Віртуальны кабінет гісторыі – прастора для пазнання і новых магчымасцей

- 20:15История и обществоведение. Идеи, Методичка

 

Лілія ДЗЯМЕШЧЫК,
настаўнік гісторыі 
ДУА “Гімназія №1 г. Масты”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

У сучасным свеце ў сістэме адукацыі адбыліся кардынальныя змены, звязаныя са знешнімі абставінамі, такімі, напрыклад, як пандэмія. Камп’ютарныя сеткі сталі неад’емнай часткай жыцця сучаснага грамадства, а значыць і адукацыі. У адукацыйным працэсе я стала шырока выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У кабінеце гісторыі гімназіі № 1 Мастоў ёсць сучаснае абсталяванне, у тым ліку і мульціборд, які дапамагае мне выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе віртуальны кабінет. Гэта свайго роду вучэбна-метадычны цэнтр, які забяспечвае больш высокі ўзровень выкладання прадметаў і навуковую арганізацыю працы навучэнцаў і настаўніка. Ён выконвае розныя функцыі: навучальную, інфармацыйную, выхаваўчую.

Як вядома, большую частку інфармацыі чалавек успрымае зрокава, таму дзякуючы візуалізацыі інфармацыі гімназісты лепш запамінаюць вывучаны матэрыял.

Я размяшчаю ў віртуальным кабінеце кантэнт па наступных раздзелах: “Вуснамі педагога”, “Дыдактычныя матэрыялы”, “Метадычная скарбонка”, “Рыхтуемся да ЦТ”, “Даследчая дзейнасць”, “Краязнаўства”. Навучэнцы за ўрок могуць не толькі пазнаёміцца з гістарычнымі падзеямі розных краін, але і праглядзець падкасты, праслухаць аўдыёзапісы, музычныя ўрыўкі і нават пабываць на экскурсіі ў музеях. Падрыхтоўка да такога ўрока становіцца творчым працэсам. А відовішчнасць, яркасць, навізна інфармацыйных тэхналогій на ўроку ў спалучэнні з іншымі метадычнымі прыёмамі робяць вучэбны занятак незвычайным, займальным і запамінальным.

З мэтай арганізацыі на ўроку дыферэнцыраванага навучання, самастойнай работы навучэнцаў і для кантролю ступені сфарміраванасці ў гімназістаў таго ці іншага навыку, выкарыстоўваю раздзел “Дыдактычныя матэрыялы”, дзе размешчаны тэсты па тэмах, карты, навучальныя відэаматэрыялы, гласарый па класах .

Сёння з развіццём камп’ютарных тэхналогій з’яўляюцца ўсе новыя сродкі візуалізацыі навучальнага матэрыялу. У раздзеле “Метадычная скарбонка” віртуальнага кабінета размешчаны распрацаваны мной відэакантэнт па курсе гісторыі: урокі, прэзентацыі ў выглядзе медыяазбукі, гласарый гістарычных імёнаў, мае публікацыі. Гэта дапамагае вырашыць шмат праблем, звязаных з навучаннем дзяцей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі падчас пандэміі або па іншых прычынах не могуць на пэўны час наведваць гімназію. Я магу запісваць падкасты для прадастаўлення дадатковых матэрыялаў, спасылку на якія можна размяшчаць у чатах класа, дзе гімназісты праглядаюць столькі разоў, колькі спатрэбіцца для поўнага засваення матэрыялу. Навучэнцы могуць ствараць уласныя падкасты, каб падзяліцца сваім вопытам вывучэння якой-небудзь тэмы адно з адным. Я назаву найбольш цікавыя праекты маіх вучняў: відэаролікі “Усяслаў Чарадзей”, “Чаму князя Святаполка празвалі Акаянным?”, трэйлер да фільма “Дзейнасць Францыска Скарыны”, на тэму “Вуліца, на якой я жыву”. Найбольш удалыя я таксама размяшчаю ў віртуальным кабінеце для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Такая арганізацыя навучання ва ўмовах пандэміі дазволіла забяспечыць актыўны самастойны пошук гімназістам неабходнай інфармацыі, а таксама абмен набытым вопытам падчас вывучэння тэм па гісторыі.

Каб стварыць абмен набытым у ходзе вывучэння дысцыпліны вопытам паміж навучэнцамі і настаўнікам у раздзеле “Краязнаўства” размешчаны відэаэкскурсіі па малой радзіме: “Яны сталі небам”, “На скрыжаваннях Панёмання” і інш. Акрамя таго, у раздзеле “Даследчая дзейнасць” вучні знаёмяцца з вынікамі пошукавай, праектнай і даследчай дзейнасці гімназістаў, якія дабіліся вынікаў на навукова-практычных канферэнцыях. Гэта натхняе вучняў на новыя дасягненні.

Якія б метадычныя прыёмы і сродкі настаўнік ні ўжываў на ўроках гісторыі і ў пазакласнай рабоце, яны заўсёды павінны выконваць ролю актывізацыі гістарычнага мыслення. Выкарыстанне віртуальнага кабінета дадае ў працэс навучання тыя самыя актыўныя і інтэрактыўныя формы правядзення заняткаў. Кантэнт даступны ў любы час, а значыць, гімназіст заўсёды зможа перагледзець відэа, рашыць тэст і паўтарыць пройдзены матэрыял.

Комплекснае прымяненне навучальнага абсталявання, дыдактычных матэрыялаў, вучэбнай і даведачнай літаратуры, творчых прац дазваляюць найбольш поўна рэалізоўваць у навучальным працэсе адзінства зместу, метадаў і сродкаў навучання. Гэта, у сваю чаргу, спрыяльна адбіваецца на адукацыйным працэсе ў цэлым.

Спасылка на віртуальны кабінет: https://n1kon-demon4.wixsite.com/historyforlg

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий