У Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна кожны год праходзіць традыцыйная выстава вырабаў да Новага года. І кожны раз можна толькі здзіўляцца фантазіі і ўменню ўдзельнікаў. У гэтым годзе падрыхтавалі выставу “Навагодняя пошта”.
Віншавальная паштоўка – маленькі, але вельмі важны элемент любога свята, бо менавіта яна стварае непаўторную атмасферу ўрачыстасці, а навагодняя – асабліва, бо здольная перадаць кожнаму, хто атрымаў яе, цудоўнае адчуванне казкі, цуду і дзяцінства. Любая паштоўка можа падказаць тэму для цікавай размовы, пра паштоўкі можна прыдумляць казкі і складаць апавяданні.
Я сама люблю старыя паштоўкі і даўно іх збіраю, таму захацелася падзяліцца такім багаццем з дзецьмі спецыяльнай групы. У іх ужо ёсць некаторы вопыт у выяўленчай дзейнасці, і работа з паштоўкамі выклікала сапраўдную цікавасць. Дзеці прынялі актыўны ўдзел у зборы матэрыялу: папрасілі бацькоў і іх знаёмых. Потым мы ўсе разам рабілі выставу “Навагодняя пошта”, развешвалі па-рознаму паштоўкі, выбіралі лепшы варыянт. Як жа было цікава зноў і зноў акунацца ў гэты цудоўны свет майго дзяцінства і бачыць зацікаўленасць дзяцей да сюжэтных малюнкаў на паштоўках.
Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
выхавальнік спецыяльнай групы
Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
Навагрудскага раёна