- Педагагiчны лайфхак

SMART-тэхналогіі ў бібліятэцы

Іна БАЛУЕВА,
кіраўнік інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра ліцэя № 1 Гродна

 

Любая сучасная бібліятэка з’яўляецца сёння асноўнай крыніцай новых прадуктаў і паслуг для сваіх карыстальнікаў. Бібліятэкары знаходзяць новыя формы работы для прыцягнення рэальнага і патэнцыйнага чытача. Цяпер у кожнага падлетка ёсць планшэт, мабільны тэлефон, і гэта адкрывае перад бібліятэкарам магчымасць праводзіць са сваім чытачом цікавыя мерапрыемствы ў новай форме. Напрыклад, QR-віктарыны.

Бібліятэкар праводзіць не проста традыцыйную віктарыну ў форме «пытанне – адказ», а новае для чытача мерапрыемства з ужываннем сучасных тэхналогій. Прапаную наш вопыт правядзення QR-віктарыны “Ці ведаю я бібліятэку?”.

Такое мерапрыемства патрабуе пэўных ведаў і ўменняў у валоданні камп’ютарнымі праграмамі. Бібліятэкар загадзя падрыхтоўвае пытанні віктарыны і зашыфроўвае іх у выглядзе QR-кодаў. Агаворваецца час і месца правядзення. Чытачы, якія запрошаны на мерапрыемства, папярэдне павінны ўсталяваць на свае гаджэты (смартфоны, планшэты, айфоны) спецыяльны мабільны дадатак, здольны счытваць QR-код.

Для правядзення мерапрыемства чытачам раздаюцца рабочыя лісты з пытаннямі ў выглядзе малюнкаў з QR-кодамі. Для таго, каб расшыфраваць (счытаць) пытанне, чытач павінен адкрыць раней усталяваны дадатак для счытвання QR-кода, змясціць у рамку малюнак QR-кода, прачытаць пытанне і запісаць адказ тут жа, на рабочым лісце. Пытанняў не павінна быць шмат, каб мерапрыемства не ператварылася ў стомны для чытача занятак.

У канцы віктарыны бібліятэкар зачытвае правільныя адказы, і кожны ўдзельнік мае магчымасць праверыць сябе. Чытачы, якія правільна адказалі на пытанні, атрымліваюць памятныя прызы. Можна ўскладніць задачу QR-віктарыны і падзяліць чытачоў на две каманды, дзе кожны ўдзельнік будзе адказваць не толькі за сябе, але і за вынік ўсёй каманды. Тут ўзрастае дух суперніцтва і спаборніцтва, узмацняецца азарт сярод усіх удзельнікаў гульні. Такое мерапрыемства праходзіць у форме QR-квіза.

Прапаную работнікам бібліятэк устаноў адукацыі паспрабаваць свае сілы і правесці мерапрыемства ў сучаснай цікавай форме для сваіх чытачоў!

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ