Кажуць, пад Новы год, што ні пажадаеш, усё заўсёды адбудзецца, усё заўсёды спраўдзіцца. Гэта праверана і навучэнцамі Жлобінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Самым вялікім іх жаданнем сёлета стала сапраўдная ёлка, якая пахне лесам і смалой.
Выкананне запаветных жаданняў дзяцей – гэта магчымасць для дарослых зрабіць усё неабходнае, каб яны адчулі сябе шчаслівымі. Апошні дзень другой чвэрці навучэнцы цэнтра будуць успамінаць яшчэ доўга.
Добрая фея ў асобе Алены Холупавай – першага сакратара ГА БРСМ Жлобінскага раёна выканала жаданне дзяцей-інвалідаў. Са Жлобінскага лясгаса да навагодніх ранішнікаў яна даставіла прыгажуню-ёлку да нас у цэнтр. А разам з ёй Дзеда Мароза са Снягуркай. Імі сталі валанцёры Жлобінскага металургічнага каледжа Ягор Саладоўнікаў і Юля Капусціна.
Усе разам арганізавалі ля навагодняй ёлкі свята з песнямі, гульнямі, карагодамі і падарункамі. У сваю чаргу навучэнцы цэнтра аддзячылі гасцям вершамі і пажаданнямі здароўя, дабрабыту і шчасця.
Павіншаваць дзяцей таксама прыйшлі нашы старыя добрыя сябры. Гэта валанцёры сярэдняй школы № 12 Жлобіна з атрада “Рука дапамогі” Ксенія Лекуновіч, Арцём Петрушэнка, Юлія Коршыкава і Кацярына Якуцёнак, педагог-арганізатар Алена Ляпёшкіна.
Дапамаглі стварыць атмасферу свята і добрага настрою валанцёры Жлобінскага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання Аляксандр Антановіч, Максім Гулевіч, Ягор Сяменчыкаў, Яніна Цімахоўцава і Яніна Круцялёва, педагог-арганізатар Таццяна Дземчанка.
Падарункі перадалі навучэнцы ўсіх гэтых устаноў, якія прынялі ўдзел у штогадовай раённай акцыі “У Новы год з добрым сэрцам”. Дзеці ўдзячныя за школьныя прылады, развіваючыя гульні і цацкі, кніжкі і, вядома ж, ласункі.
Шчаслівыя твары дзяцей-інвалідаў, бляск у іх вачах – вось тое, дзеля чаго мы ўсе – педагогі, валанцёры, актывісты – працуем. Нам важна зрабіць жыццё дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі больш радасным і шчаслівым.
Галіна АЛЯКСЕЕНКА,
намеснік дырэктара Жлобінскага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі