Свяшчэнная вайна. Тэма Вялiкай Айчыннай вайны ў мастацкiх творах

- 19:49Воспитательная работа, Опыт

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства (гасцёўнi) для вучняў 7–11 класаў

 

Вікторыя ТЫЛЬКОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 119 Мінска

 

        Мэта гасцёўнi: пашырыць чытацкi вопыт навучэнцаў, стварыць умовы для разумення сутнасцi лiтаратуры, яе ролi ў час Вялiкай Айчыннай вайны.

        Заўвага: у аснове сцэнарыя ляжаць эсэ Пiмена Панчанкi.

 

Ход мерапрыемства

     Вядучы 1. Добры дзень, дарагiя сябры!

     Вядучы 2. Мы вiтаем вас у гiстарычнай гасцёўнi “Свяшчэнная вайна. Тэма Вялiкай Айчыннай вайны ў мастацкiх творах”.

Слайд 1. Назва гасцёўнi.

     Вядучы 1. Ужо сталi традыцыяй сустрэчы ў гасцёўнi дат i падзей, а, галоўнае, людзей, якiя змянiлi свет. Стужка часу, time line, – гэта цiкавае, пазнавальнае i захапляльнае падарожжа.

     Вядучы 2. Мы ўпэўненыя: вы не будзеце глядзець на гадзiннiк i ўспамiнаць казку пра згублены час.

     Вядучы 1. Мы ўпэўненыя, што ў гасцёўнi вы зможаце адчуць час i сябе, як часцiнку чалавецтва, якое доўжыцца, жыве ў часе.

Сцэна 1. Гiсторыя Беларусi

(Каля сцэны стаiць флаг Рэспублiкi Беларусь,
на франтальнай сцяне знаходз
iцца герб Беларусi.
 В
iдэарад на заднiку сцэны старонкi гераiчнай гiсторыi Беларусi.)

     Вядучы 2.  Гiсторыя Беларусi…

        Ты – векапомная.
        Ты – гераiчная.
        Ты – драматычная.

Беларускiя землi часта былi пад нечай каронай цi акупацыяй. Колькi войнаў прайшло па нашай зямлi, не пералiчыць.

     Вядучы 1. Шмат скарбу збрыло проч: мы i цяпер не ведаем, дзе крыж Ефрасiннi Полацкай, дзе старажытныя кнiгi i рукапiсы, дзе неацэнныя старыя iконы, жывапiс…

Слайд 2. Вялiкая Айчынная вайна:
1941–1945 гг.

     Вядучы 2. Але ж галоўны скарб – людзi. Калi ў 1945 годзе вярталiся з армii ў родны горад цi вёску, перш-наперш лiчылi, хто застаўся жывы, хто i дзе загiнуў, што ацалела пасля страшэннай вайны. Амаль што ў кожнай беларускай сям’i былi ды i яшчэ жывуць ветэраны. Вялiкая Айчынная вайна доўжылася з 1941 па 1945 год. Загiнуў у Беларусi, як сведчаць гiсторыкi, амаль кожны трэці.

     Вучань.

Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны?
Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…
Вы мне скажаце – а на што глядзець,
калі ўвосень там – адно лісцяў медзь,
калі ўзімку там – толькі ветру плач,
а вясной дзярэ сваё сэрца драч…

     Вучань.

Лета роснае па зямлі ідзе,
лета радасці за руку вядзе:
пах язмінавы, пах малінавы,
цень карункавы, свет бурштынавы.
Лета сцеле дыван з травы…
Для каго дыван, хто жывы?!
Анікога жывога тут,
зараслі мясціны пакут…
Назва простая на слупку,
пыл гарачы на бальшаку…
Ой, вандроўнікі родныя, ой, ведуны,
запішыце ў даведнікі вёскі,
якія не ўсталі з вайны!..

(“Вёскі, якія не ўсталі”, Еўдакія Лось).

Вядучы 1. Пiсьменнiкi ва ўсе часы iмкнуцца мастацкiмi сродкамi спасцiгнуць свет, жыццё народа. Празаiкi i драматургi ствараюць характары, тыпы, якiя ў канфлiктах свайго часу даносяць да нас жывы агонь жыцця, працы, барацьбы. Паэтаў займае душа чалавека, яго настроi, мары, памкненнi, самыя тонкiя праявы пачуццяў.

Вядучы 2. Нашы беларускiя класiкi выдатна спраўлялiся з гэтай справаю. У нас ёсць выдатныя творы пра вайну, пра чалавека на вайне. I тут першае, самае важнае i глыбокае слова належыць Васiлю Быкаву.

Сцэна 2: Васiль Быкаў “Сцюжа”

(На сцэне стаяць крэслы так, каб утварыць фурманку (павозку).
На крэслах (у фурманцы) сядзяць дзец
i (дзяўчынка i хлопчык), кабета.)

     Вучань. Пiсаць праўду пра людзей, пра вайну (калi ёсць вялiкi талент, бескампрамiснае сумленне, прынцыповасць) – гэта шчасце i радасць, горкая радасць. Амаль усе кнiгi Васiля Быкава трагiчныя. Падумайце, колькi разоў аўтару разам са сваiмi героямi давялося пакутаваць i памiраць, бо вайна – страшэнная бяда для кожнага народа, з’ява трагiчная, бязлiтасная.

(Гучыць запiс: вой пургi, выбухi гармат.)

 

Слайд 3. Васiль Быкaў
(19 чэрвеня 1924 г. – 22 чэрвеня 2003 г.)

 

 

 

 

     Вучань Сёння ў нашай гасцёўнi – героi з аповесцi Васiля Быкава “Сцюжа”: партызан Азевiч, кабета, дзецi – Шурка i Лёдзя. Словы за аўтара чытае _______.

(Вучнi пачатковай школы (малыя),
старшакласнiкi разыгрываюць сцэну з аповесцi.)

     Вучань (чытае словы за аўтара). Прыглядзеўшыся, Азевiч зразумеў, хто яшчэ ехаў у возе з гэтай кабетай. Захутаныя ў кажух, побач бялелi два дзiцячыя тварыкi, – насцярожаныя, мабыць, спалоханыя, яны маўклiва ўзiралiся праз змрок у начнога чалавека, што перапынiў iх у дарозе, сказаў знарок бесклапотна:

     Азевiч (выходзіць на сцэну, прыглядаецца) – Не бойцеся! Дзядзя – добры.

     Шурка – А я не баюся. Гэта Лёдзя баiцца. А я не баюся цябе.

     Азевiч – Во як! Смелы, аднак.

     Шурка – Смелы, ага.

     Кабета (павярнуўшыся да іх тварам). – Малы ён. Кажа немаведама што. Якi там, смелы…

     Шурка – Смелы!

     Кабета – Маўчы, Шурка!

     Лёдзя (цiхенька). – А i ты нясмелы. Бо плакаў, як татка ляжаў i з яго кроў цякла…

     Вучань (чытае словы за аўтара). Усе змоўчалi, маўчаў i Шурка, i Азевiч з няёмкасцi перасмыкнуў нутром, адчуўшы нейкую трагедыю гэтых падарожнiкаў. Ды кабета, мусiць, ужо зачапiлася за стрэмка свае бяды i растлумачыла:

     Кабета – Гэта ж во iхнiх бацьку з маткай забiлi. Вязу сiрот дахаты. Пляменнiкi ж…

     Вучань (чытае словы за аўтара). Цётка пачала плакаць, а Азевiч сядзеў моўчкi, думаў. Ды i што ён мог зрабiць, чым суцешыць гэтых людзей. Можа, так было i трэба, а можа, i не. Як зразумець цяпер, хто вiнаваты. Вiнаваты вайна i людская жорсткасць, нянавiсць i непрымiрымасць, што раздзiралi людскiя душы. Стралялi, нiшчылi, бiлi – не дужа разбiраючыся, не надта мяркуючы-судзячы – абы больш крывi – i сваёй, i варожай.

     Вядучы 1. Вось яна – вайна. Вайна памiж людзьмi. Чытаючы “Сцюжу”, чысцееш душой i смуткуеш сэрцам. Разам з пiсьменнiкам адчуваеш неадназначнасць, унутраную супярэчнасць праўды вайны.

Сцэна 3. Аркадзь Куляшоў. “Сцяг брыгады”

(На заднiм плане сцэны вiдэарад разбураных гарадоў, жытнёвае поле.)

 

Слайд 4. Аркадзь Куляшоў
(6 лютага 1914 г. – 4 лютага 1978 г.)

 

 

 

 

 

 

     Вучань. Аркадзь Аляксандравiч Куляшоў нарадзiўся 6 лютага 1914 года ў Саматэвiчах на Магiлёўшчыне ў сям’i сельскiх настаўнiкаў. Друкавацца пачаў у 12 год. У перадваеннай лiрыцы паэт усё болей i болей задумваецца пра тое, што будзе, “калi вайна мой мiрны край агорне”.

     Вучань. I вось гiтлераўская Германiя напала на Савецкi Саюз. Беларусь заглынулася ў агнi i крывi. Пачаўся смяротны бой народа з фашысцкай навалай.

     Вучань. Куляшоў, шукаючы ваенкамат, пешай прайшоў шлях ад Мiнска да Оршы, цягнiком даехаў да Калiнiна, дзе добраахвoтна ўступiў у рады Чырвонай Армii. У армейскай газеце “Знамя Саветаў” ён праслужыў самыя цяжкiя часы. Ён на ўласныя вочы пабачыў усё нязмернае гора нашага народа, суцэльныя руiны гарадоў, вёсак, непамерна горкiя страты.

     Вучань. У 1942 годзе на Калiнiнскiм фронце Аркадзь Куляшоў напiсаў сваю славутую паэму “Сцяг брыгады”. Карцiны разбуранай Беларусi напiсаны Куляшовым з вялiкай эпiчнай сiлай. Вось жытнёвае поле ваеннага часу:

Пакасiлi яго кулямёты,
Усё пакасiлi,
А тупыя фашысцкiя боты
Яго малацiлi.

Танкi гусенiц жорнамi
Жыта пасля памалолi,
Конi потныя, чорныя
Хлеб замясiлi на полi,

Кроў была iм дражджамi,
Палiлi агнём i жалезам,
I ляжыць камянямi
Хлеб з пякарань фашысцкiх за лесам.

     Вучань. “Сцяг брыгады” быў перакладзены на рускую мову i дзясяткi моў iншых народаў. Паэма стала вялiкiм дасягненнем усёй савецкай паэзii ваеннага часу. Гэта сапраўды народная паэма – адна з вяршынь творчасцi Аркадзя Куляшова.

(Гучыць музычны твор
фрагмент вакальна-сімфанічнай паэмы Г.Вагнера
Вечна жывыя.)

 

Сцэна 4. Еўдакiя Лось. “Палачанка”. Жанчыны i дзецi ў час вайны.

(На заднiм плане сцэны вiдэарад ваенных падзей, партызанскiх стаянак.)

 

Слайд 5. Еўдакiя Лось
(1929–1977)

 

 

 

 

 

 

     Вучань. Галоўная паэтычная думка Еўдакii Лось – радасць жыцця, гордасць за сваю радзiму, за свой партызанскi край i народ. Яна часта ўспамiнала свае ваеннае дзяцiнства. Вось як Еўдакiя Лось пiша пра вайну:

А яна прыпаўзла, прыкацiлася потым,
Абакрала, зрабiла дзiця сiратой.
Залiла палыны мае кроўю i потам,
Зацягнула снюткiя далi слатой…

     Вучанiца. А вось “Палачанка”.

(Гучыць цiха пяшчотная музыка. Праз сцэну плаўным, цiхiм, прыгожым крокам праходзiць i кружыцца бялявая дзяўчына. Да яе звяртаецца вучанiца, калi чытае верш.)

Можа, ты не такая i белая,
А празвалi бялянкай,
Можа, ты не такая i смелая,
А слывеш партызанкаю…
Я с табою расла,
Ела хлеб травяны i бульбяны,
Я з табою была,
Калi ў лес ты iшла ў партызаны.

 

Сцэна 4. Аляксандр Твардоўскi. “Васiль Цёркiн”

Слайд 6. Гарады на Дняпры:
Магiлёў, Орша, Смаленск

 

      Вучань. Вялiкая славянская рака Дняпро са сваiмi прытокамi Дзясной, Беразiной, Сожам i Прыпяццю, як спрадвечнае дрэва дружбы, яднала i яднае тры братнiя народы: рускi, беларускi i ўкраiнскi.

     Вучань. Многа слаўных гарадоў стаiць на Дняпры: украiнскiя на чале з Кiевам, беларускiя Магiлёў i Орша, а ў верхнiм цячэннi Дняпра – старажытны Смаленск, горад-воiн, надзейны шчыт Расii.

     Вучань. Смаленская зямля – блiзкая i родная нам, беларусам. Гэта мне прыемна падкрэслiць, успамiнаючы iмя выдатнага майстра рускай лiтаратуры, добрага сябра беларускага народа i беларускай літаратуры Аляксандра Трыфанавiча Твардоўскага.

 

Слайд 7.
Аляксандр Трыфанавiч Твардоўскi.
(1910–1971)

 

 

 

     Вучань. Так, у беларускага народа, у беларускiх паэтаў асаблiвае стаўленне да А.Т.Твардоўскага. Ён перанёс разам з намi ўсё гора адступлення. Ён служыў у франтавой газеце на адным з беларускiх франтоў. Ён пiсаў пра Беларусь вершы, апавяданнi i нарысы.

 

Слайд 8. Паэма “Васiль Цёркiн”

 

 

 

 

 

 

 

     Вучань. Самы славуты твор Аляксандра Твардоўскага – “Васiль Цёркiн” (“Кнiга пра байца”). Вобраз Цёркiна – праўдзiвы, сакавiты, абаяльны. Ён з тых салдат, што ўсё ўмее, усiм дапаможа, i бяду развее, i ворага перахiтрыць. Герой кнiгi – Цёркiн – сёння ў нашай гасцёўнi.

     Вучань (Цёркiн) энергiчна, страявым шагам выходзiць на сцэну.

– Разрешите доложить
Коротко и просто:
Я большой охотник жить
Лет до девяноста (праходзiць па сцэне).
– Доложу хотя бы вкратце,
Как пришлось нам в счет войны
С тыла к фронту пробираться
С той, с немецкой стороны.
Шел наш брат, худой, голодный,
Потерявший связь и часть,
Шел поротно и повзводно,
И компанией свободной,
И один, как перст, подчас…
Шел он, серый, бородатый,
И, цепляясь за порог,
Заходил в любую хату,
Словно чем-то виноватый
Перед ней. А что он мог!..
Шли, однако. Шел и я…
Шли бойцы за нами следом,
Покидая пленный край…
Я одну политбеседу
Повторял:
– Не унывай.
Не зарвемся, так прорвемся,
Будем живы – не помрем.
Срок придет, назад вернемся,
Что отдали – все вернем.

(Гучыць песня Тальяначка.)

 

     Вучань. У паэме шмат салдацкага гумару, аўтарскай дасцiпнасцi, народнай мудрасцi. Aле памылiлiся тыя, хто лiчыў, што Твардоўскi iмкнуўся жартамi i дасцiпнымi гiсторыямi развесялiць, падбадзёрыць смяротна стомленых байцоў.

     Вучань. Было i гэта. Але ў паэме напластавалася столькi трагiчнага, горкага, цяжкага, непапраўнага – усяго, што было на гэтай самай крывавай вайне.

     Вучань. Многiя з байцоў, якiя чыталi папярэднi раздзел паэмы маглi i не дажыць да наступнага. Таму паэт iмкнуўся кожны раздзел зрабiць закончаным, гранiчна праўдзiвым, бо на вайне нельга было пражыць – “Без чего?”(звяртаецца да другога вучня).

     Вучань. “Без правды сущей, правды, прямо в душу бьющей, да была б она погуще, как бы ни была горька”. Таму што “Страшный бой идёт, кровавый, смертный бой не ради славы, ради жизни на земле”.

     Вучань. Аляксандр Твардоўскi добра ведаў i любiў беларускiя песнi. Асаблiва “А ў полi вярба” i “Ой, рэчанька, рэчанька”. Зараз песня “Ой, рэчанька, рэчанька” прагучыць для вас.

(Выконваецца песня навучэнцам i настаўнiцай.)

Сцэна 5. Свяшчэнная вайна

Слайд 9. Свяшчэнная вайна

     Вучань 1. Вялікая Айчынная вайна ўсё далей i далей адыходзiць у гiсторыю, але Быкаў пiсаў не проста “ваенную прозу” – яго цiкавiла “вайна ў душы чалавека”, здольнасць супрацьстаяць яе разбуральнай сiле. I гэта мы бачылi сёння на прыкладзе яго аповесцi “Сцюжа”.

     Вучань 2. Нi Васiль Быкаў, нi Канстанцiн Вараб’ёў, нi Вiктар Астаф’еў не сумнявалiся нi ў мэтах вайны, нi ў вялiзарнай цэннасцi дасягнутай перамогі.

     Вучань 1. А гэта значыць, што вайна была народнай. I нават свяшчэннай.

     Вучань 2. Апошняе слова здаецца асаблiва дзiўным – бо вайна нават пры самым скрупулёзным выкананнi яе законаў патрабуе жорсткасцi…

     Вучань 1. Але не толькi – яшчэ самаахвярнасцi. Вось гэта гатоўнасць людзей падвяргаць сябе смяротнай рызыцы ў iмя абавязка перад Радзiмай i нараджае ў памяцi ўяўленне аб святасцi, бо людзi ахвяруюць сабою ў iмя святынь. У iмя Радзiмы.

(Дзяўчына i хлопец выконваюць песню “На всю оставшуюся жизнь”.)

Слайд 10. Мы помнім – мы ганарымся

     Вядучы 2. Вайна пераварочвае ўсе паняццi. Жыццё i смерць мяняюцца месцамi.

     Вядучы 1. Пасля вайны знайсці сябе ў мiрным жыццi няпроста, але пакаленне Вялiкай Айчыннай вайны, заваяваўшы Перамогу, здолела пачаць новае жыццё.

     Вядучы 2. Гэта праўда, што ў нашай краiне няма сям’i, якую б не кранула вайна. У ваенным лёсе маёй сям’i многа трагiчнага, але няма нiчога выключнага. Гэта агульны лёс.

     Вучань.

Помнім болі і страты свае.
Памяць шуміць, як чароты…

(Анатоль Вярцiнскi.
Рэквiем па кожным чацвёртым)

     Вучань. Так, памяць – адно з самых важных чалавечых пачуццяў. I словы “Мы помнiм, мы ганарымся” – цудоўныя, бо цiкавасць да Вялiкай Айчыннай вайны з гадамi не праходзiць, а нават расце. Кожнае новае пакаленне адкрывае ва ўроках Вялiкай Айчыннай вайны нешта новае, вельмi актуальнае менавiта сёння. Наша гасцёўня закрываецца. Сёння мы гарталi старонкi лiтаратурных твораў пра вайну, якая засталася ў памяцi людзей свяшчэннай.

     Вучань. Дык хай жа памяць пра гэту вайну не пакiдае нас, i кнiгi, якiя мы сёння ўспомнiлi, – найлепшая прапаганда супраць вайны i пераканаўчае сцвярджэнне патрыятызму, гуманiзму, дабрынi, чалавечнасцi.

(Гучыць у запiсу песня Малiтва на словы Янкi Купалы
ў выкананнi ансамбля Песняры. Гледачы пакiдаюць гасцёўню.)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий