Усе мы родам з калыскі: выкарыстанне прадметаў сямейнай спадчыны ў выхаванні дашкольнікаў

- 14:18Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 8 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Зусім нядаўна мы з дзецьмі часова прытулілі ў сваёй групе сямейную драўляную калыску адной нашай выхаванкі. Цікавую гісторыю гэтага старадаўняга вырабу распавёў тата дзяўчынкі – Ігар Вікенцевіч Найдзіч:

“У калысцы выгадавалася некалькі пакаленняў нашай сям’і, існавала нават традыцыя – усе дзеці павінны былі паспаць у гэтым ложачку, каб быць здаровымі. Калыска зроблена з сасны і лазы, матрац быў напоўнены сенам. Зрабіў калыску пад замову сваяк сям’і, майстар-самавучка Зыгмунд Бобек, чалавек з залатымі сэрцам і рукамі. Майстар умеў усё: будаваць хаты, рабіць мэблю, граць на музычных інструментах і нават маляваць карціны. Яго работы ёсць у многіх куточках Беларусі і нават у Польшчы. А яшчэ гэты чалавек з чулай душой вельмі любіў прыроду. Ён пасадзіў вакол сваёй хаты бярозавы гай, якому зараз ужо 60 год, і ўвесь час будаваў і весіў на дрэвы розныя птушыныя домікі: шпакоўні, сінічнікі, кармушкі”.

Каб даступна і зразумела распавясці малым пра калыску, я спецыяльна распрацавала цэлую серыю заняткаў. Падчас іх малыя даведваюцца не толькі пра прызначэнне і ўладкаванне калыскі, розныя якасці драўніны, з якіх рабілі гэтую дзіцячую мэблю, пра старадаўнюю пасцельную бялізну і яе аздабленне, але і практыкуюцца самі сцяліць ложачак, маляваць розныя разьбяныя калыскі, адмыслова змешваючы фарбы пад колер драўніны, захінаюць у пялюшкі лялек-немаўлят, спяваць ім розныя калыханкі, а таксама даведваюцца пра сябраў немаўлят – лялек-мотанак, зернавушак і пра злую ведзьму Стрыгу з беларускіх міфаў, якой страшылі калісьці малых дзяцей.

У змесце заняткаў я выкарыстала шмат фальклорных і музычных твораў, распрацавала назіранні, імітацыйныя практыкаванні і фізкультхвілінкі, рухомыя і карагодныя гульні, практычную работу.

Метадычныя распрацоўкі заняткаў можна выкарыстоўваць як у спецыяльнай арганізаванай дзейнасці, напрыклад, пры фарміраванні ўяўленняў выхаванцаў пра мэблю, дрэвы, беларускія традыцыі, рамёствы, фальклор, так і ў нерэгламентаванай, а таксама падчас дадатковых заняткаў у дзіцячых цэнтрах творчасці, у гуртковай рабоце.

Пабудаваныя такім чынам заняткі будуць не толькі пазнавальнымі, але і мець глыбокі выхаваўчы ўплыў. Бо ўсе мы – родам з калыскі: спачатку з сямейнай драўлянай, а потым з роднай Беларусі. І павінны ведаць, цаніць сваю каранёвую культуру і гісторыю.

Зараз мы шукаем для нашай калыскі добры музей, дзе б ацанілі яе ўнікальнасць і каштоўнасць, захоўвалі і бераглі адпаведным чынам.

Такіх прадметаў сямейнай спадчыны ў нашай групе захоўваецца нямала: тканыя і вышываныя ручнікі, дываны, накідкі і сурвэткі, гліняны і драўляны посуд, вязаныя карункі і г.д.. Акцэнтуючы ўвагу ў першую чаргу бацькоў на каштоўнасці гэтых рэчаў, як унікальнай спадчыне сям’і, іх значэнні ў вывучэнні гісторыі, культуры мястэчка, спосабе ўшанавання імёнаў майстроў, выдатных людзей сваёй вёскі ці горада, я захоўваю не толькі гэтыя рэчы, але і вучу такім адносінам да спадчыны сваіх выхаванцаў. А калі гаспадарам сямейныя рэчы не патрэбныя, то заўсёды знаходжу магчымасць прытуліць іх у сябе.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий