Пасяджэнне клуба “Спадчына” для выхаванцаў і бацькоў “Вы паслухайце, мова якая!”

- 18:58Дошкольное образование. Работа с родителями, Методичка

 

 

Наталля САПРАНКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 34 Магілёва

 

Найважнейшай умовай развіцця любога народа з’яўляецца паважлівае стаўленне да сваёй гісторыі, культуры, традыцый, мовы. Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, гатоўнасці захоўваць і развіваць нацыянальную спадчыну найважнейшая задача ўсіх сацыяльных інстытутаў грамадства.

Адным з напрамкаў дзейнасці ў яслях-садзе № 34 Магілёва з’яўляецца фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў выхаванцаў сродкамі мастацкай творчасці. Другі год існуе ў дашкольнай установе клуб “Спадчына”, удезельнікамі якога з’яўляюцца выхаванцы, іх бацькі і педагогі. На пасяджэннях клуба ўдзельнікі знаёмяцца са звычаямі і традыцыямі свайго народа, беларускім фальклорам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, далучаюцца да народных гульняў, вучацца разумець сваю родную мову.

Толькі сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў магчыма дасягнуць станоўчага выніку ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей.

 

 

Мэта: далучэнне да гісторыі і нацыянальнай культуры роднага краю дзяцей і дарослых сродкамі клубнай работы.

Задачы: садзейнічаць развіццю цікавасці да роднай мовы; далучаць бацькоў да навучальнага працэсу па фарміраванні ў дзяцей патрыятызму, любові да роднага краю; пашыраць веды выхаванцаў і іх бацькоў пра культурную спадчыну беларускага народа; ствараць атмасферу творчага супрацоўніцтва і псіхалагічнага камфорту праз сумесную творчую дзейнасць; выхоўваць любоў і павагу да бацькоў, гонар за дасягненні членаў сям’і, эмацыянальна пазітыўнае стаўленне да сваёй Радзімы.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, песень, беларускіх народных гульняў, чытанне казак.

Матэрыял і абсталяванне: карткі з урыўкамі з беларускіх казак; карткі з прыказкамі; карткі з літарамі: Ч, Г, Н, А, С, А, Р, В, А, Т, В, К, А, Т, Ц, А, Т, С, С, Р, О, І, П, Ы, В, Ў, Ы, К, Ш, А, С, Я, Ц, Л, С, В, Я, Р, Т, А, Ц, О, С, А, Л, А, М, П, Н, Л, Е, Я, Н, Н, Е; малюнкі (ганчарства, ткацтва, роспіс, вышыўка, цяслярства, саломапляценне); салома, наклееная на паперу (для аплікацыі), нажніцы, пэндзлікі, лісты картона чорнага колеру (фармат А5).

Ход мерапрыемства

У музычнай зале аформлена выстава для бацькоў “Чытайце дзецям па-беларуску”, сама зала упрыгожана ў беларускім народным стылі. Дзеці апранутыя ў нацыянальныя касцюмы. Госці пад беларускую музыку ўваходзяць у залу, дзеляцца на дзве каманды: “Рамонак”, “Васілёк” і садзяцца за сталы.

Вядучы (В.). Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі клуба “Спадчына”. Рада прывітаць вас на чарговым пасяджэнні, якое прысвечана роднай мове.

Кожны чалавек з маленства павінен ганарыцца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю, любіць сваю Радзіму, ведаць традыцыі свайго народа, размаўляць на роднай мове. Паслухайце, як прыгожа сказаў пра беларускую мову Анатоль Балуценка:

                    Вы паслухайце, мова якая!
                    Нібы рэчачка, ціха журчыць,
                    Нібы скрыпка, цудоўна спявае,
                    Трэба толькі на ёй гаварыць.

Каб дзіця ведала мову, патрэбна з ім размаўляць па-беларуску: расказваць і чытаць казкі, вучыць вершы. Давайце паслухаем верш, які раскажуць пра беларусаў нашы выхаванцы:

1-е дзіця.

                    Ёсць такі народ працавіты,
                    Вельмі шчыры
                    І самавіты –
                    Беларусы.

2-е дзіця.

                    Ёсць такі народ памяркоўны
                    І прыветлівы,
                    І тактоўны –
                    Беларусы.

3-е дзіця.

                    Ёсць такі народ гераічны,
                    А на погляд
                    Сціплы і звычны –
                    Беларусы.

4-е дзіця.

                    Ёсць такі народ неўміручы,
                    Неадольны,
                    Вечна жывучы –
                    Беларусы.

В. Сёння мы працягнем знаёміцца з беларускім фальклорам, пагуляем у народныя гульні, узгадаем рамёствы і зробім аплікацыю з саломы. Вам вядома, што ў беларускіх сем’ях ад бацькоў да дзяцей, ад бабуль да ўнукаў перадаваліся і пераймаліся традыцыі?

Нашы продкі вялікую ўвагу надавалі працоўнаму выхаванню. З даўніх часоў у народзе падтрымлівалася ранняе далучэнне дзяцей да працы, лічылася, што ўсе павінны працаваць. Народная педагогіка багатая прыказкамі і прымаўкамі пра працу.

Заданне “Перакладчыкі прыказак”

В. Прапаную вам на нейкі час стаць перакладчыкамі: назваць рускі адпаведнік беларускай прыказкі.

          Любіш паганяць – любі і каня гадаваць.
          (Любишь кататься люби и саночки возить.)

          Праца гадуе, а лянота марнуе.
          (Труд человека кормит, а лень портит.)

          Лежачы і грошы старэюць.
          (Под лежачий камень вода не течёт.)

          Хочаш есці калачы, так не сядзі на пячы.
          (Кто не работает, тот не ест.)

          Перш папрацуй, а тады і патанцуй.
          (Сделал дело гуляй смело.)

          Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць.
          (Доход не живёт без хлопот.)

В. Малайцы! Каманды справіліся з заданнем. Прапаную паслухаць песню ў выкананні дзяцей “Певунок”. Дзеці выконваюць песню.

В. А ці ведаеце вы, што народны светапогляд і традыцыі ўспрымаліся дзецьмі ад нараджэння праз дзіцячы фальклор? А гэта забаўлянкі, песні, казкі. Як добра вы ведаеце беларускія народныя казкі, мы зараз паглядзім.

Заданне “Назаві казку”

В. Я прачытаю ўрыўкі з казак, для кожнай каманды свае, а вам патрэбна ўгадаць назву казкі (дзеці дапамагаюць бацькам).

  1. Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: Сынок-з-кулачок.

Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле. Баба згатавала абед ды кажа да сына:

– Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці. А сынок падхрабрыўся і кажа:
– Давай, мама, занясу я абед.
(казка “Сынок-з-кулачок”)

  1. Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было – толькі пеўнік і жаронцы. Дзіўныя гэта былі жаронцы: пакладзе ў іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі – і цэлая кадушка мукі намелецца! Добра жылі дзед з бабай самі ды і пеўніка не крыўдзілі.

Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. “На паляванні, – кажа,– быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць…”
(казка Жаронцы”)

  1. Жылі дзед ды баба. І быў у іх кот. Дзед кашалі плёў, баба кудзелю прала, а кот паляваць на мышэй хадзіў. Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне ды і заблудзіўся. Шукаў, шукаў дарогу дадому – не знайшоў. Сеў пад ялінай і плача. Бяжыць лісіца. Убачыла ката, заглядзелася: ніколі яшчэ такога звера ў сваім лесе не сустракала!

– Ты хто такі будзеш? – пытаецца.
– Я – Кот Мурлыковіч.
– А чаго ж ты плачаш, Кот Мурлыковіч?
(казка “Як кот звяроў напалохаў”)

  1. Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці. Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць – касец пад кустом сядзіць і нешта есць. Падышоў да яго воўк:

– Ты што ясі, чалавеча?
– Хлеб, – адказвае касец.
– А ён смачны?
– Дзіва што смачны!
(казка “Лёгкі хлеб”)

В. Малайцы! Усе каманды справіліся з заданнем добра. Прапаную парухацца і пагуляць у беларускую гульню “Лапці”.

Па крузе раскладаюць лапці, удзельнікі становяцца ў круг вакол іх. Гучыць беларуская народная мелодыя. Удзельнікі рухаюцца па крузе. Калі гучанне музыкі прыпыняецца, патрэбна хутка “абуць лапці” (стаць на іх). Удзельнікі гульні, якія засталіся без “абутку”, выбываюць з гульні. Пры кожным паўторы гульні адна пара “лапцей” забіраецца. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік – пераможца.

В. Малайцы!

Паважаныя бацькі, у Беларусі багатая гісторыя традыцыйных рамёстваў, якія існуюць і цяпер. Думаю, што ў многіх з вас дома ёсць вырабы народных умельцаў. А можа народныя ўмельцы ёсць і ў вашай сям’і. Прапаную вам заданне “Пераблытаныя літары”. Вам неабходна з літар, якія ляжаць ў канверце, скласці назву рамяства і падабраць адпаведны малюнак з тых, што ляжаць на стале. Што за рамёствы, мы даведаемся, калі вы выканаеце заданне.

Заданне “Пераблытаныя літары”

Камандам прапануюцца канверты з літарамі: Ч, Г, Н, А, С, А, Р, В, А, Т (ганчарства), В, К, А, Т, Ц, А, Т (ткацтва), С, С, Р, О, І, П (роспіс), Ы, В, Ў, Ы, К, Ш, А (вышыўка), С, Я, Ц, Л, С, В, Я, Р, Т, А (цяслярства), Ц, О, С, А, Л, А, М, П, Н, Л, Е, Я, Н, Н, Е (саломапляценне).

В. Малайцы! Усе правільна выканалі заданне.

Зараз я вас запрашаю ў імпрывізаваную “творчую майстэрню”, у якой вы разам са сваімі дзеткамі паспрабуеце вырабіць аплікацыю з саломы.

Гучыць музыка, дзеці разам са сваімі бацькамі вырабляюць аплікацыю па сваёй задуме.

В. Малайцы! Вы сапраўдныя майстры!

Дзеці дэманструюць свае работы.

В. Ці спадабаліся вам аплікацыі? (Так). Мне таксама спадабаліся.

Паважаныя бацькі! Хачу звярнуць вашу ўвагу на выставу “Чытайце дзецям па-беларуску”, на якой размешчаны казкі на роднай мове. Прапаную вам разам з дзецьмі выбраць сабе ўпадабаную кніжку, якую вы пачытаеце дома.

Шчыра хачу пажадаць вам: чытайце дзецям на беларускай мове, размаўляйце з імі па-баларуску.

Вялікі дзякуй усім удзельнікам мерапрыемства!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий