- Наш музей

Юная патрыётка з Магілёва Людміла Цімашэнка

 

Ажыўленай размовай пра вайну і мір, пра выхаванне ў юных грамадзян характару і сілы духа, патрыятызму і гонару за сваю Радзіму, яе гераічнае мінулае прайшоў класны час для вучняў 2-га класа Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была заваявана дарагой цаной. Вучу дзяцей, што не трэба забываць, што разам з дарослымі перамогу здабывалі і юныя патрыёты. Наш урок мужнасці быў прысвечаны юнай патрыётцы з Магілёва Людміле Цімашэнка. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што незадоўга да вайны сям’я Цімашэнка пераехала з Кіева ў Магілёў. Вучылася Люда ў магілёўскай школе і ў пачатку вайны (1941 г.) перайшла ў 8-ы клас. Яна была вельмі здольнай вучаніцай. Як і ў многіх дзяцей, у Люды была мара стаць лётчыцай. А яшчэ яна любіла паэзію, і сама з дзевяці гадоў пісала патрыятычныя вершы. Напярэдні вайны адзін з вершаў бацькі паслалі ў Маскву, і хутка яго прачыталі па ўсесаюзным радыё.

Если фашисты посмеют напасть,
Родину все мы пойдём защищать.
Все как один!
Все как один!

Дзеці даведаліся, што як толькі лінія фронту наблізілася да Магілёва, Люда стала дапамагаць дактарам, насіла раненым воінам ваду, пад дыктоўку чырвонаармейцаў пісала пісьмы іх родным. А калі чырвонаармейцы пачулі новы верш, то наперабой прасілі, каб яна напісала гэты верш у пісьмы іх бацькам. І піянерка пісала. Некаторыя дзяўчынкі з класа гаварылі, што зрабілі б так, як Люда. Вучні прыйшлі да высновы, што нават слова Люды дапамагала ў барацьбе з ворагам.

Люда была ў курсе спраў на фронце і вельмі перажывала, калі пасля працяглых баёў за Магілёў сіл у абаронцаў не было, а боепрыпасы закончыліся. Яна напісала вершаваны зварот-прызыў:

Восстаньте! Хватит вам терпеть
Позор и горечь унижений!
Чем жить, упавши на колени,
Так лучше стоя умереть!

Гэты вершаваны зварот-прызыў Люда расклейвала на сценах дамоў і на плоце каля рынку. Яе вершы перадавалі з вуснаў у вусны. У хуткім часе ў дзяўчынкі з’явілася магчымасць дапамагаць народным мсціўцам. За кароткі час яна стала адной з лепшых разведчыц.

Дзяўчынка перадавала партызанам каштоўныя звесткі. Тут рабяты даведаліся, хто такія разведчыкі. Абмяркоўвалі, ці маглі б яны быць разведчыкамі.

Дзецям было цікава даведацца, як склаўся лёс Люды ў дальнейшым. З нецярпеннем Люда чакала дня вызвалення. Але не дачакалася. Па даносе здрадніка яе арыштавалі. У час вобыску ў Люды знайшлі піянерскі гальштук, схемы варожых часцей гарнізону і папку для нот з вершамі. Ворагі ведалі пра вершы, змест якіх быў накіраваны супраць фашыстаў, і тое, што яна сарвала нямецкі плакат, які заклікаў моладзь добраахвотна ехаць на працу ў Германію.

19 лістапада 1943 года… Гэта апошні дзень у жыцці юнай патрыёткі. Апошні верш заканчваецца сказам: “Слава борцам за народное дело”.

Мары… Яны, як на крылах, нясуць чалавека па жыцці. Лёс распарадзіўся інакш. Усе свае сілы, веды і талент Люда Цімашэнка аддала барацьбе за свабоду, за мірнае неба над галавой, у тым ліку і за наша мірнае жыццё. Вось дзе прыклад мужнасці, гераізму, адданасці сваёй Радзіме, нягледзячы на юны ўзрост!

 

Таццяна ЖЫЗНЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий