- Класны кiраўнiк

Роля класнага кіраўніка ў эфектыўным узаемадзеяння школы і сям’і

 

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 6 “А” класа
сярэдняй школы № 41 Гродна

 

Задача сучаснай школы не толькі вучыць і выхоўваць, але і сацыялізаваць дзяцей, фарміраваць іх жыццёвую кампетэнтнасць і грамадзянскасць.

Самастойна справіцца з гэтай місіяй вельмі складана. Таму важным для школы з’яўляецца наладжванне эфектыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй, больш цеснага кантакту настаўнікаў і бацькоў па пытаннях выхавання. Як жа дасягнуць эфектыўнасці гэтага ўзаемаразумення? Безумоўна, праз дзейнасць класнага кіраўніка, які звязвае сям’ю і школу.

Работа класнага кіраўніка накіравана на супрацоўніцтва з бацькамі, сумеснае вывучэнне асобы дзіцяці, яго псіхафізічных асаблівасцей, выпрацоўку блізкіх патрабаванняў, арганізацыю дапамогі ў навучанні, фізічным і духоўным развіцці. Ад дзейнасці класнага кіраўніка залежыць поспех педагагічнага альянсу “сям’я + школа”.

Непасрэднае знаёмства з сям’ёй адбываецца на класных бацькоўскіх сходах. Яны эфектыўныя толькі тады, калі на іх не толькі падводзяцца вынікі паспяховасці, але разглядаюцца актуальныя педагагічныя праблемы. Галоўныя паказчыкі эфектыўнасці бацькоўскага сходу – актыўны ўдзел бацькоў, атмасфера абмеркавання пытанняў, абмен вопытам, парады і рэкамендацыі. Бацькоўскія сходы павінны быць тэматычнымі: “Адаптацыя пяцікласнікаў. Цяжкасці і шляхі іх рашэння”, “Роля зносінаў у жыцці школьніка”, “Арганізацыя бяспечнага вольнага часу дзяцей, прафілактыка супрацьпраўных паводзінаў”. “Першы раз у шосты клас” і інш.

Значным этапам у партнёрстве школы і сям’і з’яўляецца наведванне сем’яў, вывучэнне ўмоў жыцця і выхавання вучняў. Вельмі важна пазнаёміцца асабіста з кожнай сям’ёй, убачыць, чым яна жыве, якія ёсць праблемы, пагаварыць індывідуальна з бацькамі школьнікаў.

Класная гадзіна – форма выхаваўчай работы ў класе, якая садзейнічае фарміраванню ў вучняў правільнай сістэмы адносінаў да грамадства. Арганізацыя класнай гадзіны – нялёгкая і вельмі адказная справа. Мэтазгодна праводзіць класную гадзіну на вызначаную тэму. Тады зносіны з’яўляюцца больш завершанымі і цэласнымі, эфектыўнымі і пазнавальнымі. На працягу навучальнага года праводзіцца многа класных гадзін, звязаных з сям’ёй: “Ты адна такая, любімая і родная” (да Дня маці), “Быць гаспадаром не проста” (урок камунальнай граматнасці), “Сям’я – аснова жыцця” (да Міжнароднага Дня сям’і).

Каб бацькі адчувалі сябе часткай адукацыйнага працэсу ў сценах школы, можна запрашаць іх на ўрокі. Гэта дапамагае паглядзець на дзяцей па-за межамі дома, у іншых умовах. Бацькі з радасцю наведваюць заняткі, далучаюцца да аналізу ўрока.

Бацькі заўсёды з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі школьных акцый і конкурсаў. Многія з іх гатовы дапамагчы сваім дзецям, падтрымаць іх у адказны момант. Разам яны выбіраюць школьныя прылады для акцыі “Падары радасць іншаму”, прыносяць макулатуру (акцыя “Выратуй дрэва”), майструюць кармушку для птушак на школьны дворык, навагодні домік і снегавіка для ўпрыгожвання школы, шыюць чырвоную рукавічку (акцыя “Цуды на Каляды”), прымаюць удзел у прадастаўленні інфармацыі для раённай акцыі “Белыя жураўлі”. Разам з бацькамі вучні ўдзельнічаюць і ў абласных мерапрыемствах: на старонках Інстаграма да Дня маці выкладвалі фотаздымкі пад хэштэгам #лайк_маме.

Школьныя конкурсы даюць магчымасць вучням праявіць свой талент. Актыўнай групай падтрымкі выступаюць бацькі. Штогод у сярэдняй школе № 41 Гродна праходзіць шоу “Ало, мы шукаем таленты!”. У гэтым навучальным годзе вучні 6 “А” класа спявалі, малявалі пяском, акварэллю, чыталі верш, ігралі на баяне. Свае шчаслівыя ўсмешкі яны дарылі бацькам, якія сядзелі ў зале.

У напісанні творчых работ вялікая заслуга таксама належыць бацькам. Яны першыя рэцэнзенты і карэктары. Дзякуючы сумеснай працы настаўніка, вучня і бацькоў у нашага класа ёсць дыплом Міжнароднага конкурсу “Сямейныя традыцыі” (1-е месца), дыплом абласнога конкурса “OPEN AIR ЛЕТО 2020” (3-е месца), сертыфікат удзельніка грамадзянска-патрыятычнага марафона “Гэта трэба – не мёртвым! Гэта трэба – жывым!”.

Шосты школьны дзень – субота – важная частка адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Работа ў гэты дзень тыдня праводзіцца з улікам інтарэсаў дзяцей і напрамкаў выхавання, каб кожны вучань знайшоў сябе. Субота служыць для сумесных сустрэч на прыродзе, для паездак на экскурсіі. Пры непасрэдным удзеле бацькоў наш клас здзейсніў экскурсію ў Навагрудак на фестываль “Меч караля”, у мінскі цырк на шоу “Водная феерыя”, наведаў музей “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”, схадзіў у турыстычны паход.

Адна з мэт выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень – гэта ўмацаванне фізічнага здароўя. Дні здароўя, спартыўныя конкурсы “Моцныя, смелыя, спрытныя і ўмелыя”, “Зімовыя старты”, гульня “Два капітана” праходзяць у нашым класе як сямейныя святы.

Суботнія бацькоўскія кансультацыі спрыяюць наладжванню ўзаемапаразумення паміж дзецьмі і бацькамі, настаўнікамі і бацькамі. Трэнінгі з удзелам псіхолага дапамагаюць рашэнню канфліктаў, пазнанню саміх сябе і сваіх дзяцей.

Самай яркай падзеяй стала класнае навагодняе мерапрыемства “Падарожжа па навагодняй планеце” з удзелам бацькоў. Святочная сустрэча стала карыснай для ўсіх: дзеці змаглі парадаваць сваіх матуль і тат, прадэманстравалі свае таленты ў спевах, танцах, ігры на акардэоне, а бацькі знайшлі час для сваіх дзяцей, правялі хвіліны разам. Сапраўды, агульная справа робіць шчаслівымі тых, хто прымае ў ёй ўдзел.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй неабходна знаходзіць новыя шляхі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Актыўны ўдзел бацькоў класа падказаў ідэю арганізацыі анлайн-марафона “Канікулы з карысцю” і анлайн-квеста “Сямейныя канікулы – разам!”. Кожны дзень удзельнікі марафона “Канікулы з карысцю” атрымлівалі заданне. Задача – выканаць яго і выслаць фотаздымак (або падзяліцца сваімі ўражаннямі) у групу класа ў вайберы.

Дзень 1 – Віртуальная экскурсія ў Эрмітаж.
Дзень 2 – Фотасесія “Мой пакой”.
Дзень 3 – Анлайн-студыя малявання “Падарунак ад феі”.
Дзень 4 – Анлайн-рэклама “Я чытаю…”
Дзень 5 – Творчая майстэрня “Маё хобі”.
Дзень 6 – Майстар-клас “Школа маленькіх памочнікаў”.
Дзень 7 – Акцыя “Добрая справа”.

Самыя актыўныя вучні атрымалі граматы і падарункі. Па выніках марафона быў створаны відэаролік.

 

Анлайн-квест “Сямейныя канікулы – разам!” меў на ўвазе ўдзел усіх членаў сям’і. Цікавыя заданні можна было выконваць на працягу цэлага дня:

Дзень 1 – Зрабіць сэлфі і арыгінальна падпісаць фотаздымак.
Дзень 2 – Запісаць відэаролік пра сваю сям’ю.
Дзень 3 – Правесці час разам з роднымі за цікавым заняткам. Расказаць пра гэта ў пісьме.
Дзень 4 – Дапамагчы маме і тату. Зрабіць фотаздымак добрай справы.
Дзень 5 – Падрыхтаваць сюрпрыз для сваіх родных.
Дзень 6 – Прыгатаваць сумесную справу.
Дзень 7 – Расказаць у відэароліку вясёлую гісторыю, якая здарылася з сям’ёй.

Вынікі квеста паказалі, што бацькі і дзеці з радасцю праводзяць час разам, імкнуцца быць арыгінальнымі і творчымі. Квест сваімі заданнямі аб’яднаў многія сем’і.

 “Даследчык дзіцячых сэрцаў” Леў Касіль адзначыў: “Сям’я і школа – гэта бераг і мора. На беразе дзіця робіць свае першыя крокі, а потым перад ім адкрываецца неабсяжнае мора ведаў, і курс у гэтым моры пракладвае школа… Але гэта не значыць, што яно павінна зусім адарвацца ад берага…” Сапраўды, сумленная работа і добразычлівыя адносіны паміж сям’ёй і школай абавязкова дадуць станоўчыя вынікі, прынясуць карысць і прывядуць да агульнага поспеху.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий