- Дашкольная адукацыя. Iдэi, Метадычка

Развiццё памяцi ў дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай гульнёвай дзейнасцi

 

Крысціна МАРКЕВIЧ,
педагог-псiхолаг
ДУА “Яслі-сад № 40 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Праблема развiцця памяцi ў дзяцей дашкольнага ўзросту прыцягвае ўвагу шматлiкiх псiхолагаў i педагогаў. З аднаго боку, памяць з’яўляецца функцыяй iнтэгратыўнай, у многiм выяўляючай поспех у фармiраваннi iншых пазнавальных працэсаў, з другога боку, яна можа выступаць як iндыкатар псiхiчнага развiцця дзiцяцi наогул.

У працэсе працы з дзецьмі дашкольнага ўзросту я пераканалася, што матэрыял (прадметы і іх выявы) запамінаецца лепш у гульнёвай дзейнасці. Са слоўнага матэрыялу значна лепш ўтрымліваюцца ў памяці вобразныя апісанні, асабліва, калі яны носяць мастацкі, эмацыйна-выразны характар.

Калі я прашу выхаванца расказаць пра той ці іншы прадмет, ён успамінае які-небудзь канкрэтны выпадак, які ён бачыў. Напрыклад, у чатырохгадовага выхаванца пытаюся: “Ты памятаеш, якая бывае кошка?” Ён адказвае: “Чорны Васька з Жучкай змагаецца”. У адрозненне ад гэтага адказы старэйшых дзяцей носяць больш абагульнены характар. Напрыклад, шасцігадовая Аліна на падобнае пытанне адказвае: “Яны мышэй ловяць, жывуць у дамах, любяць малако”. Тут дзіця грунтуецца ўжо не на ўспаміне пра асобную, канкрэтную кошку, а на вядомым прадстаўленні пра кошак наогул.

Разгледзім яшчэ такі прыклад. Я даю дзіцяці які-небудзь матэрыял (цацкі, кубікі, карцінкі, пірамідку, канструктар), не ставячы перад ім спецыяльнай задачы яго запомніць. Гуляючы з прадметам, вырабляючы з яго пабудовы, яно вельмі добра запамінае. Але калі, даўшы яму такі ж матэрыял, настойліва патрабаваць, каб яно абавязкова яго запомніла, дзіця разгублена сядзіць над ім, нічога не робячы, і, у рэшце рэшт, нічога не запамінае.

У ходзе вывучэння пытання пра асаблівасці развіцця памяці дзяцей 3–5 гадоў, высветліла, што іх памяць носіць пераважна міжвольны характар. А ўжо да 6–7 гадоў структура памяці перажывае істотныя змены, якія звязаны са значным развіццём адвольных формаў запамінання. Таму для працы з дзецьмі на сваіх занятках я выкарыстоўваю дыдактычныя гульні, якія прыдумала і зрабіла самастойна і якія спрыяюць развіццю памяці, адпавядаюць узроставым асаблівасцям: “Разгледзь, запомні, назаві”, “Знайдзі адрозненні”, “Кветачка-вясёлка” і інш.

Для даследавання слыхавай памяці дзяцей выкарыстоўваю дыягностыку “Запамінанне 10 словаў”. Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту выкарыстоўваю наступныя словы: “дом, стол, лес, кот, брат, хлеб, дрэва, восень, мама, дождж”. Колькасць прапанаваных для запамінання слоў залежыць ад узросту дзіцяці. Такую ж дыягностыку я праводжу з дзецьмі 4–5 гадоў. Для гэтага ўзросту выкарыстоўваю 6 слоў: “дом, стол, лес, брат, кот, хлеб”. Набор гэтых слоў паўтараю дзіцяці пяць разоў, пры гэтым фіксую ў табліцы колькасць слоў, якія дзіця запомніла. У норме пасля першага чытання дзіця паўтарае 4 словы. Меншая колькасць слоў можа гаварыць пра нізкую слыхавую памяць. Затым чарчу крывую, па якой бачна дынаміка развіцця слыхавой памяці. Адпаведна раблю высновы, наколькі добра развіты гэты від памяці і пры неабходнасці праводжу дадатковую дыягностыку. Па маіх назіраннях, у дзяцей 4–5 гадоў слыхавая памяць развіта на сярэднім узроўні.

Развіццё зрокавай памяці вызначаю з дапамогай прадметных малюнкаў. Перад дзіцем раскладаю карцінкі з выявай знаёмых геаметрычных фігур і даю інструкцыю без устаноўкі на запамінанне: “Уважліва паглядзі на малюнкі” і прашу дзіцяці знайсці пару для кожнай з іх. Дадзеныя фіксую ў пратаколе. Вынікі псіхолага-педагагічнага абследавання дазваляюць мне вызначыць далейшыя мэты і шляхі працы з дзецьмі, якія не справіліся з заданнем. З гэтай катэгорыяй выхаванцаў я праводжу развіваючыя заняткі.

Развіваючыя заняткі з дзецьмі праводжу па падгрупах, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход, падрабязна вывучыць кожнага выхаванца, яго здольнасці. Працягласць заняткаў складае 15–30 хвілін, у залежнасці ад узросту дзяцей. Усе свае заняткі загадзя планую і праводжу ў форме гульнявых комплексаў. Магчымасці гульнявых заданняў значна павялічваюцца, калі мной выкарыстоўваецца адпаведны стыль педагагічнага ўзаемадзеяння з дзецьмі. Я выкарыстоўваю сумесную гульню, дзе яе ўдзельнікі – дарослы і дзіця – партнёры. Па маіх назіраннях, гэта спрыяе самасцвярджэнню дзіцяці, павышэнню яго самаацэнкі.

Усе нашы заняткі маюць агульную структуру. Заўсёды пачынаю з прывітання. Задача – наладзіць групу на сумесную працу, усталяваць эмацыйны кантакт паміж усімі ўдзельнікамі, зняць псіхаэмацыйнае напружанне. Дзякуючы прывітанню ў дзяцей прыкметна мяняецца настрой, яны становяцца больш адкрытымі, гатовымі да супрацоўніцтва.

Асноўная частка маіх заняткаў накіравана на развіццё памяці з дапамогай гульняў і практыкаванняў. Заўсёды імкнуся падбіраць разнастайныя заданні, гульні, практыкаванні, каб на працягу заняткаў дзецям было цікава, і яны маглі вынесці для сябе нешта карыснае і запамінальнае. Дыдактычныя гульні і практыкаванні, якія я ўключала ў асноўную частку заняткаў, былі накіраваны на развіццё наступных відаў памяці: слыхавай, зрокавай, рухальнай, вярбальнай, асязальнай. У ходзе працы я ажыццяўляла пераход ад неадвольнай да адвольнай памяці: вучыла дзяцей ставіць задачу запамінання, фарміравала дзеянні і аперацыі запамінання.

Рэлаксацыя, якую я выкарыстоўваю, дазваляе навучыць дзяцей навыкам расслаблення, візуалізацыі, мабілізацыі сваіх унутраных сіл. Рэлаксацыя праводзіцца праз расказ, што прыемна як для дзіцяці, так і для мяне.

Апошні этап маіх заняткаў – развітанне. Яго мэтай з’яўляецца стварэнне ў кожнага ўдзельніка пачуцця прыналежнасці да групы і замацаванне станоўчых эмоцый, атрыманых на занятках. Развітанне праходзіць ў выглядзе гульні “Пялёстак настрою”. Гэта гульня мадыфіцыруецца ў залежнасці ад настрою дзяцей. Дзецям прапануецца суаднесці свой настрой з вызначаным колерам.

Працуючы з дзецьмі дашкольнага ўзросту па развіцці памяці з дапамогай гульнявой дзейнасці, я прыйшла да высновы, што на сённяшні дзень праблема развіцця памяці з’яўляецца актуальнай і сацыяльна значнай. Без яе немагчыма звычайнае функцыянаванне асобы і яе развіццё.

Разглядаючы метады і прыёмы развіцця памяці, выявіла, што найбольш эфектыўна выкарыстоўваць гульні і гульнявыя практыкаванні для дзяцей. Дзякуючы такім практыкаванням узрастае аб’ём памяці, пачынае складвацца адвольнае запамінанне: дзеці здольныя прыняць задачу на запамінанне, памятаюць даручэнні дарослых, могуць вывучыць невялікае верш і г.д.

З прыкладным канспектам занятку і гульнямі на развіццё памяці ў дзяцей дашкольнага ўзросту можна пазнаёміцца на сайце ўстановы дашкольнай адукацыі “Яслі-сад № 40 г. Мазыра”: https://sad40mozyr.schools.by/pages/stranichka-pedagoga-psihologa. А калі вас зацікавяць фотаздымкі заняткаў з педагогам-псіхолагам, то пераходзьце па спасылцы https://sad40mozyr.schools.by/photoalbum/778843, ці глядзіце на прасторах сацыяльнай сеткі Instagram (yasli_sad40mozyr).

Такім чынам, мной зроблена выснова, што ўзровень развіцця зрокавай і слыхавай памяці ў дзяцей дашкольнага ўзросту можна павысіць, калі праводзіць працу сістэматычна і паслядоўна, выкарыстоўваючы дыдактычныя гульні і практыкаванні, якія адпавядаюць узроставым асаблівасцям дзяцей.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий