Піянерская дружына імя Лізаветы Чагінай Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы прыняла актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”.
Усе людзі мараць пра чараўніцтва. Асабліва мы чакаем яго напярэдадні Каляд і навагодніх свят. Нават стаўшы дарослымі, мы з любоўю ўспамінаем мінулае: за акном снегапад, мама з раніцы топіць печ. Трашчаць дровы, паскрыпваюць дзверы, а па ўсім доме разносіцца неверагодны водар любімых смачных страў. Тата ўжо прынёс зялёную пушыстую ёлку, якая пахне лясным зімовым паветрам. Хутка на ёй з’явіцца вялікая зорка, цацкі, агеньчыкі, і, вядома ж, пад ёлачкай будуць доўгачаканыя падарункі ад Дзеда Мароза.
Але, на жаль, ёсць дзеці, якія не мелі шчасця адчуць бацькоўскае цяпло і акунуцца ў чараўніцтва Новага года. Менавіта такія дзеці больш за ўсё маюць патрэбу ва ўвазе. Для іх арганізавана вялікае дабрачыннае мерапрыемства –рэспубліканская акцыя “Цуды на Каляды”.
У рамках акцыі наша піянерская дружына падрыхтавала падарункі дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях: выхаванцам дзіцячых дамоў, прытулкаў, школ-інтэрнатаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей, якія знаходзяцца ў бальніцах. Былі сабраны разнастайныя цацкі, канцтавары, калядныя сувеніры. Хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі ў падарунак таксама і кандытарскія вырабы. Талісманам акцыі традыцыйна стала чырвоная рукавічка. Навучэнцы сумесна з педагогамі вырабілі чырвоныя пакеты з тканіны ў форме ўсімі любімых прысмакаў – цукеркі, упрыгожылі вышыўкай – белымі сняжынкамі, а таксама змайстравалі з фоамірану маленькія бліскучыя навагоднія рукавічкі.
Дзеці ў трапяткім хваляванні складвалі сабраныя падарункі ў пакеты, спадзеючыся, што яны прынясуць радасць і выклікаюць шчаслівую ўсмешку іх атрымальнікаў, а можа нават і выканаюць чыю-небудзь маленькую мару.
Ганна ІЛЮКОВІЧ,
педагог-арганізатар
Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна