Што такое Новы год? Хто яго прыдумаў? Для чаго патрэбны ёлачныя цацкі? Якімі яны бываюць? Адкуль пайшла традыцыя абменьвацца віншавальнымі навагоднімі паштоўкамі? Разабрацца ў гэтым дапаможа выстава-калаж “Рэтра навагодняя цацка і паштоўка маёй сям’і”, адкрытая ў школьным краязнаўчым народным музеі сярэдняй школы № 1 г.п. Рось Ваўкавыскага раёна. Работы для выставы збіралі навучэнцы і іх бацькі.
У дзень адкрыцця выставы навучэнцы былі запрошаны на інтэрактыўную экскурсію, дзе пазнаёміліся з гісторыяй навагодняй цацкі і паштоўкі. Деці ад гэтай выставы былі ў захапленні! Многія, разглядаючы ёлачныя цацкі, пачыналі ўсхвалявана ўсклікаць: “А ў мяне быў такі шарык!”, “А ў мяне захаваліся такія ж каралі на ёлку!”.
Па навагодніх паштоўках мінулага стагоддзя можна меркаваць аб тым, якія важныя падзеі адбываліся ў краіне, якія мультфільмы або прафесіі былі папулярныя.
Старыя паштоўкі да Новага года – нешта большае, чым частка гісторыі. Ад кожнай зыходзіць нейкае пачуццё дабра, непасрэднасці і чысціні, у іх ёсць асаблівае зачараванне. У стагоддзе электронных лістоў і SMS-паведамленняў павіншаваць сяброў, родных з Новым годам лепш усё ж такі паштоўкай, таму што ў ёй ёсць душа. Не выкідвайце і старыя ёлачныя цацкі, даставайце і прыбірайце сваю ёлку з дзяцінства. І няхай яна будзе самай лепшай!
В.А. СЛУЦКАЯ,
кіраўнік школьнага народнага музея
сярэдняй школы № 1 г.п. Рось
Ваўкавыскага раёна