Смак роднай мовы

- 16:32Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

 

Наталля СІДАРАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

У Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе ўжо стала традыцыйным правядзенне прадметных тыдняў. Кожны прадметнік імкнецца правесці свой тыдзень знакава. Не стаў выключэннем і тыдзень роднай мовы і літаратуры. Хочацца расказаць пра тыя формы пазакласнай работы, якія прыжыліся і прыйшліся даспадобы нашым настаўнікам і навучэнцам.

Цікавымі для вучняў сталі вершаваны флэшмоб, фотаконкурс “Сэлфі з беларускай кнігай” і ўдзел у анлайн-тэстах.

Запамінальнай стала акцыя “Маё любімае беларускае слова”: кожны вучань і настаўнік атрымаў выразаны з каляровай паперы лісточак дрэўца, напісаў сваё самае любімае беларускае слова, прымацаваў, дрэўца расквецілася прыгожымі беларускімі словамі, у выніку быў складзены ТОП-10 беларускіх слоў нашай школы, а выява дрэўца яшчэ доўгі час упрыгожвала кабінет беларускай мовы.

Новай, незвычайнай формай работы для вучняў стала правядзенне флаер-фэсту “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы…” Удзельнікі стваралі флаеры – невялікія па памеры інфарматыўныя лістоўкі, выкананыя ў яркіх фарбах, працягваючы яскравай беларускай лексікай, трапным выслоўем словы з верша Петруся Броўкі.

Даспадобы прыйшлося і правядзенне агульнашкольнага дыктанта, калі ў адзінай прасторы сабраліся дарослыя, аб’яднаныя любоўю да роднага слова, з мэтай праверыць свае веды па беларускай мове.

Палюбілася і такая форма работы, як буккросінг з беларускай кнігай “Дакраніся да роднага слова”.

Але самым чакаемым мерапрыемствам стала сустрэча з пісьменнікам. На працягу апошніх пяці гадоў ва ўстанове адукацыі пабывалі пісьменнікі-землякі Дар’я Ліс, Ала Клемянок, Таццяна Скарынкіна, а таксама іншыя: Ніна Рыбік (дзякуючы ёй і аматарскай групе артыстаў нам пашчасціла паглядзець спектакль “Калядны вечар” па яе ж творы пра лёсы састарэлых людзей), Алена Масла, Уладзімір Садоўскі і многія іншыя.

Калі заканчваецца тыдзень роднай мовы і літаратуры, заўсёды адчуваю сум і непазбежна прыходзіць думка: “А чым буду здзіўляць у наступным годзе?” Але надыходзіць люты і ў чаканні тыдня роднай мовы і літаратуры нараджаюцца новыя ідэі, яшчэ больш сучасныя і крэатыўныя. І так хочацца хутчэй ажыццявіць іх, здзівіць і захапіць сваіх вучняў, запаліць у іх маленькіх сэрцах бязмежную любоў да роднага слова!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий