Складальнік
Кацярына ГОЦМАНАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 5 г. п. Карма
Гомельскай вобласці
Тэма: “З народных крыніц”
Праграмныя задачы:
- фарміраваць і пашыраць уяўленні пра фальклорныя творы розных жанраў (дражнілка, загадка, заклічка, лічылка, казка); абагульняць веды дзяцей пра беларускую народную творчасць, даць ўяўленні пра культуру свайго народа;
- развіваць уменні самастойна ўжываць формы ветлівасці на беларускай мове, цікавасць да твораў фальклору, уменне ўспрымаць іх змест, чуласць да прыгажосці і выразнасці мовы (эпітэтаў, апісанняў, вобразных слоў);
- выхоўваць любоў да роднай мовы, да свайго народа.
Абсталяванне: пакой упрыгожаны у беларускім стылі, беларускія нацыянальныя касцюмы для дзяцей, карткі хатніх жывел для загадак, карткі па матывах казак.
Папярэдняя работа: чытанне і завучванне прыказак, лічылак загадванне і адгадванне загадак, расказванне беларускіх народных казак, разгляданне ілюстрацый пра творчасць народа.
Метады і прыёмы:
Наглядныя
Славесныя (дыялог паміж дзецьмі)
Практычныя
Гульнявыя (дыдактычныя гульні, праблемныя і гульнявыя сітуацыі).
Тып занятку: замацоўваючы
Дзеючыя асобы:
Вядучы
Гаспадыня
Гаспадар
Госці
Дзядзька Піліп
Алесь
Аленка
Бабка Агапка
Усе выканаўцы апрануты ў беларускія нацыянальныя касцюмы
Ход занятку
I этап – арганізацыйны
Гучыць беларуская народная музыка
Гульня-эцюд “Прывітанне” (франтальная форма работы)
Мэта: стварэнне камфортнай добразычлівай атмасферы, выхаванне добразычлівага стаўлення да аднагодак у працэсе гульнявой дзейнасці.
Дзеці называюць ветлівыя словы (прывітанне, добры дзень, скажыце, калі ласка, дзякуй і г. д.)
Вядучы. Вось якія малайцы! I настрой адразу стаў лепшы.
Арганізацыйны момант (франтальная форма работы)
Мэта: арганізацыя дзяцей, матывацыя на будучую дзейнасць, развіццё пазнавальнага інтарэсу.
Вядучы. Калі вам хочацца ведаць, як жылі вашы продкі, пра што марылі, звярніцеся да народнай творчасці – люстэрка жыцця народа. Песні і казкі, прыказкі і прымаўкі, легенды і паданні, жарты і загадкі роднага краю… Прапаную вам перанесціся ў цудоўны свет першароднага мастацтва, аўтар якога – наш беларускі народ. Сядайце на слончыкі і глядзіце ўважліва.
II этап – асноўны
Мэта: даць уяўленні пра культуру свайго народа.
Гаспадар з гаспадыняю займаюць месцы каля стала, упрыгожанага абрусам, дзеці садзяцца на слончыкі
Вядучы:
Расчыняйце браму –
Едуць госці,
Едуць з вёсак дальніх,
3 маладосці.
Расчыняйце браму –
Сёння свята:
Льюцца з вокнаў песні,
Скача хата.
Уваходзяць госці
1-ы госць Добры дзень! Як гадуецеся?
Гаспадар А нічога. Жывём, хлеб жуём! А ты, ці здаровы?
1-ы госць Я здаровы, як рыжок баровы.
I ты будзь здароў,
Як рыжок бароў!
2-гі госць Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы,
Усяго даволі,
А бяды – ніколі.
Гаспадар Добрым людзям і мы рады будзем.
1-ы госць Каб у хляве – парсюк гладкі,
А на стале – каб смачныя аладкі.
Гаспадар Добраму госцю вароты самі расчыняюцца.
Госці сядаюць на слончыкі
Гульнявая сітуацыя “Дражнілкі” (парная і падгрупавая формы работы)
Мэта: развіваць цікавасць да твораў фальклору, уменне ўспрымаць іх змест, чуласць да прыгажосці і выразнасці мовы.
Чуецца гоман, выходзяць Алесь і Алена. Алена трымае на руках ката.
Алесь Аленка, Аленка,
З’ела карову, цялка
I дванаццаць парасят –
Толькі хвосцікі вісяць.
Аленка Гром грыміць,
Зямля трасецца,
Алесь з торбачкай нясецца.
Гаспадыня Вы што гэта, сварыцца задумалі? Ай-ай-ай! Сорам!
Дзеці А гэта мы кніжку чыталі пра фальклор і знайшлі там дражнілкі.
Гаспадар Ты што гэта робіш з катом, Аленка?
Аленка Гуляю.
Гаспадар Ты яго мучыш. Калі б з табой так гулялі, ці добра было б табе?
Аленка Нядобра.
Гаспадар Ну дык вось: не рабі другому, што не люба самому.
Выходзіць дзядзька Піліп, звяртаецца да Алеся
Дзядзька Піліп Ты, хлопча, пачакай крыху, вось разбагацею і куплю табе гармонік і скрыпку.
Алесь Дзядзька Піліп, вы ж не любіце працаваць. Тады вы будзеце багаты, калі парсюк будзе рагаты.
Дзядзька Піліп Малады верабей, ды спрытны. У чужое проса не совай носа.
Вядучы Госці нашы крышку засмуціліся, давайце пагуляем.
Беларуская народная гульня “Лянок” (пад аўдыёзапіс)
Мэта: абагульняць веды дзяцей пра беларускую народную творчасць.
Гаспадыня Як чутно, дык гэта, мусіць,
У нас на цэлай Беларусі
Кожны двор і кожна хата
Мае прыказак багата.
Іх прымеціць толькі штука,
А там кожнаму навука.
Гульнявая сітуацыя “Прыказкі” (парная і групавая формы работы)
Мэта: развіваць цікавасць да прыказак, уменне ўспрымаць іх змест.
Вядучы Разам з народам прыказкі і прымаўкі праходзілі доўгі шлях развіцця. Ёсць такія аматары прыказак, якія ледзь не кожны свой крок апраўдваюць прыказкаю. Пра іх кажуць; “Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца”. А ці ёсць сярод вас знаўцы прыказак?
Алесь (звяртаецца да Алены) Давай палічымся, каму першаму пачынаць.
Опа, опа, опа,
Амерыка, Еўропа,
Азія, Афрыка, Індыя,
Кітай…
А дзе наш край?
Павядзі да мяжы
I ўсім дзецям пакажы.
Вось яна – відна здаля
Беларуская зямля.
Алена Добрая прыказка
Як пры мяшку прывязка.
Хто прыказку скажа –
Мяшок вузлом завяжа.
Алесь Хто ўкраў парася,
У таго ў вушку пішчыць.
Вось і прыказка ўся –
Не трэба доўга вучыць.
Вядучы Давайце ж і гасцей паслухаем.
- Чужое дабро вылазіць… (праз рабро).
- Адзін у полі не… (воін).
- Хто рана ўстае, той… (многа зробіць).
- Не зыч ліха другому, каб не давялося… (самому).
- Хто працуе, той… (не сумуе).
- Адна пчала мёду… (не наносіць).
- Адным пальцам… (вузла не завяжаш).
- Сам сябе не хвалі, няхай людзі… (пахваляць).
Гульнявая сітуацыя “Загадкі” (групавая форма работы)
Мэта: развіваць цікавасць да загадак, уменне ўспрымаць іх змест, перадаваць змест мімікай, гукамі, рухамі.
Вядучы Загадкі любяць усе. Яны вучаць думаць, развіваюць кемлівасць, фантазію. Давайце запросім да нас бабку Агапку з загадкамі.
Уваходзіць бабка Агапка
Бабка Агапка Кожная сялянская хата мае сваю гаспадарку. Калі вы адгадаеце ўсе загадкі, то даведаецеся, хто жыве на маім двары.
Колькі вас усіх тут ёсць,
Кожнаму дам па зярнятку,
Кожны дарагі мой госць
Хай паслухае загадку:
(Пры адгадцы усе дзеці устаюць і імітуюць рухі і гукі жывел)
- Стаіць на плоце
У чырвоным капоце,
Рана ўстае,
Спаць не дае. (Певень) - 3 людзьмі сябруе,
Хату вартуе,
Жыве пад ганкам,
Хвост абаранкам. (Сабака) - Не араты, не каваль, не плотнік,
А першы на сяле работнік. (Конь) - Пасярод двара стаіць гара,
Спераду вілы, ззаду мятла. (Карова) - Цэлы дзень у рэчцы купаюцца,
А на бераг сухія выходзяць. (Гусі) - Па зямлі ходзіць,
Неба не бачыць,
Нічога не баліць,
А ўсё стогне. (Свіння) - Лыка дзярэ, а лапці не пляце. (Каза)
- На полі і ў лузе
Ходзіць у кажусе. (Авечка)
Вядучы Казкі сеюць зерне мудрасці – так кажуць у народзе. А хто не захапляўся імі? Хто з вас можа нагадаць нам якую-небудзь казку?
Гульнявая сітуацыя «Знаўца казак» (групавая форма работы)
Мэта: развіваць цікавасць да народных казак, уменне ўспрымаць іх змест.
- Хто ведае казку пра селяніна, здаровага, як зубр, добрага, але не дужа мудрага. У яго было 50 сыноў, 40 валоў і кошка. (У. Караткевіч. “Чортаў скарб”)
- Хутка казка расказваецца, ды не хутка справа робіцца. Пайшлі ў лазню, адчынілі дзверы, бачаць – ляжыць на палку хлопец. Сам абадраны, шапка на лоб насунута… і так грае на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць… (“Бацькаў дар”)
- Касiў на лузе касец. Змарыўся i сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў i пачаў есцi. Выходзiць з лесу галодны Воук. Бачыць – касец пад кустом сядзiць i нешта есць. (“Лёгкi хлеб”).
- Тым часам узяла Лiсiца пад руку свайго Гаспадара, i пайшлi яны ў госцi. Прыходзяць на палянку. Чуе Кот – мясам запахла. Бачыць – цэлы баран ляжыць. Тут ён поўсць наставiў, вусы натапырыў ды адразу на барана накiнуўся. Есць ды ўсё бурчыць: “Мяў-у, мяў-у” (“Як кот звяроў напалохаў”)
III этап – заканчэнне занятку
Мэта: аналіз рэзультатаў дзейнасці выхаванцаў.
Вядучы Ці спадабалася вам у гасцях? Пра что мы размаўлялі на занятку? Што было складанага? Што было цікавага? Што спадабалася?
1-ы госць У гасцях добра, а дома лепей. Добрага вам здароўя. Дзякуй за забавы.
2-гі госць Дзякуй за бяседу, паедзем да другога суседа.
Спіс выкарыстаных крыніц:
- Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск: НІА, 2019. – 479 с.
- Дубінін, Д. У. Мая родна старонка / Д. У.Дубінін, Д. М. Дубініна. – Мінск: Полымя, 2000. – 116 с.
- Лепешаў, І. Я. Тлумачальны слоўнік прыказак / І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. – Гродна : ГрДУ, 2011. – 667 с.
- Свяці, свяці, сонейка: творы беларускага фальклору / укладальнік І. Цішчанка. – Мінск: Юнацтва, 1997. – 352 с.