Ірына АШАРЧУК,
настаўнік англійскай мовы
гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа
Выкананне заданняў на словаўтварэнне – адзін са складальнікаў вывучэння англійскай мовы. У тым ліку гэта неабходна для здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паспяховага выканання алімпіядных работ.
Ужо на І ступені адукацыі (3–4 класы) мы сутыкаемся з элементарным словаўтварэннем лічэбніка (суфіксы -teen, -ty, -th) і назоўніка (суфіксы -or, -er). У гэты чыс мы закладваем асновы словаўтваральных навыкаў вучняў.
Пачынаючы з 5-га класа алімпіядныя заданні маюць у сваім складзе і заданні на словаўтварэнне, што часам выклікае цяжкасці ў дзяцей. Каб пазбегнуць гэтых цяжкасцей, менавіта ў 5-м класе мы з вучнямі заводзім спецыяльны сшытак або частку сшытка – слоўніка для запісу аднакаранёвых слоў. На старонцы сшытка– чатыры слупкі: Verb, Noun, Adjective, Translation. Вучні запаўняюць гэты сшытак па меры вывучэння актыўнай лексікі пэўнага раздзела, дапаўняючы кожны слупок па магчымасці.
Для работы над словаўтварэннем выкарыстоўваю адпаведныя заданні з такіх падручнікаў, як Destination B1 – з вучнямі 5–8 класаў, Destination B2 – з вучнямі 9–11 класаў, Destination C1-С2 – для падрыхтоўкі вучняў 10–11 класаў да алімпіяды.
У 9-м класе пры рабоце над словаўтварэннем выбарачна прымяняю заданні са зборнікаў цэнтралізаванага тэсціравання мінулых гадоў. Яны падбіраюцца адпаведна тэме раздзела, які вывучаецца.
У 10–11 класах асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання. З гэтай мэтай прапаную спецыяльна створаныя прэзентацыі з дэталёвым вывучэннем, разборам і прыкладамі. Эфектыўным з’яўляецца факультатыўны комплекс “Лексіка-граматычны практыкум”. Спачатку працуем над тэорыяй: вывучаем правілы, падрабязна разглядаем прыклады і выключэнні. Далей вучні самастойна выконваюць заданні адпаведнага раздзела з далейшай праверкай вынікаў на камп’ютары, выяўленнем памылак і іх выпраўленнем.
Выніковымі, на мой погляд, з’яўляюцца словаўтваральныя дыктоўкі. Сутнасць іх у тым, што вучні пад дыктоўку запісваюць словы, пэўныя часціны мовы, ад якіх яны павінны ўтварыць як мага больш іншых слоў, адзначыўшы ў дужках, да якой часціны мовы адносяцца ўтвораныя словы.
Пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і здачы цэнтралізаванага тэсціравання актыўна выкарыстоўваю падручнікі Т.В.Пархамовіч, С.Н.Шыдлоўскай.
Каб зрабіць вывучэнне словаўтварэння больш цікавым і займальным, прапаную вучням разнастайныя гульні на словаўтварэнне. Шмат карыснай інфармацыі для гэтага можна знайсці на сайтах: https://tefltastic.wordpress.com/worksheets/vocabulary/word-formation/, https://wordwall.net/ru/community/word-formation.
Трэба адзначыць, што плённая спланаваная сістэмная работа над словаўтварэннем дазваляе не толькі фарміраваць, развіваць і ўдасканальваць словаўтваральныя навыкі вучняў, але і садзейнічае ўзбагачэнню іх лексічнага запаса. А чым большай колькасцю слоў валодае вучань, тым больш упэўнена ён адчувае сябе ў іншамоўным асяроддзі.