Мастацтва танца як сродак выхавання і развіцця асобы

- 7:54Воспитательная работа, Опыт

 

 

Іна БІРУЛІНА,
кіраўнік харэаграфічнага аб’яднання
па інтарэсах “Пчолкі”
Пачапоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Краснапольскага раёна

 

 

Галоўная мэта настаўніка – стварыць рэальныя ўмовы для фарміравання ў школе творчай асобы, здаровай духоўна і фізічна, здольнай паспяхова адаптавацца да дынамічных сацыяльных умоў і здолець рэалізавацца ў свядомай чалавечай сферы дзейнасці, якая адказвае агульначалавечым і нацыянальным ідэалам.

Амаль у кожнага чалавека ёсць хобі, і мы, настаўнікі, не выключэнне. У школе я працую настаўнікам фізікі. Паміж вучэбнай і метадычнай работай знаходжу час для творчасці, бо творчасць – гэта нязменная частка нашай прафесіі. Маё хобі – гэта танец і ўсё, што з ім звязана (стварэнне вобразу, касцюма, рэквізіту да харэаграфічных пастановак і г.д.)

Мастацтва танца – гэта сродак выхавання і развіцця асобы, здольны стварыць дабратворную глебу раскрыцця патэнцыйных магчымасцей дзіцяці. У грамадстве расце патрэба ў высокаінтэлектуальных творчых асобах, здольных самастойна прымаць нестандартныя рашэнні і ўвасабляць іх у жыццё. Усё гэта патрабуе распрацоўкі новых метадаў выхавання падрастаючага пакалення і вядзе за сабой нетрадыцыйнасць падыходаў да гарманічнага развіцця, як асновы наступнага ўдасканалення асобы. І харэаграфія з’яўляецца адным з такіх метадаў выхавання эстэтычнага густу і духоўнасці навучэнцаў. Гэта найпрыгажэйшае мастацтва, якое прымушае чалавека перажываць цэлую гаму пачуццяў і эмоцый. Далучэнне вучняў да харэаграфіі абуджае і выхоўвае ў іх светапогляд, эстэтычныя, маральныя перакананні, дазваляе ім правільна асэнсаваць сваё стаўленне да навакольнага свету.

Я з’яўляюся кіраўніком харэаграфічнага аб’яднання па інтарэсах “Пчолкі”. Праз танцы развіваю ў сваіх выхаванцаў харэаграфічныя і эстэтычныя навыкі, музычнасць і рытмічнасць, камунікатыўныя здольнасці, актыўнасць і самастойнасць.

   

Так, пры дапамозе беларускага народнага танца “Бульба”, кампазіцый “Дэфіле ў нацыянальных касцюмах”, “Дарогамі Вялікай Перамогі” фармірую ў вучняў грамадзянскасць, пачуццё патрыятызму, гонар за сваю радзіму, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пашыраю веды вучняў пра культуру Беларусі, выхоўваю глыбокую павагу да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў беларускага народа ў харэаграфічнай кампазіцыі “Сватанне нявесты”.

Танцавальнае мастацтва адлюстроўвае эстэтычны бок свету чалавека – цудоўнае, узвышанае, трагічнае, камічнае ва ўзаемаадносінах людзей – і тым самым выконвае функцыю сацыялізацыі людзей, і, у першую чаргу, дзяцей. Харэаграфія аказвае таксама вялікі ўплыў і на фарміраванне ўнутранай культуры чалавека. Заняткі харэаграфіяй арганічна звязаны з засваеннем нормаў этыкі, яны немагчымыя без выпрацоўкі высокай культуры зносін паміж людзьмі. Вытрымка, бездакорная ветлівасць, пачуццё меры, прастата, сціпласць, увага да навакольных, іх настрою, добразычлівасць – вось тыя рысы, якія выхоўваюцца ў вучняў у працэсе заняткаў танцам і становяцца неад’емнымі ў паўсядзённым жыцці. Так заняткі танцам дапамагаюць выхоўваць характар чалавека.

                 

Акрамя нацыянальных, мы танцуем і сучасныя танцы: “Танга”, “Рамонкавае поле”, “Лялькі”, “Танец матылькоў”, “Усходнія танцы”, “Пчолкі”, “Спартыўныя танцы”, “Піраты” і іншыя. З дапамогай гэтых танцаў развіваю ў дзяцей многія якасці: уменне перадаваць свае пачуцці і сваю індывідуальнасць, уменне імправізаваць і фантазіраваць, мастацкі густ і творчае ўяўленне, артыстызм, уменне пераадольваць страх на сцэне.

Мастацтва танца ўзбагачае духоўны свет, дапамагае дзіцяці раскрыцца як асобе. Арганічнае спалучэнне руху, музыкі і гульні фарміруе атмасферу станоўчых эмоцый. Раскрываючы і выхоўваючы маладое пакаленне, з дапамогай танца я выхоўваю цэлы светапогляд навучэнцаў, а таксама раскрываю іх творчыя здольнасці.

Мы прымаем удзел не толькі ў школьных канцэртах, але і ў раённых мерапрыемствах і конкурсах. Да ўдзелу ў харэаграфічных кампазіцыях прыцягваю не толькі вучняў, а яшчэ і настаўнікаў, бацькоў, якія ахвотна згаджаюцца. Дзецям вельмі падабаецца, калі яны выконваюць танец разам са сваімі бацькамі. Значна, што ўсе касцюмы, акрамя нацыянальных, шыю сама. Спачатку прыдумваю вобраз, а потым ствараю харэаграфічную кампазіцыю.

Для дзяцей рух і танец з’яўляюцца важным сродкам зносін. Рух для дзіцяці – гэта натуральны спосаб пазнання сябе і свету. Дзіця вучыцца дзейнічаць, адчуваць, наладжваць адносіны. Пазітыў, эмоцыі, якія прыходзяць у час выканання танцаў, уплываюць на эмацыянальны і псіхічны стан. Танцы, рытмічныя кампазіцыі фармуюць прыгожую паставу, умацоўваюць мускулатуру, развіваюць дробную маторыку, выхоўваюць вынослівасць.

Калі настаўнік “гарыць” якой-небудзь справай сам, тады “запальваюцца” і яго вучні!

                              Душа ребенка – пламенный сосуд:
                              Прозрачны стенки, совершенны формы,
                              И от того, чем мы его наполним
                              Зависит будущего человека суть.

Танцаваць – гэта значыць жыць у рытме, а без яго ў нашай прафесіі ніяк не абысціся!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий