Алена ЧАРНУШЭВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
Аюцавіцкай базавай школы
Карэліцкага раёна
На сваіх уроках я шырока выкарыстоўваю гексаганальную тэхналогію. Яна павышае цікавасць да навучання, актывізуе ўзаемадзеянне вучняў на ўроках, а таксама спрыяе развіццю звязнага вуснага маўлення, фарміраванню метапрадметных уменняў.
Шасцівугольныя карткі (гексы) утрымліваюць асноўныя паняцці па тэме. Вучні, атрымоўваючы карткі, будуюць ланцужкі па вывучанай тэме. У ходзе сумеснай работы школьнікі вучацца аналізаваць інфармацыю, класіфікаваць паняцці, развіваюць камунікатыўныя навыкі. Прапаную дзецям як гатовыя карткі, так і пустыя шаблоны, якія яны на працягу ўрока запаўняюць самі.
Выкарыстоўваю гексы як пры ўвядзенні ў новую тэму, так і пры замацаванні. Так, на ўроках беларускай мовы пры замацаванні ведаў пра склоны назоўнікаў раздаю дзецям гексы і прашу вызначыць склон прапанаванага назоўніка. Пры вывучэнні новага матэрыялу пры пабудове ланцужкоў уводжу новае паняцце.
На ўроках літаратурнага чытання дзеці з дапамогай гексаў складаюць характарыстыку героя, вучацца аналізаваць яго ўчынкі. Школьнікі працуюць з гексамі як калектыўна, так і індывідуальна.
Я заўважыла, што прымяненне гексаў на ўроках дапамагае вучням трывала засвоіць вучэбны матэрыял.