Майстар-клас як эфектыўная форма павышэння прафесійнага майстэрства

- 14:44Стиль работы, Стиль работы. Педсовет

 

Наталля ДАЎКШЫС,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
ДУА «Сярэдняя школа № 14 г. Ліды»,
Гродзенская вобласць

 

 

“У любой навуцы, у любым мастацтве лепшы настаўнік – вопыт”, – казаў Мігель дэ Сервантэс, аўтар легендарнага “Дон Кіхота”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Можна шмат разоў глядзець і слухаць, але варта адзін раз зрабіць гэта рукамі, як усё становіцца проста, ясна і зразумела. Асабліва калі казаць пра навучанне дзяцей.

З года ў год творца па імені Настаўнік вырашае няпростую задачу: як навучыць дзяцей вучыцца. Вечная мэта настаўніка – навучыць дзіця здабываць веды, зрабіць так, каб вучань захацеў наогул іх здабываць, і, вядома ж, каб веды гэтыя былі выкарыстаны ім у далейшым жыцці.

Менавіта таму ў перыяд зімовых канікулаў у сярэдняй школе № 14 Ліды ў дапамогу нам, педагогам, прайшла метадычная панарама “Майстар-клас як эфектыўная форма павышэння прафесійнага майстэрства”. У нашай школе сапраўды ёсць настаўнікі, якія ніколі не стаяць на месцы ў сваім развіцці, педагогі-творцы, у якіх заўсёды ёсць свае ідэі ў справе навучання дзяцей, свае эфектыўныя формы працы.

Пасля адкрыцця метадычнай панарамы намеснікам па вучэбнай рабоце нашай школы Ліліяй Вайтусёнак, якая і была натхняльнікам мерапрыемства, наш калектыў падзяліўся на тры падгрупы і рушыў па кабінетах для прагляду прэзентацыі педагагічнага вопыту праз панараму адкрытых майстар-класаў. Тры педагогі дзяліліся сваімі знаходкамі, прапаноўваючы 25-хвілінны майстар-клас па сваім прадмеце.

Абаяльная жанчына і настаўнік біялогіі Алена Мілейка прапанавала нам вывучыць склад клеткі праз прымяненне прыёмаў тэхналогіі шасцікутнага навучання “інтэрактыўны гексон”, які яна часта прымяняе на ўроках, а таксама ў пазаўрочнай дзейнасці. Прыйшлося ўспомніць школьныя пазнанні ў біялогіі, але дзякуючы цікавай методыцы веды нашыя хутка аднавіліся ў памяці і дазволілі нам падумаць, як мы можам прымяніць гэты прыём пры выкладанні сваіх прадметаў.

Інтэлект-карты як сродак фарміравання сістэмнага мыслення навучэнцаў таксама сталі эфектыўнай навінкай у навучанні хлопчыкаў і дзяўчынак 3 “А” класа, класным кіраўніком якога з’яўляецца майстар сваёй справы Лілія Каспар. Маючы пад рукамі ліст паперы і фламастэры розных колераў, дзеці самастойна знаходзяць галоўнае, шукаюць сувязі паміж аб’ектамі, і ўсё гэта адлюстроўваюць на паперы ў выглядзе слоў, малюнкаў, стрэлак, дужак, геаметрычных фігур. Такі метад можна прымяніць у большасці прадметаў школьнай праграмы.

Таццяна Чырвоная не аднойчы станавілася прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па чарчэнні. Яна з дакладнай, “сухой” навукі змагла стварыць найцікавейшы аб’ект пазнання, растлумачыць, што за лініямі і праекцыямі стаяць жыццёва неабходныя ўменні, якія сапраўды спатрэбяцца сённяшнім вучням у звычайным жыцці.

Мэтай семінара было прадставіць вопыт работы нашых настаўнікаў па стварэнні ўмоў для паспяховага навучання і развіцця творчага патэнцыялу асобы педагогаў, яго самарэалізацыі ва ўсіх відах дзейнасці. І мерапрыемства прайшло ў такой сяброўскай, прыемнай атмасферы, нязмушанай і цёплай, што магу з цвёрдасцю сказаць, што мэта была дасягнутая на 100 %.

Упэўненая, што ў кожнай установе адукацыі ёсць людзі, праца настаўніка для якіх – гэта прызванне, як бы пафасна гэта ні гучала. Яны ўмеюць цягнуць менавіта за патрэбныя нітачкі, знаходзіць водгук у душы навучэнцаў і падыход да ўсіх разам і да кожнага паасобку. Яны – прафесіяналы сваёй справы. І ў іх трэба вучыцца, а ім проста неабходна дзяліцца сваім багатым багажом. Таму такія семінары, накіраваныя на практычнае прымяненне ўбачанага і пачутага – адна з самых эфектыўных формаў для росту ўзроўню прафесійных кампетэнцый педагогаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий