Жыў лёсам людзей на балоце. Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа

- 9:59Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

Ён ёсць! 
Ён ёсць! 
Ён з намі, 
Ён жывы, 
Ён нежывым не можа быць ніколі! 

Генадзь Бураўкін

 

Сёння нам цяжка пагадзіцца з тым, што Іван Паўлавіч Мележ памёр, што жыццё выдатнага майстра беларускага празаічнага слова, годнага сына свайго народа (гаворачы словамі Пушкіна – “любімца багоў”) вымяраецца зусім кароценькім адрэзкам часу (1921–1976 гады). Безумоўна, усведамляць гэта крыўдна, балюча і горка: яму было толькі 55 гадоў. Здаецца, жыві, радуйся, кахай! І раптам такі страшны ўдар! Можна толькі гадаць, што змог бы ён напісаць, дажыўшы да нашых дзён?

Не веру!
Не можа быць!
Не веру!
Не хачу!
Адкіну прэч жалобную паперу.
Ні ворагу, ні сябру, ні ўрачу
Ніколі не паверу.
Не паверу!

2021 год юбілейны для нашай краіны: славутаму генію беларускай зямлі споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння. Уявіце сабе – гэта цэлае стагоддзе! Не перабольшу, калі скажу, што ён вечны на гэтай зямлі, як вечны наш народ, як вечныя яго душа і слова.

Я ў чарговы раз запрашаю вас прайсціся сцежкамі Мележа, скажу па праўдзе, зраблю гэта з прыемнасцю і ахвотай, дакрануцца да залацінак і россыпаў яго твораў, адчуць асалоду кожнага гука, кожнага радка.

Іван Мележ – сціплы хлопец з Палесся, калісьці аддаленага, непраходнага мястэчка, забытага Богам і людзьмі. Ён быццам пасланы быў у жыццё, у свет той зямлёй, дзе нарадзіўся, каб расказаць усім, што гэта за край такі паляшуцкі і што за людзі яны, тыя палешукі, тыя беларусы…

Гаворачы пра роднае Палессе, пісьменнік з пяшчотай і любоўю прызнаваўся: “Гэта – мая радзіма. Я тут нарадзіўся, тут непаседлівым хлапчуком шныпарыў у балотных зарасніках, непраходных, як джунглі. Тут дакрануўся да загадкавага і таямнічага свету балот, ён уразіў маё прывіднае дзіцячае ўяўленне.” Хочацца адзначыць, што якраз палеская прырода абуджала, выкалыхвала магутны мележаўскі талент.

Палессе невыпадкова называюць краінай бліскучых жывапісцаў роднага слова. Кожны яе гожы куточак спрыяе ўсходам празаічных парасткаў.

Ні ў якім разе не перабольшу, калі падкрэслю, што менавіта тут нарадзіліся “тры Іваны-волаты” – Іван Паўлавіч Мележ, Іван Пятровіч Шамякін, дарэчы, таксама пісьменнік-юбіляр (100 гадоў з дня нараджэння), Іван Якаўлевіч Навуменка – народныя пісьменнікі Беларусі, яе гонар, сумленне і слава.

Адметнасць гэтых песняроў нават ва ўласных імёнах. Яны засталіся тымі Іванамі, якія заўсёды помнілі свае карані і вытокі, ганарыліся малой радзімай (Усходнім Палессем), шанавалі, паважалі сваіх непасрэдных, адкрытых і шчырых землякоў. Яны пасланы з ласкі Божай нам, беларусам, на стагоддзі, назаўседы, навечна!

Якім жа быў выдатны класік нашай літаратуры? Якой натуры быў гэты творца? Васіль Вітка пісаў: “Маладому Мележу пісалася неймаверна цяжка, але і сталаму і болей вопытнаму – не лягчэй. Калі цяпер прыгадваеш яго нават у самыя, здавалася б, шчаслівыя хвіліны ўсеагульнага прызнання, поспеху, славы, перад вачыма ўзнікае прысутуленая, мажная, праставатая ў сваіх абрысах пастава чалавека з пакутлівым абліччам і з нейкай заўсёды вінаватай усмешкаю. Як быццам ён паціху, даверліва прасіў нас, сваіх чытачоў: прабачце, што, можа, я не ўсё і не так зрабіў, але я аддаў вам, што мог”.

Увесь яго празаічны і жыццёвы талент вывераны моцным патрыятычным пафасам, які жывіўся любоўю і адданасцю да Беларусі. Ён хацеў ісці па літаратурнай дарозе” працаўніком, з добрай, поўнай ношай, са сваім шчырым словам – працаваць стала, сумленна”.

Раннія апавяданні і аповесці “Сустрэча ў шпіталі”, “У завіруху”, “Гарачы жнівень”, зборнікі апавяданняў “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, раман “Мінскі напрамак” вызначылі тыя асноўныя кірункі, шляхі, па якіх Мележ вырастаў у выдатнага пісьменніка. Дамінанты Мележаўскай прозы – гэта вёска і вайна, лёс чалавечы і народны ў суровых выпрабаваннях ХХ стагоддзя.

Пясняр беларускага Палесся разбіраўся ў народных характарах вельмі глыбока, успрымаў народ як адзінства розных індывідуальнасцей. Таму і атрымаўся досыць шырокі і аб’ектыўны скульптурны партрэт людзей, якія выбіралі шлях у будучыню, радаваліся і засмучаліся, смяяліся і плакалі ў пераломны для краіны час. Ён змог выказаць крык душы і боль народа, выкрыць навальніцы ды завеі, што сабраліся над людзьмі, зазірнуць у будучыню.

Не памятаю зараз дакладна, дзе я прачытала цікавую інфармацыю, у якой Мележ адкрыта прызнаваўся, што літаратура – гаспадарка складаная. У кожнага са шматлікіх радоў зброі, якія яна мае, ёсць свае асаблівасці – свая паваротлівасць, свая дальнасць стральбы. Ёсць у літаратуры свая разведка і пяхота, і свая цяжкая артылерыя. За службу ў літаратуры давялося мне пабыць і ў разведцы, і ў пяхоце, і ў артылерыі. Думаю ў бліжэйшыя гады працаваць найбольш у апошнім родзе літаратурных войск – прадаўжаць работу над раманам пра Палессе.

Таму раманы “Палескай хронікі”, паводле параўнання аўтара, – артылерыйскія выстралы-залпы.

Напэўна, цяжка знайсці беларуса, які б не чытаў выдатны твор, альбо не глядзеў мастацкую стужку паводле “Палескай хронікі”. Гэта – вяршыня творчай спадчыны пісьменніка, за якую яму прысуджана Ленінская прэмія.

Чытаеш твор, а на душы – замілаванне. Як пранікнёна напісана! Трэба быць Іванам Мележам, каб так напісаць, каб кожнае слова, кожны гук западаў у душу сённяшніх маладых.

Гэта кніга пра лёс людзей на балоце. Тут ва ўсёй сваёй красе раскрываюцца хараство душы беларусаў, іх вялікі, духоўны чалавечы патэнцыял, іх здольнасць на высокія пачуцці і высакародныя ўзлёты. Яны нясуць у сабе адметнасць нашай псіхалогіі, нашы слабасці і сілу, пошукі, пакуты, радасці і беды, нашу трагічную гісторыю на крутым пераломе, наша жыццё.

Якраз зараз на ўроках беларускай літаратуры ў 10-м класе мы вывучаем “Палескую хроніку” (5 гадзін). Мяне як настаўніка радуе і цешыць тое, з якім энтузіязмам і азартам юнакі і дзяўчаты ўспрымаюць твор. Для таго каб натхніць, заінтрыгаваць падлеткаў незвычайным сюжэтным каркасам, стварыць пэўны эмацыянальны настрой, слухаем мелодыю вальса з кінафільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер”. Затым прашу: “А цяпер заплюшыце вочы, распаліце фантазію. Запрашаю вас на вальс вашых мар, надзей, пачуццяў. Уявіце, што вы танцуеце з каханым чалавекам. Вакол вас радасць, пяшчота, гармонія. Адным словам, вы – шчаслівыя! Танцуйце, і хай каханне ніколі не пакідае вас!”

На занятках старшакласнікі імкнуцца выявіць сваё “Я”, сцвердзіць сябе як асобу. Вядома, у гэтым узросце іх асабліва цікавяць маральна-этычныя праблемы, якія маюць месца ў жыцці маладых людзей. Такія праблемныя пытанні выклікаюць вучняў на дыспут – жаданне паспрачацца. Такім чынам, у працэсе абмеркавання, фарміруецца нацыянальная самасвядомасць, што звязана са здольнасцю бачыць і разумець самабытнае, беларускае. Да таго ж у дзесяцікласнікаў актыўна пачынаюць праяўляцца першыя пачуцці сімпатыі, кахання, таму блізкай, зразумелай робіцца для іх гісторыя кахання іх амаль што аднагодкаў – Васіля і Ганны, любоўны трохвугольнік Васіль – Ганна – Яўхім. Кожны з навучэнцаў па-свойму ставіцца да прачытанага, па-свойму ацэньвае герояў, суперажывае ім, мае ўласны погляд на падзеі.

Прыгадаю найбольш яркія, арыгінальныя вусныя і пісьмовыя выступленні- разважанні дзяцей.

“Васіль Дзяцел – малазямельнік, бязбацькавіч, ён хоча стаць гаспадаром. У яго ёсць жаданне працаваць. Але спачатку няма зямлі. Прага зямлі ператварылася ў хцівасць, у жаданне любымі спосабамі яе займець. Нават цаной здрады каханай, той палескай кветцы, квітнеючай пад акном рабіне – Ганне Чарнушцы. Мне запалі ў памяць словы з унутранага маналогу героя: ”Ганна па душы?! Мала, што па душы! Мала што хочацца! Прайшла пара, калі рабіў, як хацелася! Не хлопец ужэ! Чалавек сталы, як гаспадар! Дык і рабі – як сталы, як гаспадар!..”

Такога Васіля Дзятла – нерашучага ў прыняцці адказных рашэнняў, няздольнага пастаяць за сваё каханне, за права быць шчаслівым – я не прымаю. Замест таго, каб падтрымаць Ганну, ён дапамагае ёй канчаткова зняверыцца ў тым, што ёсць не толькі зямля, дабрабыт, грошы і дастатак, а і нешта больш высокае і каштоўнае: маральна-эстэтычныя каштоўнасці, святыя чалавечыя пачуцці. Як прыняць яго такога? Зрабіць гэта нельга. А таму, яшчэ раз кажу: я такую лінію паводзінаў не прымаю”. (Дзіяна Конан)

З задавальненнем слухалі паведамленне Элеаноры Стрэшка, якое па-сапраўднаму ўразіла сваёй шчырасцю і адкрытасцю: “Мне дарагія погляды хлебароба на зямлю як на жывую істоту, якая аддае, колькі можа тым, хто яе няньчыць і песціць, нібы дзіця, хто шануе і беражэ кожную пясчынку, сагравае сваім цёплым дыханнем кожны каласочак, парастак на раллі. Менавіта такім пяшчотным і добрым гаспадаром быў Васіль Дзяцел. Хіба вінаваты ён у тым, што вырашыў працаваць самастойна? Вядома, не вінаваты. Яго віна – перад Каханнем, любай Ганнай Чарнушкай, якую не змог адстаяць, абараніць, зберагчы. Карацей кажучы, дэвіз яго чалавечага лёсу: “Жыццё – з любові, працы і пакут”. Таму я і спачуваю герою. Спачуваю, бо ён адзінокі”.

“З выключнай любасцю і трапяткой замілаванасцю прасочваецца глыбокая чалавечая драма жанчыны, вясковай прыгажуні Ганны Чарнушкі. Яна горача і безаглядна пакахала аднаго, а мусіла з-за розных прычын звязаць свой лёс з іншым, нялюбым. Гэтым самым пакарала сябе: зведала ўсе пакуты жыцця з нелюбімым чалавекам: прыніжэнне, боль, расчараванне, агіду, нянавісць. Яна была нешчаслівая з Яўхімам. Мне вельмі шкода яе. І ўсё ж-такі я ўпэўнена: ёсць яно на зямлі, каханне! Ёсць!” (Яна Борчанка)

Прыемна здзівіў мяне ліст падзякі празаіку, напісаны творчай групай дзяцей (Яўген Барадулін, Аляксандра Яжохіна, Валерыя Скарына): ”Паважаны Іван Паўлавіч Мележ! Вялікі дзякуй вам за нацыянальнае і агульначалавечае ў кожнай клетачцы, за ваш талент невычэрпны, за тое, што вы па-сапраўднаму паважалі свой народ, і ўмелі ўбачыць, разгледзець у палешуку ці паляшучцы і Андрэя Балконскага і Ганну Карэніну.

Вы навучылі нас, маладое пакаленне, захоўваць духоўны скарб сваёй Радзімы, памнажаць прыгажосць бацькоўскай зямлі, для таго, каб у нашых сэрцах ніколі не сцёрся прывабны куток Бацькаўшчыны, каб імкнуліся занітаваць тое, што яшчэ жыве, цепліцца ў людской памяці, каб мы, спасцігаючы малое, зразумелі вялікае, усвядомілі сябе нашчадкамі багатай культурнай спадчыны”.

Закончу сваё калектыўнае слова пра гарачага патрыёта роднага краю словамі яго зямлячкі Веры Палтаран: “Ён адчуў сябе, як сейбіт сярод недасеянага поля: жахнуўшыся што не дасее, не паспее закончыць работу, ён сабраў усе свае сілы, мацней упяўся нагамі ў зямлю і пайшоў па полі, шырока сеючы зярняткі – думкі высокай чысціні і праўды. І ўпаў сярод поля з поўнаю жменяю зярнят, з поўнаю душою нявыгаваранага, нявыказанага, але тое, што сказаць людзям, напісаць Іван Мележ паспеў, змог, хопіць надоўга. Бо людзям заўсёды будуць патрэбны праўда і шчырасць, любоў да чалавека і мудрасць, клопат аб лёсе народа, чалавецтва”.

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий