Новы год – самае яркае свята. Сотні агнёў запальваюцца на вуліцах горада, у вокнах дамоў і розных будынкаў. Ужо традыцыйным для многіх арганізацый стаў удзел у конкурсе на лепшае ўпрыгожванне да Новага года.
Рашэннем упраўлення адукацыі Смаргонскага выканаўчага камітэта сярэдняя школа № 1 Смаргоні ўзнагароджана граматай за ІІІ месца ў аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне ўстаноў адукацыі.
Журы адзначыла арыгінальнасць ідэі і маштабнасць навагодняга афармлення, выкарыстанне самастойна вырабленых кампазіцый, закончанасць сюжэту, а таксама светлавое афармленне ў цёмны час сутак. Высока ацанілі члены журы і размяшчэнне элементаў святочнага афармлення на школьнай тэрыторыі.
Уваходзіш у школу – і быццам трапляеш на полюс, дзе цябе сустракаюць пацешныя пінгвіны. Дзед Мароз ужо прайшоўся па школе і ўсюды развесіў навагоднія боцікі для падарункаў. Калядныя ёлачныя кампазіцыі ўпрыгожылі падваконнікі, а яркія шары і званочкі, падвешаныя на нябачных нітачках, нібы параць у паветры, ствараючы чароўную атмасферу і святочны настрой. І вядома ж, у цэнтры гэтай навагодняй казкі – прыгажуня-ёлка – галоўны атрыбут зімовых свят.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні