У Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна адкрыта навагодняя пошта, дзякуючы якой кожны школьнік можа павіншаваць сапраўднай папяровай паштоўкай сваіх сяброў і атрымаць такую ж паштоўку сам.
Мастацтва напісання лістоў сёння практычна забыта. Віншаванні ператварыліся ў віртуальныя паштоўкі з “паздраўкамі” і веерную СМС-рассылку з адным і тым жа тэкстам, кімсьці складзеным.
Раней многія адпраўлялі віншавальныя паштоўкі і лісты па пошце сваім родным і блізкім. Паштоўка прыходзіла заўсёды напярэдадні свята і была прадвеснікам доўгачаканага навагодняга цуда. Але ў стагоддзе электроннай пошты і сучасных тэхналогій нам стала не хапаць менавіта такіх простых рэчаў – сапраўдных папяровых паштовак і душэўных лістоў.
Для таго каб адрадзіць гэтую выдатную навагоднюю традыцыю, у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” і была арганізавана ў нас акцыя “Навагодняя пошта”, каб усе дзеці маглі напярэдадні свята адправіць і атрымаць паштоўку з цёплымі пажаданнямі, адчуць асаблівую і трошачкі чароўную атмасферу. Падрыхтоўкай гэтай акцыі займаліся актывісты БРПА нашай школы. Навучэнцы святочна аформілі скрыню для віншавальных паштовак і аб’явілі пра старт акцыі. Мы спадзяемся, што напярэдадні свята здолеем разам з навагодняй паштоўкай падарыць адно аднаму часцінку шчасця і чараўніцтва.
Анастасія РАГОЙЖА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна