Прымнажаць спрадвечнае, высакароднае: правядзенне тыдня беларускай мовы і літаратуры ў школе

- 19:33Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

 

Дзіна ПОЛЕСАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 42 г.Віцебска”

 

 

Пазакласная работа – важнае звяно ў сістэме адукацыі, бо на ўроках роднай мовы, напрыклад, настаўнік імкнецца выпрацаваць арфаграфічныя, пунктуацыйныя і іншыя навыкі – а ці заўсёды пры гэтым хапае часу, каб закрануць душу кожнага дзіцяці ў класе, развіць творчы патэнцыял? Неабыякавы да працы настаўнік шукае рашэнне азначанай праблемы, у тым ліку пасля ўрокаў.

Каб зрабіць такую работу сістэмнай, рознабаковай, у нашай школе арганізаваны факультатыўныя заняткі па беларускай мове, створаны этнаграфічны куток, дзе праводзяцца экскурсіі, віктарыны, інтэрактыўныя пастаноўкі для навучэнцаў усіх узростаў. Развіццю маўлення дзяцей спрыяе штогадовы выпуск і прэзентацыя тэматычнага літаратурнага альманаха з вучнёўскімі творамі розных жанраў і тэматычнай накіраванасці (“Паклон табе, мой беларускі край”, “У імя мірнага неба”, “Поры года”, “Паэзія! Люблю цябе я моцна ўсёй душой”). Пастаянная ўвага надаецца рабоце з адоранымі і высокаматываванымі школьнікамі – удзельнікамі алімпіяднага руху, юнымі даследчыкамі. Але больш падрабязна хочацца спыніцца на традыцыі правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры, якога нашы навучэнцы чакаюць, як сапраўднага свята. Мэта правядзення тыдня – прывіццё павагі да роднай мовы як духоўнага скарбу свайго народа. Кожны настаўнік плануе работу згодна з патрабаваннямі часу, улічваючы свае магчымасці, магчымасці дзяцей, праводзячы як новыя мерапрыемствы, так і традыцыйныя.

Адкрыццё тыдня – заўсёды нешта яркае і запамінальнае, як прыклад – інтэрактыўнае інсцэніраванае падарожжа “У пошуках Лады…”, якое спрыяе пашырэнню ведаў па этнаграфіі Беларусі, выхаванню пачуцця нацыянальнай годнасці, абуджае цікавасць да мінулага, дапамагае развіццю творчых здольнасцей. Школьнікі праз акцёрскую гульню сваіх равеснікаў, праз інтэрактыўнае ўзаемадзеянне зразумелі, колькі цікавага і нязведанага можна знайсці ў невычэрпных скарбніцах нашай Радзімы. Галоўны герой Явар адваёўваў у духа зімы Зюзі сваю каханую Ладу, вырашаючы розныя нялёгкія задачы, пастаўленыя незвычайнымі істотамі: Дамавіком, Лесуном, Вадзянікам, Кікімарай. Так, дзякуючы чарговаму выпрабаванню Явар даведаўся, для чаго прызначаны розныя гаспадарчыя пабудовы на двары ў Вераб’я-гаспадара:

– клець (свіран) – для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення;

– пограб (склеп)– для захоўвання карняплодаў;

– павець– для захоўвання сельскагаспадарчых прылад, а таксама дроў;

– гумно (ток, клуня, рыга)– для захоўвання і апрацоўкі збажыны, сена, саломы;

– азярод– для сушкі збажыны, сена;

– варыўня– для захоўвання гародніны, садавіны і іншых харчовых прыпасаў;

– лазня– для гігіенічных патрэб;

– пуня (адрына)– для захоўвання сена, саломы.

 

Шмат яшчэ іспытаў было на шляху герояў і гледачоў, якія ім суперажывалі і дапамагалі: удзельнікі адгадвалі загадкі, перакладалі назвы хатніх рэчаў, пераапраналі пярэваратняў у народныя касцюмы, спявалі беларускія песні, падбіралі рускія адпаведнікі да беларускіх прыказак…

Станоўча ўспрынялі ў нашай школе акцыю “Гаворым па-беларуску”. Яе мэта – далучэнне да багатай моўнай спадчыны беларускага народа, пашырэнне іх лексічнага запасу. Хацелася, каб навучэнцы глыбей усвядомілі: яны беларусы, у іх ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям. З самай раніцы праводзілася серыя інтэрв’ю з дзецьмі і настаўнікамі, што стала нагодай усім задумацца пра адносіны да роднай мовы, успомніць любімыя словы. На дзвярах класных пакояў былі прымацаваны аркушы паперы, на якіх запісаны адмысловыя беларускія словы – назвы пабудоў, посуду, ягад, жывёл. Навучэнцы мелі магчымасць даведацца пра лексічнае значэнне і пераклад слоў і атрымаць добрую адзнаку, вывучыўшы іх.

Спадабалася ўсім гульня “Падары слова сябру”. Пры ўваходзе ў школу раздаваліся папяровыя валошкі, на якіх былі напісаны словы (для кожнага розныя). Умовай было самому перакласці слова на рускую мову, а затым перадаць сябру для перакладу. Так валошкі-словы “разышліся” па ўсёй школе ў пошуках новага “сябра”.

На паралелі 5-х класаў праходзіла традыцыйнае мерапрыемства “Падарожжа ў краіну беларускіх казак”, што надоўга запомнілася школьнікам сваёй насычанасцю, цудоўным афармленнем, цікавымі конкурсамі. Дзецям былі прапанаваны папярэднія заданні: у якасці дадатковага чытання азнаёміцца з беларускімі народнымі казкамі, выбраць адну з іх для інсцэніроўкі, падрыхтаваць “казачныя” назвы і дэвізы для сваёй каманды. Удзельнікі ўспаміналі матэрыял па тэорыі літаратуры, пазнавалі казкі па ілюстрацыях, знаходзілі прымяненне казачным рэчам з чароўнага кошыка і нават складалі дасье на казачнага персанажа. Такое мерапрыемства спрыяла развіццю цікавасці да вывучэння беларускай літаратуры, выхаванню лепшых маральных якасцей, паважлівага стаўлення да беларускай фальклорнай спадчыны.

Напэўна, самае карыснае – тое, што школьнікі самі праяўляюць ініцыятыву і пішуць сцэнарыі для прадметнага тыдня. Такім чынам з’явілася інтэрактыўная казка для навучэнцаў 5–6-х класаў, напісаная старшакласнікамі, – “Неверагодныя прыгоды Машы і Дашы”. Галоўныя гераіні трапляюць у казку, стараюцца выратаваць адна адну ад злога Зюзі і становяцца сапраўднымі сяброўкамі.

Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, ён рана ці позна звяртаецца да гісторыі і культуры сваёй нацыі. Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзеды і прадзеды, як і чым частавалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі. Прыадчыніць заслону таямніц этнаграфіі старшакласнікам дапамагае гульня “Этнаграфічны лікбез”, правядзенне якой таксама стала традыцыйным. Дзесяцікласнікі атрымліваюць адказы на многія пытанні, сярод якіх наступныя:

     – З асіны і елкі ніколі не будавалі хату і стараліся іх не садзіць каля хаты. Чаму?

(Менавіта на асіне, паводле падання, павесіўся Іуда, а елка лічылася ў славянскіх народаў энергавампірам).

     – Чаму абразы ў чырвоным куце не вешаюць ушчыльную да сцяны?

(Лічылася, што з моманту смерці і да пахавання душа памерлага “сядзіць у хаце за абразамі”, таму там павінна была быць прастора, каб “душам бацькоў было дзе пасядзець”).

     – Калі ў печы нельга было паліць?

(Калі ў хаце нехта паміраў).

     – Што чалавек павінен быў зрабіць, калі заходзіў у хату, перад тым, як загаварыць з гаспадарамі?

(Перахрысціцца перад абразом у чырвоным куце).

 

Нярэдка ў школу на мерапрыемствы тыдня мы запрашаем пісьменнікаў. На гэты раз сустрэча з Міхасём Канстанцінавічам Мірановічам доўжылася цэлую гадзіну і, думаецца, была карыснай. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя К.Крапівы, гумарыст, сапраўдны патрыёт, знаўца роднага слова, Міхась Канстанцінавіч сумеў закрануць душы і дарослай, і дзіцячай аўдыторыі сваімі гумарыстычнымі вершамі. Алена Іванаўна Гінько, таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, добразычлівы і чуллівы чалавек, паэтэса, якая тонка адчувае мову і па-майстэрску карыстаецца словам, пакарыла слухачоў не толькі сваімі вершамі, але і цудоўнымі артыстычнымі здольнасцямі. Доўгі час нават пасля сустрэчы дзеці не адпускалі пісьменнікаў: задавалі пытанні, бралі аўтографы, выказвалі словы падзякі.

Не пакідаем па-за ўвагай у ходзе тыдня і старонкі мінулага. “Людзі добрыя, помніце…”– так называлася літаратурная імпрэза, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Рыхтуючы яе, настаўнікі імкнуліся дапамагчы навучэнцам усвядоміць, што вайна – гэта гора, бяда, смерць, нястачы, а мір ва ўсім свеце – радасць і шчасце; абудзіць патрыятычныя пачуцці, павагу да тых, хто здабываў для нас Перамогу. Дзеці спявалі песні і чыталі вершы пра Радзіму, пра вайну, успаміналі паэтаў-песеннікаў. Мерапрыемства не пакінула раўнадушнымі ганаровых гасцей – ветэранаў і ўсіх прысутных у зале.

Запамінальнымі атрымліваюцца мерапрыемствы з нагоды юбілеяў пісьменнікаў. Выставы кніг, вечарыны, літаратурныя кампазіцыі, віктарыны, інсцэніроўкі, конкурсы чытальнікаў, інтэрактыўныя гульні, завочныя экскурсіі, турніры – вось асноўныя формы работы, дзякуючы якім школьнікі паўтараюць веды, набытыя падчас вывучэння творчасці пісьменнікаў, знаёмяцца з новымі цікавымі старонкамі іх біяграфій, выразна чытаюць іх творы. Вечарына “Быў. Ёсць.Буду”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, і конкурс інсцэніраванай байкі “І жартам, і ўсур’ёз” да 125-годдзя Кандрата Крапівы надоўга запомняцца навучэнцам 6–8-х класаў.

На экскурсіі ў школьны этнаграфічны куток запрашаюцца не толькі старшакласнікі, але і малодшыя школьнікі. Для іх была падрыхтавана інтэрактыўная казка “Прыгоды Алесіка”, экскурсія “Так жылі нашы продкі”. Навучэнцаў 5–11-х класаў чакалі цікавыя падарожжы “Бліжэй прыгледзімся да хаты”, “Хата з матчынай душой”. Важны напрамак – узбагачэнне ведаў пра традыцыі правядзення народных святаў. Навучэнцы розных узростаў былі ўдзельнікамі пастановак “Заручыны”,“Дажынкі”, “Беларускі кірмаш”, “Вячоркі”.

Каб маладыя настаўнікі і класныя кіраўнікі маглі карыстацца нашымі распрацоўкамі, штогод мы складаем альбом са сцэнарыямі мерапрыемстваў, фотаздымкамі.

…Расказваю пра тыдзень роднай мовы і літаратуры, і ажывае ў памяці крылатае, з юнацкіх год знаёмае і блізкае: “Божа ўсемагутны! Не карай нас бяспамяцтвам і не дай нам забыцца святой мовы нашай беларускай, …а дай сілы і шчырасці з адданай любасцю і пашанаю прымнажаць спрадвечнае, высакароднае, што стварылі для нас нашы продкі”.

Праводзячы кожнае мерапрыемства, спадзяемся, што нашы вучні запомняць трапныя залацінкі-выслоўі роднай мовы, духоўныя запаветы беларускіх песняроў, якія яны пакінулі нашчадкам для таго, каб жыла і квітнела Радзіма, захоўваліся спрадвечныя традыцыі, шанавалася беларуская мова, гучала ў сэрцах роднае слова.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий