- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Хвінявіцкія школьнікі – з павагай да друкаванай кнігі

 

 

Новы навучальны год у Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна пачаўся традыцыйна з тыдня беларускага пісьменства. На ўрачыстым адкрыцці узгадвалася гісторыя ўзнікнення свята беларускага пісьменства, распавядалася пра горад Бялынічы Магілёўскай вобласці, дзе ў гэтым годзе прайшло святкаванне.

Установа адукацыі цесна супрацоўнічае з сельскай бібліятэкай аграгарадка Хвінявічы, таму пачаткоўцы наведалі гэты храм кнігі. Дзеці пашырылі свае веды пра гісторыю кнігадрукавання, у чытальнай зале пазнаёміліся з літаратурнымі навінкамі і новымі імёнамі сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

У рамках тыдня навучэнцы паглядзелі дакументальную стужку “Францыск Скарына. Чалавек свету”, пасля якой прынялі ўдзел у завочнай віктарыне “Адкуль да нас прыйшла кніга?”. Удзельнікамі віктарыны сталі вучні ўсіх класаў, яны з задавальненнем і ахвотай шукалі неабходную інфармацыю.

Падчас тыдня беларускага пісьменства на базе школьнай бібіліятэкі працавалі кніжная выстава “Паклон беларускаму слову” і інфармацыйная пляцоўка “Пісьменнікі-юбіляры”. За летні перыяд фонд бібліятэкі папоўніўся новымі выданнямі, таму кожны наведвальнік знайшоў для сябе нешта новае і цікавае.

Бацькам навучэнцаў прапанавалі спецыяльную віртуальную панараму. Мы звярнулі іх увагу на тое, што выкарыстанне розных гаджэтаў у паўсядзённым жыцці апошнім часам выцясняе звычнае чытанне. Але пра карысць друкаванай кнігі нельга забываць: чытанне кніг дазваляе гарманічна развіваць асобу чалавека, супакойвае і дае магчымасць атрымаць асалоду ад новых уражанняў пасля знаёмства з творамі мастацкай літаратуры. І мы спадзяёмся на прыклад бацькоў у выхаванні любові да кнігі.

У шосты школьны дзень ва ўстанове працавала дзіцячая пляцоўка “Добрая кніга – дзецям”. Наведвальнікі пляцоўкі спаборнічалі ў конкурсе чытачоў, маглі паказаць сваю начытанасць у літаратурнай віктарыне. Дзеці абменьваліся чытацкім вопытам.

Тыдзень беларускага пісьменства ва ўстанове завяршыўся ўрачыстай лінейкай, на якой былі ўзнагароджаны пераможцы і актывісты.

Таццяна ЖЫНКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий