкі, аранжавыя ракеткі; чорны грак, чорная куртка, чорныя шкарпэткі, чорны ранец, чорныя ручкі; шэрая ракета, шэрая каструля, шэрае крэсла, шэрыя граблі, шэрая рыба, шэрыя рукавіцы.
7 Аўтаматызацыя гука [р] у сказах
Пакаціўся Калабок,
Ды мядзведзю прама ў бок.
Калабок, Калабок, укушу цябе за бок, калі мне не дапаможаш.
Паўтары словы мядзведзя грубым голасам.
Госці мядзведзя не могуць знайсці дарогу да сваіх хатак. Знайдзіце кожнай жывёле домік. Адкажыце, хто дзе жыве.
Гульня “Хто дзе жыве?”
Мышка жыве ў норцы. Вавёрка жыве ў дупле. Мурашка жыве ў мурашніку.
Бабёр жыве ў рэчцы. Варона жыве ў гняздзе. Рысь жыве на дрэве.
А дзе жыве мядзведзь?
Адкуль вылез мядзведзь вясной?
Адкуль вылезла вавёрка? і г.д.
Мышка вылезла з норкі. Мядзведзь вылез з бярлогу і г.д.
8 Аўтаматызацыя гука [р] пры чытанні
Пакаціўся Калабок,
Раптам мышка з норкі – скок.
Калабок, Калабок, укушу цябе за бок, калі мне не дапаможаш.
Паўтары словы мышкі тоненькім галаском.
Я шэрая лясная мышка,
Я пачытаць хацела кніжку.
Яе адкрыла – проста жах!
Чаму я літар не вучыла?
І кніжка мне не па зубах.
Прачытай тэкст у буквары. Правільна вымаўляй гук [р]. (С. 99 тэкст “Ніна і вавёрка”).
9 Складанне апісання з апорай на малюнкі і пытанні
Тут кусты зашамацелі,
А з кустоў сама краса –
Рыжахвостая ліса.
Калабок, Калабок, укушу цябе за бок, калі мне не дапаможаш.
Паўтары словы лісы лагодным голасам.
Намалюй ты мой партрэт
Не фарбамі, а словамі.
Раскажы ты пра мяне
Сказамі адмысловымі.
Уважліва глядзіце на малюнкі і адказвайце на пытанні поўным адказам.
А зараз паспрабуйце самастойна расказаць пра лісіцу.
Спадабалася лісіцы ваша апавяданне.
– Не хачу цябе я есці,
Бо сяджу я на дыеце.
Адпусціла лісічка Калабка.
ІІІ Заключная частка
Зажурыўся Калабок: “Навошта з дому я ўцёк?” – і вярнуўся да бабулі з дзедам.
Абрадаваліся дзед з бабай, што Калабок вярнуўся.
Напякла бабуля смачных кексаў і пачаставала імі ўсіх знаёмых.
Частаванне вучняў.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Учебные программы для специальных общеобразовательных учреждений для детей с тяжелыми нарушениями речи и детей с трудностями в обучении с белорусским и русским языком обучения. – Минск. : Национальный институт образования. – 2008. – 144 с.
2 Буквар : вучэб. дапам. для 1-га кл. спец. агульнаадукац. шк. з беларус. мовай навучання : для работы ў класе / М.В.Альфер, А.П.Сафонава. – Мінск : Нар. асвета, 2012. – 140 с. : іл.