З чаго пачаць урок?

- 23:05Беларуская мова і літаратура. Ідэі

 

 

Святлана МАЦКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Гродна

 

Так, я, настаўнік з 27-гадовым педагагічным стажам, з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, амаль кожны дзень задаю сабе гэта пытанне.

З чаго пачаць урок, каб утрымаць увагу вучняў да званка? Як зрабіць так, каб кожны ўрок быў адкрыццём? Як спрыяць адкрытаму дыялогу? Якімі прыёмамі і формамі забяспечыць зваротную сувязь? Як паўплывае ўрок беларускай мовы на працэс выхавання маральных якасцей падрастаючага пакалення? Як выхаваць гуманістычную асобу? Пытанням няма канца. І адказам, дарэчы, таксама.

Кожны ўрок пачынаецца па-рознаму. Адзін – з прыказкі, другі – з казкі, трэці – з цікавай гісторыі, чацвёрты – з пытання.

Урок беларускай мовы “Назыўныя сказы” ў 8 класе пачынаю тэкстам, які склаў адзін з вучняў, Андрэй.

 

Лёс

Лёс… Доля… Наканаванасць… Жыццё…

Лёс маёй бабулі. Лёс любай бабулі. Лёс адзінай бабулі.

Час да вайны. Двое сыноў і адна дачка. Нястачы, праца бацькоў да поту.

Вайна. Бяда. Страты. Жахі. Ліха. Гора… Канец вайне. Перамога. Радасць. Яшчэ адзін сынок у бацькоў.

Праца, праца, праца. Цяжкая праца. Будаўніцтва хаты. Чаканне…

Праца. Сям’я. Клопаты. Дачка, дачушка. Прыгажуня, радасць, шчасце.

Сям’я, павага, праца, турботы, дом. Сынок. Сыночак. Любімы сыночак. Надзея. Спадзяванне.

Дзеці. Жыццё дзяцей, клопаты дзяцей, сем’і дзяцей. Шлюбы, разводы. Жыццё…

Вось і ўнучак. Доўгачаканы ўнучак. Адзіны ўнучак. Хваляванне. Радасць. Шчасце. Першыя словы. Турботы, клопаты. Першы клас, другі клас, трэці клас…

Бяда. Хвароба. Немач. Боль. Невыносны боль. Боль удзень і ўночы. Бясконцы боль. Ложак.

Вечар. Стук дзвярэй. Сынок. Ласка, пяшчота, размова.

Лета, восень, зіма, вясна… Дождж за акном. Снег за акном. Сонейка… Зялёны ліст, жоўты ліст, чырвоны ліст, адзіны ліст на дрэве за акном.

Вясна, лета, восень, зіма. Ключ у замку. Дачка. Лекі. Цішыня.

Восень, зіма, вясна, лета. Хуткія крокі. Унук. Усмешка, пацалунак. Навіны. Радасць.

Шостая вясна ў ложку. Сонейка за акном. Цюльпаны ў вазе. Падарунак унука. Прыгожыя кветкі.

Чаканне. Зараз чаканне. Чаканне чаго? Чаканне збавення? Чаканне радасці?

Жыццё? Лёс? Доля? Жыццё… Лёс…

 

Спачатку – цішыня. А потым ужо вучнёўскім пытанням няма межаў. Як? Што гэта за сказы? Як называюцца? Няма выказнікаў, а толькі дзейнікі? І чаму так прыгожа, выразна, ярка, вобразна? У сказах толькі дзейнікі? А ёсць даданыя члены сказа? Сказы кароткія. А тэкст чаму атрымаўся такі дынамічны? А тут усе сказы назыўныя?

Вось і атрымалася эўрыстычная гутарка. Самі знайшлі адказы на свае пытанні. І новую тэму самастойна разабралі, вывучылі…

А мае пытанні не канчаліся. Як навучыць чалавечнасці? Дзе шукаць вытокі дабрыні і спагады? Адказы далі самі дзеці. Пачалі гаворку пра сваіх родных, пра свае ўчынкі, пра дапамогу адзінокім. І адказалі на ўсе мае пытанні, хоць і не чулі іх. Вось такі выхаваўчы патэнцыял мае слова. Слова, якое можа прынесці радасць ці бяду, выклікаць усмешку ці слёзы.

Гэты ўрок я хацела б закончыць словамі В. Сухамлінскага: “Здольным выхоўвацца дзіця робіцца тады, калі наваколле, у якім яно ўзаемнічае з прыродай і з людзьмі ў дзіцячыя і падлеткавыя гады, робіць яго сэрца беспакойным і трывожным, крохкім, тонкім і легка датыкальным, пяшчотным і спагадлівым, – мы маем на ўвазе культуру пачуццяў, высокаразвітую здольнасць бачыць чалавека, які знаходзіцца побач, прымаць блізка да сэрца яго радасці і засмучэнні, трывогі ды збянтэжанасць, адчуваць адзіноту як вялікую бяду, якая можа спасцігнуць чалавека”.

І зноў задаю сабе пытанне: з чаго я пачну ўрок заўтра?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий