Марына ШАВЯЛЬКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Пудаўнянскай сярэдняй школы
Дрыбінскага раёна,
Любоў ТАРАСЕНКА,
загадчык Дрыбінскага раённага ВМК,
Магілёўская вобласць
Сучасны ўрок беларускай літаратуры… Якім ён павінен быць? Вядома, цікавым, пазнавальным, незвычайным, развіваючым, выхаваўчым, захапляючым. А самае галоўнае – ён павінен прайсці для кожнага навучэнца і настаўніка як адно імгненне. Але як спланаваць такі ўрок?
Адказ на гэтае пытанне шукалі загадчык Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Васільеўна Тарасенка і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пудаўнянскай сярэдняй школы Марына Рыгораўна Шавялькова. Разам яны распрацавалі ўрок, адпаведнасць якога сучасным патрабаванням была падцверджана журы трэцяга этапу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “ Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” самым высокім балам (115,9). Гэты ўрок быў праведзены ў рамках конкурсу ў незнаёмым класе Магілёва.
Клас: VIII
Тэма. “На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”.Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”
Мэта: фарміраванне паняцця “ліра-эпічныя жанры”.
Задачы: стварыць умовы для разумення ідэйна-мастацкага зместу паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”, параўнаць яе з народным паданнем пра Магілёў, уключыць вучняў у дзейнасць па засваенні сюжэта твора; развіць навыкі выразнага чытання мастацкага твора і культуру вуснага маўлення, уменні пацверджваць уласную думку радкамі з твора; выхаваць пачуццё павагі да творчасці Я.Купалы.
Тып: вывучэнне новага матэрыялу.
Форма: урок-даследаванне.
Плануемы вынік: напрыканцы ўрока вучні будуць
– ведаць: жанравыя асаблівасці, сюжэт і кампазіцыю твора;
– разумець: ідэйна-мастацкі змест паэмы, аўтарскую пазіцыю і на гэтай аснове навучацца выразна чытаць твор.
Асноўны метад: праблемна-пошукавы.
Абсталяванне: Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 8-га кл. / М.А.Лазарук [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2018.; мультымедыйная ўстаноўка, карткі, ілюстрацыі.
Ход урока
I Арганізацыйна-псіхалагічны этап (1 хвіліна).
– Прывітанне, пакуль што незнаёмыя для мяне вучні. Сэрцам адчуваю вашу цеплыню. А вашы ўсмешкі… такія добрыя, лагодныя. Яны нікога не могуць пакінуць абыякавымі. А значыць, мне пашчасціла сёння правесці ўрок у вашым класе. Я – Марына Рыгораўна. Працую настаўніцай у Пудаўнянскай сярэдняй школе Дрыбінскага раёна. А вы – вучні такога прыгожага горада, горада Магілёва.
II Актуалізацыя апорных ведаў (2 хвіліны).
– Звярніце ўвагу на слайд. (Слайд 1).
– Што вы заўважылі?
– Чаму на экране з’явіўся менавіта ён? (Леў – гэта сімвал горада. Таму што існуе паданне пра ўзнікненне горада Магілёва.)
III Тэмавызначэнне (1 хвіліна).
– Паспрабуйце агучыць тэму ўрока. (“На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”. Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”.)
(На дошку вывешваецца ліст з назвай тэмы.)
IV Мэтавызначэнне (2 хвіліны).
– Што кожны з вас будзе ведаць напрыканцы ўрока?
(На дошку вывешваецца ліст “Я буду ведаць… Я буду умець…”)
Я буду ведаць… (сюжэт паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”; паняцце “ліра-эпічныя жанры”).
– Што кожны з вас будзе ўмець?
Я буду ўмець… (параўноўваць паэму з народным паданнем пра Магілёў; аналізаваць твор, выразна чытаць).
V Вывучэнне новага матэрыялу (6 хвілін).
1) (На дошку вешаю лісты з назвамі раздзелаў “Голасам душы і сэрца. Павольная плынь аповеду”, “Дзвюх плыняў вольнае зліццё”).
Лісты “Голасам душы і сэрца. Павольная плынь аповеду”
– З якім жанрамі вы пазнаёміліся ў гэтых раздзелах? (Лірыка і эпас.)
(На дошцы размяшчаю лісты з гэтымі словамі.)
– Яны існуюць самастойна. Накладзіце адзін на адзін. Што атрымалася? (Ліра-эпічныя жанры.)
Ліст “Дзвюх плыняў вольнае зліццё”
2) – Адкрыйце падручнік на 213 старонцы. Прачытайце пра ліра-эпічныя жанры самастойна. Размясціце клічнікі ў падручніку на момантах, якія вас зацікавілі. (Карыстаюцца клічнікамі, якія пакладзены на партах настаўнікам для кожнага вучня).
– Агучце моманты, якія вас зацікавілі. Абгрунтуйце свой адказ.
Лірыка. Эмоцыі, перажыванні. Словам “Лірыкос” старажытныя грэкі называлі вершы, якія чыталіся пад акампанемент ліры. У лірычных творах няма сюжэта. Твор пішацца ў форме маналогу. Невялікі па аб’ёме. Лірыка падзяляецца на філасофскую, грамадзянскую, пейзажную, інтымную.
– Якія творы адносяцца да лірычных? (Прыводзяць прыклады.)
Эпас. Знаёміць нас са знешнім светам праз падзеі, вучыць бачыць і разумець розныя чалавечыя характары ў дзеянні. (Прыводзяць прыклады.) Якія творы адносяцца да эпічных?
Ліра-эпічныя творы. Творы, у якіх існуюць лірычны і эпічны спосабы адлюстравання жыцця і маюць аднолькава важнае значэнне. Гэта вершаваныя па форме творы, у прыватнасці паэма і балада. (Прыводзяць прыклады.)
– А які твор вы чыталі дома? (“Магіла льва” Янкі Купалы.)
– Выкажыце свае ўражанні (2 хвіліны).
3) А зараз “Хвіліна разважання” (5 хвілін).
(Адзін вучань падыходзіць да стала настаўніка, бярэ картку, зачытвае ўрывак, выказвае сваю думку. Iдзе сумеснае абмеркаванне).
Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку IV Былі з сабою адналеткі,
|
Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку VII Машэку йкраз чарга папала. |
Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку Х Тады-сяды стаў заглядаці (бацькі супраць, але Наталька ўсё роўна пайшла жыць да пана) |
Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку XVII Спазнаўшы панскія раскошы, (пажыўшы ў багацці, не захацела іншага) |
Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку XIX Машэкі імем сталі маткі |
4) Фізкультхвілінка (1 хвіліна). (Пад музыку “Спадчына” выконваюцца музычныя рухі).
5) Праца ў парах ( 5 хвілін).
– Выпішыце станоўчыя і адмоўныя падзеі (цытаты) з твора ў табліцу.
Станоўчыя | Адмоўныя |
Праверка з дапаўненнем і абмеркаваннем.
6) (На дошцы ў хаатычным парадку змешчаны ілюстрацыі да твора.)
– Разгледзьце ілюстарцыі.
– Знайдзіце радкі з твора да кожнай ілюстрацыі (4 хвіліны, ілюстрацыі 1–4). (Зачытваюць услых).
– Размясціце ілюстрацыі ў храналагічным парадку (1 хвіліна).
7) “Хвіліна адкрыцця” (У кожнага на парце ліст паперы, у якім вучні будуць запісваць моманты з твора, на якія звярнулі ўвагу) ( 5 хвілін).
– Паслухайце паданні пра Магілёў.
– Адзначце месцы, на якія вы звярнулі ўвагу.
1 | 2 | 3 |
(Гучыць аўдыязапіс).
Паданні пра Магілёў
Пра заснаванне Магілёва і яго назву існуе шмат цікавых легенд і паданняў. Найбольш пашыраная — пра асілка-разбойніка Машэку, які ў далёкай мінуўшчыне гаспадарыў у навакольных дрымучых лясах. Шмат ён бяды чыніў людзям, пакуль не загінуў ад рукі каханай дзяўчыны, ад якой так і не дачакаўся ўзаемнасці. Вялікі курган, насыпаны на магіле разбойніка, людзі назвалі Магілаю Льва. Потым заснавалі паблізу паселішча і далі яму назву Магілёў.
Некаторыя гісторыкі звязваюць назву горада над Дняпром з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў на гары ў 1267 годзе драўляны палац у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага). 3 гэтага ж года Магілёў упершыню ўпамінаецца і ў старадаўніх пісьмовых крыніцах.
Народнае паданне звязвае назву горада з імём асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле “Запісак ігумена Арэста”, у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка.
Вусная праверка выкананага задання па праслуханых паданнях.
8) Тэставая работа на лістах (4 хвіліны).
1 Да ліра-эпічных твораў належаць:
а) песня;
б) паэма;
в) балада;
г) прытча;
д) байка.
2 “Магіла льва” – гэта паэма:
а) лірычна-іранічная;
б) ліра-эпічная;
в) эпічна-сатырычная;
г) гераічная;
д) драматычная.
3 Твор складаецца:
а) з 10 раздзелаў;
б) з 23 раздзелаў;
в) з 12 раздзелаў;
г) з 16 раздзелаў;
д) з 20 раздзелаў.
4 Наталька ў паэме:
а) забіла соннага Машэку, прынесла гэтую вестку ў вёску; імкнецца да матэрыяльнага дабрабыту;
б) дзіця сяла і грамады; стала каханкай баярына па добрай волі; забывае сорам, зракаецца родных і блізкіх;
в) была найпрыгажэйшай сярод вясковых дзяўчат.
5 Аўтар параўноўвае Машэку ў паэме з:
а) зубрам;
б) зайцам;
в) арлом;
г) ваўкалакам;
д) мядзведзем.
Самаправерка. (У вучняў на лістах адказы. Кожны правярае сам сябе.)
– Падыміце рукі, хто выканаў без памылак.
– Хто дапусціў адну памылку?
– Хто дапусціў дзве памылкі?
VI Падвядзенне вынікаў (1 хвіліна).
– Назавіце тэму ўрока (“На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”. Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”.)
VII Рэфлексія (2 хвіліны).
– Што кожны з вас ведае?
– Што кожны з вас умее?
VIII Дамашняе заданне (1 хвіліна).
– Скласці цытатны план да падрабязнага пераказу паэмы або падрыхтаваць ілюстрацыі вобразаў-персанажаў да твора.
IX Выстаўленне адзнак. Каменціраванне. Вусная ацэнка класа (2 хвіліны).
– Як прыемна ўсведамляць, што ў мяне стала яшчэ больш знаёмых вучняў. Вельмі прыемна было з вамі працаваць на працягу такіх кароткіх 45 хвілін. Цяпер ужо мае знаёмыя вучні, я жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў, усяго найлепшага.