Запаліць цікавасць да музыкі

- 14:11ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Урок за ўрокам, крок за крокам вось ужо 24 гады я стараюся абудзіць цікавасць навучэнцаў да музычнага мастацтва. Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, далучэнне да твораў высокага музычнага мастацтва, правядзенне нетрадыцыйных відаў урока дапамагаюць у вырашэнні гэтай складанай задачы. І мне хочацца расказаць пра незвычайныя «ўрокі жывой музыкі», якія выклікаюць асаблівую цікавасць у вучняў нашай школы.

Слуханне музыкі як від дзейнасці ў абавязковым парадку ўваходзіць у змест кожнага ўрока. Але, пагадзіцеся, што не ва ўсіх навучэнцаў пачатковай школы развіта правільная слухацкая культура. Дзеці ёсць дзеці, ім складана ўседзець на месцы хоць бы пару хвілін. Зусім іншая справа, калі музыка гучыць у «жывую»: акцэнтуецца ўвага, мяняюцца эмоцыі, развіваецца фантазія, дадаецца глядзельнае ўспрыманне. Такія ўрокі асабліва запамінаюцца навучэнцам, таму мне, як настаўніку, лягчэй дасягнуць пастаўленых мэтаў і задач.

Такая форма стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву нашай установы адукацыі з Лідскай дзіцячай музычнай школай мастацтваў. Кожны год мы з задавальненнем чакаем музыкаў у госці. У гэты раз на ўрок музыкі ў 4 класе па тэме «Музычнае падарожжа па Еўропе» былі запрошаны вучні па класе баяна Маеўская Руслана і М  арцукевіч Ксенія (выкладчык Трубеева Алена Уладзіславаўна). Яны з вялікім майстэрствам выканалі творы класікаў, сучасных кампазітараў і апрацоўкі народных песень.

Музыка шчыра кранула і ўразіла дзяцей, аб чым яны ахвотна і з задавальненнем дзяліліся пасля канцэрта адзін з адным, бацькамі, педагогамі школы. Мне ж было цікава назіраць за імі, бачыць, як загараліся іх вочы, як мяняліся эмоцыі. Важным момантам было заканчэнне нашай сустрэчы, калі ў вучняў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з інструментам бліжэй, самім паспрабаваць сябе ў ролі баяніста. Дарэчы, трэба адзначыць, што некаторыя з іх выказалі сур’ёзную цікавасць да заняткаў у музычнай школе. І, хто ведае, можа гэта быў момант зараджэння новай зоркі?

«Урокі жывой музыкі» сталі добрай традыцыяй у нашай установе адукацыі. Выкарыстанне нетрадыцыйных формаў і метадаў на ўроку музыкі дазваляе мне, як настаўніку, з упэўненасцю заявіць: падобныя ўрокі выклікаюць не толькі цікавасць у вучняў, але і шчырую любоў да музыкі.

Таццяна КОЗЕЛ,
настаўнік музыкі СШ № 17  Ліды

 

  

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий