“На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”. Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”. Урок беларускай літаратуры ў 8-м класе

- 21:39Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

Марына ШАВЯЛЬКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Пудаўнянскай сярэдняй школы
Дрыбінскага раёна,
Любоў ТАРАСЕНКА,
загадчык Дрыбінскага раённага ВМК,
Магілёўская вобласць

 

 

Сучасны ўрок беларускай літаратуры… Якім ён павінен быць? Вядома, цікавым, пазнавальным, незвычайным, развіваючым, выхаваўчым, захапляючым. А самае галоўнае – ён павінен прайсці для кожнага навучэнца і настаўніка як адно імгненне. Але як спланаваць такі ўрок?

Адказ на гэтае пытанне шукалі загадчык Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Васільеўна Тарасенка і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пудаўнянскай сярэдняй школы Марына Рыгораўна Шавялькова. Разам яны распрацавалі ўрок, адпаведнасць якога сучасным патрабаванням была падцверджана журы трэцяга этапу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “ Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” самым высокім балам (115,9). Гэты ўрок быў праведзены ў рамках конкурсу ў незнаёмым класе Магілёва.

 

Клас: VIII

Тэма. “На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”.Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”

Мэта: фарміраванне паняцця “ліра-эпічныя жанры”.

Задачы: стварыць умовы для разумення ідэйна-мастацкага зместу паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”, параўнаць яе з народным паданнем пра Магілёў, уключыць вучняў у дзейнасць па засваенні сюжэта твора; развіць навыкі выразнага чытання мастацкага твора і культуру вуснага маўлення, уменні пацверджваць уласную думку радкамі з твора; выхаваць пачуццё павагі да творчасці Я.Купалы.

Тып: вывучэнне новага матэрыялу.

Форма: урок-даследаванне.

Плануемы вынік: напрыканцы ўрока вучні будуць

     – ведаць: жанравыя асаблівасці, сюжэт і кампазіцыю твора;

     – разумець: ідэйна-мастацкі змест паэмы, аўтарскую пазіцыю і на гэтай аснове навучацца выразна чытаць твор.

Асноўны метад: праблемна-пошукавы.

Абсталяванне: Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 8-га кл. / М.А.Лазарук [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2018.; мультымедыйная ўстаноўка, карткі, ілюстрацыі.

 

Ход урока

I Арганізацыйна-псіхалагічны этап (1 хвіліна).

– Прывітанне, пакуль што незнаёмыя для мяне вучні. Сэрцам адчуваю вашу цеплыню. А вашы ўсмешкі… такія добрыя, лагодныя. Яны нікога не могуць пакінуць абыякавымі. А значыць, мне пашчасціла сёння правесці ўрок у вашым класе. Я – Марына Рыгораўна. Працую настаўніцай у Пудаўнянскай сярэдняй школе Дрыбінскага раёна. А вы – вучні такога прыгожага горада, горада Магілёва.

 

II Актуалізацыя апорных ведаў (2 хвіліны).

– Звярніце ўвагу на слайд. (Слайд 1).
– Што вы заўважылі?
– Чаму на экране з’явіўся менавіта ён? (Леў – гэта сімвал горада. Таму што існуе паданне пра ўзнікненне горада Магілёва.)

III Тэмавызначэнне (1 хвіліна).

– Паспрабуйце агучыць тэму ўрока. (“На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”. Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”.)

(На дошку вывешваецца ліст з назвай тэмы.)

 

IV Мэтавызначэнне (2 хвіліны).

– Што кожны з вас будзе ведаць напрыканцы ўрока?

(На дошку вывешваецца ліст “Я буду ведаць… Я буду умець…”)

Я буду ведаць… (сюжэт паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”; паняцце “ліра-эпічныя жанры”).

– Што кожны з вас будзе ўмець?

Я буду ўмець… (параўноўваць паэму з народным паданнем пра Магілёў; аналізаваць твор, выразна чытаць).

 

V Вывучэнне новага матэрыялу (6 хвілін).

     1) (На дошку вешаю лісты з назвамі раздзелаў “Голасам душы і сэрца. Павольная плынь аповеду”, “Дзвюх плыняў вольнае зліццё”).

Лісты “Голасам душы і сэрца. Павольная плынь аповеду”

– З якім жанрамі вы пазнаёміліся ў гэтых раздзелах? (Лірыка і эпас.)

(На дошцы размяшчаю лісты з гэтымі словамі.)

– Яны існуюць самастойна. Накладзіце адзін на адзін. Што атрымалася? (Ліра-эпічныя жанры.)

Ліст “Дзвюх плыняў вольнае зліццё”

 

     2) – Адкрыйце падручнік на 213 старонцы. Прачытайце пра ліра-эпічныя жанры самастойна. Размясціце клічнікі ў падручніку на момантах, якія вас зацікавілі. (Карыстаюцца клічнікамі, якія пакладзены на партах настаўнікам для кожнага вучня).

– Агучце моманты, якія вас зацікавілі. Абгрунтуйце свой адказ.

Лірыка. Эмоцыі, перажыванні. Словам “Лірыкос” старажытныя грэкі называлі вершы, якія чыталіся пад акампанемент ліры. У лірычных творах няма сюжэта. Твор пішацца ў форме маналогу. Невялікі па аб’ёме. Лірыка падзяляецца на філасофскую, грамадзянскую, пейзажную, інтымную.

– Якія творы адносяцца да лірычных? (Прыводзяць прыклады.)

Эпас. Знаёміць нас са знешнім светам праз падзеі, вучыць бачыць і разумець розныя чалавечыя характары ў дзеянні. (Прыводзяць прыклады.) Якія творы адносяцца да эпічных?

Ліра-эпічныя творы. Творы, у якіх існуюць лірычны і эпічны спосабы адлюстравання жыцця і маюць аднолькава важнае значэнне. Гэта вершаваныя па форме творы, у прыватнасці паэма і балада. (Прыводзяць прыклады.)

– А які твор вы чыталі дома? (“Магіла льва” Янкі Купалы.)

– Выкажыце свае ўражанні (2 хвіліны).

 

     3) А зараз “Хвіліна разважання” (5 хвілін).

(Адзін вучань  падыходзіць да стала настаўніка, бярэ картку, зачытвае ўрывак, выказвае сваю думку. Iдзе сумеснае абмеркаванне).

Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку

IV

Былі з сабою адналеткі,
На прызбе рыліся ў зямлі,
На сенажаці рвалі кветкі,
Удагонкі разам часта йшлі.
Як толькі ён яе дагоніць,
Як пёрка носіць на руках,
Смяецца, весела гамоніць,
Хоць там дзяўчыну мучыць страх.

 

Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку

VII

Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць не хацеў;
Быць можа, на яго бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,
Але Наталька ўгаварыла:
“Едзь! штось заробішь к жаніцьбе”.
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка у жальбе.

Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку

Х

Тады-сяды стаў заглядаці
Ўсё да Натальчыных акон,
Хоць і глядзелі бацька, маці
На гэта коса з першых дзён.
Пасля к сабе яе стаў клікаць.
Яна ішла за ім, як цень,
Аж пачала ўся вёска тыкаць
На дзеўку пальцамі штодзень.

(бацькі супраць, але Наталька ўсё роўна пайшла жыць да пана)

Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку

XVII

Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Не мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва, і жуды.
Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам падчас,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачах не гас.

(пажыўшы ў багацці, не захацела іншага)

Зачытайце ўслых, выкажыце сваю думку

XIX

Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, збегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.
Яго высокую магілу –
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
“Магілай Льва” народ назваў.

(шмат сілы)
 

 

    4) Фізкультхвілінка (1 хвіліна). (Пад музыку “Спадчына” выконваюцца музычныя рухі).

 

     5) Праца ў парах ( 5 хвілін).

– Выпішыце станоўчыя і адмоўныя падзеі (цытаты) з твора ў табліцу.

Станоўчыя Адмоўныя
   
   

Праверка з дапаўненнем і абмеркаваннем.

 

     6) (На дошцы ў хаатычным парадку змешчаны ілюстрацыі да твора.)

– Разгледзьце ілюстарцыі.

 Знайдзіце радкі з твора да кожнай ілюстрацыі (4 хвіліны, ілюстрацыі 1–4). (Зачытваюць услых).

– Размясціце ілюстрацыі ў храналагічным парадку (1 хвіліна).

 

     7) “Хвіліна адкрыцця” (У кожнага на парце ліст паперы, у якім вучні будуць запісваць моманты з твора, на якія звярнулі ўвагу) ( 5 хвілін).

– Паслухайце паданні пра Магілёў.  

– Адзначце месцы, на якія вы звярнулі ўвагу.

1 2 3
     

(Гучыць аўдыязапіс). 

Паданні пра Магілёў

Пра заснаванне Магілёва і яго назву існуе шмат цікавых легенд і паданняў. Найбольш пашыраная — пра асілка-разбойніка Машэку, які ў далёкай мінуўшчыне гаспадарыў у навакольных дрымучых лясах. Шмат ён бяды чыніў людзям, пакуль не загінуў ад рукі каханай дзяўчыны, ад якой так і не дачакаўся ўзаемнасці. Вялікі курган, насыпаны на магіле разбойніка, людзі назвалі Магілаю Льва. Потым заснавалі паблізу паселішча і далі яму назву Магілёў.

Некаторыя гісторыкі звязваюць назву горада над Дняпром з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў на гары ў 1267 годзе драўляны палац у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага). 3 гэтага ж года Магілёў упершыню ўпамінаецца і ў старадаўніх пісьмовых крыніцах.

Народнае паданне звязвае назву горада з імём асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле “Запісак ігумена Арэста”, у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка.

Вусная праверка выкананага задання па праслуханых паданнях.

 

     8) Тэставая работа на  лістах (4 хвіліны).

1 Да ліра-эпічных твораў належаць:

а) песня;
б) паэма;
в) балада;
г) прытча;
д) байка.

2 “Магіла льва” – гэта паэма:

а) лірычна-іранічная;
б) ліра-эпічная;
в) эпічна-сатырычная;
г) гераічная; 
д) драматычная.

3 Твор складаецца:

а) з 10 раздзелаў;
б) з 23 раздзелаў;
в) з 12 раздзелаў;
г) з 16 раздзелаў;
д) з 20 раздзелаў.

4 Наталька ў паэме:

а) забіла соннага Машэку, прынесла гэтую вестку ў вёску; імкнецца да матэрыяльнага дабрабыту;
б) дзіця сяла і грамады; стала каханкай баярына па добрай волі; забывае сорам, зракаецца родных і блізкіх;
в) была найпрыгажэйшай сярод вясковых дзяўчат.

5 Аўтар параўноўвае Машэку ў паэме з:

а) зубрам;
б) зайцам;
в) арлом;
г) ваўкалакам;
д) мядзведзем.

 

Самаправерка. (У вучняў на лістах адказы. Кожны правярае сам сябе.)

– Падыміце рукі, хто выканаў без памылак.
– Хто дапусціў адну памылку?
– Хто дапусціў дзве памылкі?

 

VI Падвядзенне вынікаў (1 хвіліна).

– Назавіце тэму ўрока (“На гэту вудачку кахання папаў Машэка…”. Сюжэт паэмы Я.Купалы “Магіла льва”.)

 

VII Рэфлексія (2 хвіліны).

– Што кожны з вас ведае?
– Што кожны з вас умее?

 

VIII Дамашняе заданне (1 хвіліна).

– Скласці цытатны план да падрабязнага пераказу паэмы або падрыхтаваць ілюстрацыі вобразаў-персанажаў да твора.

 

IX Выстаўленне адзнак. Каменціраванне. Вусная ацэнка класа (2 хвіліны).

– Як прыемна ўсведамляць, што ў мяне стала яшчэ больш знаёмых вучняў. Вельмі прыемна было з вамі працаваць на працягу такіх кароткіх 45 хвілін. Цяпер ужо мае знаёмыя вучні, я жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў, усяго найлепшага.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий