Урок беларускай мовы ў рамках Года малой радзімы. Прыметнік. Змяненне прыметнікаў па родах, ліках і склонах. 4 клас

- 19:48Методичка, Начальная школа. Сценарии

 

 

Наталля ГУЛЬКОВА,
настаўнік пачатковых класаў
Горскага дзіцячага сада – базавай школы
Краснапольскага раёна

 

 

Клас: 4

Тэма: Прыметнік. Змяненне прыметнікаў па родах, ліках і склонах.

Мэты:

– адукацыйная: узнавіць веды вучняў пра прыметнік як часціну мовы, пра сувязь прыметніка з назоўнікам у сказе, змяненне прыметніка па родах, ліках; пазнаёміць са скланеннем прыметнікаў; замацоўваць уменне вызначаць род і лік прыметнікаў, вучыць вызначаць склон прыметнікаў па назоўніках, з якімі яны звязаны ў сказе;

– развіццёвая: узбагачаць слоўнік вучняў назоўнікамі-сінонімамі, развіваць граматычны лад маўлення, фарміраваць уменне прымяняць правілы на практыцы, прымяняць веды ў знаёмай і незнаёмай сітуацыях, эмацыянальна ўздзейнічаць на вучняў сродкамі падабраных да ўрока тэкстаў і заданняў, развіваць памяць, лагічнае мысленне і ўвагу вучняў;

– выхаваўчая: стварыць спрыяльныя ўмовы для выхавання самастойнасці ў рабоце, акуратнасці, дысцыплінаванасці, любові да роднай мовы, эстэтычных пачуццяў.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік “Беларуская мова” 4 клас (частка 2), карткі з заданнямі, прэзентацыя, геаметрычныя фігуры для актыўнай ацэнкі.

 

Ход урока

     1 Арганізацыйна-матывацыйны этап.

     1.1 Псіхалагічны настрой на працу.

– Дзеці, калі ласка, павітайцеся з нашымі гасцямі. (Мы заўсёды гасцям рады.)

– Давайце прачытаем верш, які запісаны на экране. (Слайд 1)

                     Я – беларус. І тым я ганаруся.
                    Што гэта так, я даказаць бяруся:
                    Сваю гісторыю я маю,
                    На мове на сваёй пішу і размаўляю.  

– Вось і мы з вамі сёння на ўроку паспрабуем пацвердзіць гэтыя радкі. Таму мы адправімся ў незвычайнае падарожжа ў Краіну Беларускай мовы. Гэта будзе цікавае падарожжа. Мы з вамі пабываем у многіх незвычайных месцах.

За гэты час у вас будзе магчымасць праявіць сябе сапраўдным экіпажам, у якім дзейнічаюць законы дружбы, павагі адно да аднаго, узаемавыручкі і ўзаемадапамогі. А адправімся мы на машыне часу. 

– Давайце пачнём наша падарожжа. Адкрыйце свае сшыткі і запішыце сённяшнюю дату, класная работа.

     1.2. Арфаграфічная размінка.

– Першы прыпынак нашага падарожжа – востраў Памылкін. 

На экране запісаны слоўнікавыя словы. Прачытайце,знайдзіце памылкі, выпраўце іх у сваіх картках, перакладзіце іх на рускую мову.

     Сікунда, уледку, балірына, телеграма, плавец, ледзве, грімець (Слайд 2)

Праверце:

     Секунда, улетку, балерына, тэлеграма, плывец, ледзьве, грымець (Слайд 3)

– Назавіце словы, у якіх гукаў менш, чым літар.

(Ацэнка выканання задання)

                                                             

     2 Этап актуалізацыі ведаў. Прыметнік. Яго роля ў сказе.

     2.1 Другі прыпынак нашага падарожжа – Крыніца Ведаў. 

– Сапраўды школа з’яўляецца крыніцай ведаў. А для вас яна яшчэ і родная.

– Як правільна называецца наша школа?

– Дзеці, звярніце, калі ласка, увагу на экран, прачытайце запісаны сказ. (Слайд 4)

                    Мы вучымся ў школе.

– Чаго, на вашу думку, не хапае ў гэтым сказе? (Прыметнікаў)

– Для чаго неабходны прыметнікі?

     2.2 Дапаўненне сказа прыметнікамі (вусна).

Дапоўніце сказ прыметнікамі, каб ён стаў больш дакладным і прыгожым.

               Мы вучымся ў вялікай прыгожай школе.

Давайце скажам больш добрых слоў нашай школе, выкарыстаўшы прыметнікі. Школа (якая?)…,…,

 

     3 Паведамленне тэмы і задач ўрока.

Мы з вамі адправіліся ў падарожжа па Краіне Беларускай мовы.

Кожнае падарожжа павінна мець свае мэты і задачы. Давайце мы таксама сфармулюем мэты нашага падарожжа.

(выказванні вучняў)

– Якія мэты ставіць перад намі падарожжа?

           узнавіць …, пазнаёміцца ..,  замацаваць… (Слайд 5)

     3.1 Франтальнае апытванне.

– Што абазначае прыметнік?

– Як змяняецца прыметнік?

– Як вызначыць род, лік, склон прыметнікаў?

– Якія канчаткі маюць прыметнікі мужчынскага (жаночага, ніякага) роду ў пачатковай форме?

– Калі ў прыметніка нельга вызначыць род?

– Якім членам сказа з’яўляецца прыметнік?

– Якую ролю ў сказе выконваюць прыметнікі?

     3.2 Складанне кластара. (Слайд 6)

(Ацэнка выканання задання )

 

     4 Хвілінка чыстапісання.

– Увага! Мы з вамі аказаліся ў цудоўным месцы нашай мясцовасці – вадасховішчы Палужскае. Мясцовыя жыхары даўно ўжо яго называюць возерам. Гэта месца – адзін з прыгажэйшых куточкаў нашай малой радзімы. У гэты зімовы час возера скаваў (што?)

– Вам заданне. Знайдзіце ў слове мароз літару, якую мы будзем пісаць. Яна абазначае глухі цвёрды гук. (Слайд 7)

                                              Зз Зз зз зя зё 

                                     азярцо   возера   азёры

                          азёрны   азёрнае   азёрная   азёрныя

– Назавіце формы слова. Роднасныя словы разбярыце па саставе.

– Запішыце сказ пад дыктоўку.

                Блакітныя рэкі і азёры ўпрыгожваюць родны край.

–  Падкрэсліце галоўныя члены сказа.

–  Вызначце і падкрэсліце хвалістай лініяй прыметнікі.

–  Абазначце лік, род прыметнікаў.

 (Ацэнка выканання задання)

 

     5 Фізкультхвілінка для вачэй. 

     (Дзеці паўтараюць рухі за настаўнікам)

 

     6 Спалучэнне прыметніка з назоўнікам. 

     6.1 Па курсе нашага падарожжа – Ручай Сяброўства, які знаходзіцца ў Ясеневым Гаі. Як сябруе бераг ручая з вадою, так сябруе прыметнік з якой часцінай мовы? (З назоўнікам).

– Вось вам наступнае заданне. Уважліва прачытайце. Далучыце прыметнікі да назоўнікаў. Запішыце спалучэнні слоў, дапісваючы патрэбныя канчаткі прыметнікаў. (Слайд 8)

               1 варыянт                                        2 варыянт     

              ціх..  ранак                                  зімов..   адзенне

                раніца                                            вопратка

              світанне                                        касцюм

               вечары                                           боты

– Вызначце род і лік прыметнікаў.

– Назавіце блізкія па значэнні словы.

     6.2 А яшчэ ў Ясеневым Гаі размешчана знакамітая Святая крыніца, пра якую вы хочаце нешта паведаміць нашым гасцям. 

      (Паведамленне вучаніцы)

 

     7 Скланенне прыметнікаў.

– Мы з вамі спыняемся ў Горадзе Скланення. Нам трэба даведацца, што такое скланенне. Інфармацыю пра гэта вы знойдзеце на с. 5 нашага вучэбнага дапаможніка.

     7.1 Работа над правілам на с.5.

     7.2 Работа над табліцай практ. 4, с. 5.

 

     8 Фізкультхвілінка. 

– Дзеці, мы чамусьці апынуліся каля нашага мясцовага Дома культуры. Як вы думаеце, чаму? (Каб адпачыць.)

      (Дзеці выконваюць танцавальныя рухі пад музыку)

     9 Этап праверкі разумення вывучанага.

     9.1 Работа па варыянтах.  

– Як вы памятаеце, мы з вамі знаходзімся ў Горадзе Скланення. Адна палова яго жыхароў жыве на вуліцы Жаночай, а другая на вуліцы Мужчынскай. Вось і палова нашага экіпажа зменіць па склонавых патаннях словазлучэнне родная вёска, а другая зменіць словазлучэнне родны брат. У дапамогу вам – памятка.

     Памятка “Як вызначыць склон прыметніка”

1) знайсці назоўнік, з якім звязаны прыметнік;

2) вызначыць склон назоўніка;

3) ад назоўніка паставіць пытанне да прыметніка і па склоне назоўніка вызначыць склон прыметніка.

(Ацэнка выканання задання)

     9.2 Работа ў пары. (Слайд 9)

Дапішыце канчаткі прыметнікаў, вызначце іх склон.

Патрапіўся на дарозе маленьк…… Паўліку снапок лёну. Снапок быў важкі, з буйн…… галоўкамі. Пашкадаваў хлопчык чалавеч….. працу. Узяў ён снапок і аднёс дадому. Зімой успомніў Паўлік пра  леташн….. знаходку. Дастаў ён лёгк…. снапок і паставіў у заснежан… садзе. Раніцай прыляцелі галодн… птушкі і паласаваліся смачн… насеннем.        

(Ацэнка выканання  задання)

 

     10 Этап замацаваня вывучанага.

Самастойная работа. 

– Дзеці! Нашай машыне пагражае небяспека. Наперадзе – непазнаныя аб’екты! Каб пазбегнуць сутыкнення, вам неабходна выканаць заданне пэўнай цяжкасці. Я ведаю, што ў вас усё атрымаецца. Поспехаў!

     *Дапоўніце тэкст прыметнікамі.

Грэе ………. сонца. Зямля адтала. Пабеглі ………. ручайкі. Расцвілі ………. кветкі. Высока ў небе заліваецца ………. жаваранак.

     **Запішыце прыметнікі ў патрэбным склоне. Вызначце іх канчаткі, склон.

Гаспадар быў рады (дарагі) ____________________(   ) госцю.

Я намаляваўла для мамы (яркі) __________________(   ) кветку. На (шырокі) ___________________ (    ) палях спее жыта.

            (Ацэнка выкананне задання)

 

11 Этап абагульнення. 

– Малайцы! У вас атрымалася абмінуць рыф. Заўважце, што наша машына часу ўзяла курс дадому. Каб зваротны шлях прайшоў хутчэй, нам трэба выканаць невялікі тэст. 

     Тэст (Слайд 10)

1 Прыметнік абазначае:

     а) прымету дзеяння;
     б) прымету прадмета.

2 У сказе прыметнік заўсёды звязаны:

     а) з дзеясловам;
     б) з назоўнікам.

3 Прыметнік мае род:

     а) у адзіночным ліку;
     б) у множным ліку.

4 Прыметнік змяняецца:

     а) па ліках;
     б) па часах.

5 У сказе прыметнік з’яўляецца:

     а) даданым членам сказа;
     б) галоўным членам сказа.

6 Склон прыметніка ў сказе вызначаюць па склону:

     а) займенніка;
     б) назоўніка. 

 (Ацэнка выканання задання)

 

     12 Этап інфармацыі пра дамашняе заданне.

– Прыйшоў час запісаць д/з. Знайдзіце на с. 7 практыкаванне 8. Прачытайце, ці ўсё вам зразумела? Пры вызначэнні склону прыметнікаў выкарыстоўвайце памяткі. Хто хоча выканаць дадатковае заданне вазьміце сабе карткі.

 

     13 Этап падвядзення вынікаў ўрока.

– А нам неабходна падвесці вынікі нашага ўрока. Над якой тэмай мы працавалі?

– Ці змаглі выканаць пастаўленыя задачы?

– Ці ўсё вам было зразумела?

– Што такое скланенне?

– Над чым трэба яшчэ папрацаваць?

– Як бы вы ацанілі сваю работу на ўроку?

(Выказванні вучняў)

Выстаўленне адзнак.

 

     14 Рэфлексія.

– Што ў сённяшнім падарожжы вам найбольш запомнілася?

– Якія прыгоды вам найбольш спадабаліся?

– Дзеці, у якой краіне мы жывём?

– Дык хто мы з вамі?

Памятайце мой наказ: (Слайд 11)

                    Без мацi Беларусi,
                    без беларускай мовы
                    вы будзеце сiротамi,
                    вам стануць сцежкi вузкiмi.
                    I ў радасцi, i ў скрусе 
                   гарнiце ў сэрцы словы, 
                   расцiце беларусамi, 
                   расцiце беларускамi!       

(Рыгор Барадулін)

 

Вучыце сваю родную мову, размаўляйце на мове сваiх продкаў. 

Дзякуй за працу на ўроку. (Слайд 12)

 

УРОК.ppt

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий