Ганна ІВАНОВА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні»,
Гродзенская вобласць
Сучасны урок гісторыі павінен быць заснаваны на дэмакратычных адносінах паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. У вучняў павінен быць выбар. Такі падыход дапамагае зацікавіць прадметам, самастойна шукаць і аналізаваць інфармацыю.
Так, у 11-м класе да ўрока-абагульнення “Асаблівасці развіцця ЗША і краін Еўропы” я прапанавала вучням гульню “Гістарычнае кафэ “Падарожжа па краінах Еўропы і ЗША”.
Вучні самастойна размеркаваліся на групы і выбралі для сваёй групы тэму – пэўную краіну.
Папярэдне мной было распрацавана “меню” з заданнямі, якое складалася з “закускі”, “галоўнай стравы”, “гарніра” і “дэсерта”. Яно і стала асновай дзейнасці на ўроку.
Меню гістарычнага кафэ
Закуска – абавязковае заданне: намаляваць малюнак-сімвал, які адлюстроўвае абраную тэму. Гэта будзе своеасаблівай візітнай карткай.
Галоўная страва – адно заданне на выбар:
1) прыдумаць і прачытаць верш;
2) стварыць сінквейн.
Гарнір – два заданні на выбар:
1) стварыць топ-10 таго, што адлюстроўвае асаблівасці і ўнікальнасць тэмы;
2) выбраць тры знакамітыя гістарычныя асобы па абранай тэмеі прыдумаць вокладку з іх выявай і загалоўкам у выданне Times Magazine;
3) выбраць аднаго палітычнага дзеяча і ўзяць у яго інтэрв’ю.
Дэсерт – адно заданне на выбар:
1) падрыхтаваць тэст для праверкі ведаў (мінімум 15 заданняў);
2) стварыць крыжаванку па тэме (мінімум 15 слоў).
Вучні самастойна выбіралі заданні ў “Меню гістарычнага кафэ”, аналізавалі дадатковую інфармацыю, сістэматызавалі яе.
На ўроку мы здзейснілі займальнае падарожжа па Францыі, Велікабрытаніі, Італіі, Германіі, Швецыі, ЗША. Вучням цікавая такая форма работы, і яны творча і крэатыўна падыходзяць да справы.
Мы з захапленнем слухалі вершы і сінквейны, смяяліся з карыкатур, выконвалі тэсты і рашалі крыжаванкі. Вельмі цікавымі і яркімі навучэнцы стварылі візітныя карткі сваіх тэм, вокладкі для Times Magazine. Асабліва эмацыянальным атрымалася інтэрв’ю, якое бралі ў Гельмута Коля – нямецкага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча.
Такім чынам, на уроку абагульнення ў форме гульні “Гістарычнае кафэ “Падарожжа па краінах Еўропы і ЗША” вучні паўтарылі і замацавалі свае веды па тэме.
Заданні даследчага характару, самастойная праца, права самастойнага выбару павышаюць пазнавальную актыўнасць і цікавасць да гісторыі, развіваюць камунікатыўныя навыкі і творчыя здольнасці вучняў.