У гэты складаны год, калі вакол хварэюць знаёмыя і блізкія людзі, асабліва хочацца казкі. У сярэдняй школе № 62 Гомеля існуе традыцыя: да Новага года ствараць атмасферу чараўніцтва.
Сёлета хол школы ператварыўся ў сапраўдны зімовы казачна-снежны лес. У ім ёсць лёгкая карункавая ёлка, якая быццам парыць у паветры. Над ёй працавалі дзеці 2 “Б”, 3 “А” і 4 “А” класаў.
А што за зіма без снега?Дарослыя кажуць, што снег – змёрзлая вада, але дзеці ведаюць лепш: сняжынкі – гэта маленькія зоркі з чароўным густам Новага года. Кожная ялінка зацярушана снегам, і няма аднолькавых ёлак. Да Новага года вучні 1 “А”, 2 “Б”, 3 “А” і 4 “А” класаў зрабілі велізарную колькасць падарункаў, якімі ўпрыгожылі ўсе падваконнікі хола. Не забыліся і пра ўрачоў, якія часта коштам свайго здароўя дапамагаюць хворым людзям. Ва ўсе медустановы Гомеля было разаслана віртуальнае віншаванне СА святам.
У шумнай пераднавагодняй мітусні жадаем усім не забыцца, што зіма–гэта чараўніцтва, гэта казка, у якой мы галоўныя героі. Няхай наша жыццё будзе такім жа казачным, як зіма: чыстым і пяшчотным!
Наталля РЫБАК,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 62 Гомеля